КУЗЬМІ́Ч (Аляксей Васілевіч) (н. 1.6.1945, в. Махро Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). У творчасці пераважае вобраз Мадонны, праз які ён увасабляе ідэалы дабра, чысціні і прыгажосці, сімвал жыцця і адраджэння слав. духоўнасці, боль за лёс духоўнай цывілізацыі; серыі «У раі» (1983—84), «Мадонна з паўшым анёлам» (1984—86), «Залатыя Мадонны», «Сярэбраныя Мадонны» (абедзве 1986—96), «Якая зышла з нябёсаў» (1988—96), «Палескія Мадонны» (1995—96), «Ахвярнасць славянскіх Мадоннаў» (1996—98), «Дзяржаўныя мадонны», «Пакуты Русі ў 20 стагоддзі» (абедзве 1997—98) і інш. Тэму трагедыі народу раскрыў у творах «Памяці вязняў Гулага» (1975—89), «Прысвячэнне Чарнобылю» (1988), «Дзецям Чарнобыля» (1990) «Д’яблы над Руссю» (1995). Аўтар партрэтаў бел. акцёраў С.Станюты і Г.Макаравай, У.Гасцюхіна, З.Стомы, М.Яроменкі, кінарэжысёраў М.Пташука, В.Турава і інш.
Літ.:
Аляксей Кузьміч: [Альбом]. Мн., 1995.
А.Кузьміч. Ахвярнасць славянскіх Мадоннаў. 1996—98.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМІ́Ч (Мікалай Пятровіч) (н. 28.11.1950, в. Петрыкі Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1982). Працуе ў ювелірным мастацтве і гарачай эмалі. Асн. творы: дэкар. кампазіцыі «Блакітныя сны», «Купалле», «Слуцкія паясы», «Рэгата», «Свята», «Салют», «Абуджэнне», «Бабіна лета» (усе 1980-я г.), «Мір табе, планета Зямля», «Памяць», «Прастора і час», «Рух» (усе 1990-я г.). Узнавіў Крыж Ефрасінні Полацкай (1993—97). Адзін з аўтараў кн. «Крыж — прыгажосць царквы» (1998). Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМІ́Ч (Іона Савіч) (25.4.1897, г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 26.5.1972),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў час яе акупацыі герм. войскамі ў першую сусв. вайну. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). У 1-ю сусв. вайну (з 1916) на Зах. фронце вёў рэв. работу сярод салдат. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 камісар тэлеграфа ў Стаўцы Вярх. Галоўнакамандуючага (Магілёў). У 1918 адзін з арганізатараў партыз. барацьбы з герм. акупантамі на Палессі, кіраўнік партыз. атрада. З 1919 у Чырв. Арміі, камісар палка, удзельнік вызвалення Беларусі ў 1920 ад польскіх інтэрвентаў, пазней камісар дывізіі. З 1927 на ваен.-гасп. рабоце. У Вял.Айч. вайну на буд-ве ваен. аб’ектаў. У 1947—52 нач.буд-ва Мінскага трактарнага з-да, кіраўнік трэста «Белтрактарабуд». Чл.ЦККП(б)Б у 1949—52.