Арля́к ’гатунак папараці, Pteridium aquilinum’. Рус., укр. орляк. Назвы папараці і ў іншых народаў звязваюцца з паняццем птушак, крылляў: параўн. лацінскую назву, славац. kapraď orličí, чэш. křídlatěnec (Махэк, Jména rostl., 33), таму, магчыма, гэта не пераклад лацінскай назвы, а самастойнае ўтварэнне паводле знешняга выгляду лісця, якое нагадвае крылле птушкі; не выключана таксама калька.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Зрэзваючы, крыху пакараціць, зрабіць раўнейшым. — Вось тут трэба крышку падрэзаць, а ўнізе распусціць, — казала Ганна Лявонаўна, паказваючы на паясніцу [сукенкі]. Корбан.

2. Разрэзаць знізу, з бакоў, не да канца. Выбралі [людзі] тоўстую разгалістую ліпу. Падрэзалі з аднаго боку, перайшлі на другі. Паўлаў.

3. перан. Разм. Пазбавіць сіл, здароўя і пад. Хвароба адрэзала яго.

4. перан. Разм. Сказаць трапнае з’едлівае слова, паставіць каго‑н. у смешнае становішча. Падрэзаць дакладчыка.

5. і чаго. Разм. Нарэзаць дадаткова, яшчэ трохі. Падрэзаць хлеба. Падрэзаць каўбасы.

6. Спец. Зрабіць падрэзку (у 2 знач.).

•••

Падрэзаць крылле (крылы) каму — тое, што і абрэзаць крылле (крылы) каму (гл. абрэзаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́мысел, ‑слу, м.

Тое, што створана фантазіяй, уяўленнем. Казачны вымысел. Аўтарскі вымысел. □ Працуючы з маладымі аўтарамі, трэба ставіць перад імі пытанне фантазіі, мастацкага вымыслу. Чорны. Хочаш узлятаць — мацней апірайся на зямлю. Толькі не дазваляй ёй спутваць крылле вымыслу. Лужанін. // Тое, што супярэчыць рэчаіснасць выдумка; хлусня. Вымысел варожых элементаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіваваро́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑дак; ж.

Пералётная птушка сямейства сіваваронкавых з яркім зеленавата-блакітным апярэннем; сіваграк. Ды і птушкі былі некаторыя — зусім як з-пад экватара, напрыклад, сіваваронка. Калі яна раскрывала сваё крылле ў палёце, здавалася, што ляціць нейкая казачная райская птушка: усе колеры вясёлкі зіхацелі ў яе падкрыллі. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скры́дла ‘крыло’ (Байк. і Некр.; воран., Шатал.), скры́длы мн. л. ‘тс’ (Сцяшк., Інстр. 2), скры́дла, скры́дло, скры́длы, скры́для ‘крыло’, ‘рагач у калаўроце’ (паст., смарг., гродз., шальч., Сл. ПЗБ), скрыдэ́лка памянш. (лаг., КЭС), скры́далкі ‘плаўнікі’ (рас., Шатал.), сюды ж скра́длакрылле’: пявун як замахае сваім скрадлам (Мат. Гом.). З польск. skrzydło ‘крыло’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 83). Ст.-бел. скридло, скрыдло кан. XVI — пач. XVII ст., з ст.-польск. (Булыка, Лекс. запазыч., 204). Гл. крыло.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ты́кацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Мітусіцца, стараючыся пранікнуць куды‑н. Людзі тыкаліся ва ўсе бакі, як сляпыя шчаняты. Асіпенка. // Ударацца, стукацца аб што‑н., упірацца ў што‑н. Калі паляцелі качкі, закрычалі з неба, наша Шэрачка, — так мы яе звалі, — спачатку пачала бегаць па дварышчы, тыкаючыся ў плот, у сцены, а пасля ўзнялася на крылле .. і падалася да чарады. Дубоўка.

ты́кацца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. фам. Звяртацца да каго‑н. на «ты». Месяц назад гэты самы Лёшка не азваўся б, а цяпер глядзі — тыкаецца, як з роўным. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлажы́ць 1, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., каго-што.

Тое, што і раскласці ​1. Разлажыў купец на нізкім ганку Свой пярэсты дробязны тавар. Панчанка. А на хаце, крытай гонтаю старою, Сівы галубочак крылле разлажыў. Гурло. [Цімох:] — А ведаеш што, Юзік, давай разложым агеньчык і пагрэемся. Колас. Калі Антэк паехаў, стараста, правёўшы яго, вярнуўся ў хату, дастаў з шафы вучнёўскі сшытак, вырваў з яго два лісты паперы і разлажыў перад сабой. Зуб.

разлажы́ць 2, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., каго-што.

1. Тое, што і раскласці ​2. Разлажыць на атамы. Разлажыць слова на марфемы.

2. перан. Давесці да поўнага маральнага падзення, упадку; дэзарганізаваць. [Камендант:] — Гэта правакацыя! — Вы сваімі паганымі лістоўкамі разлажылі маіх салдат. Грахоўскі. Падпольшчыкі здолелі разлажыць ваенную часць.., перавялі ў партызаны дзесяткі славакаў. Дзенісевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Адразаючы па краях ці з канцоў, пакараціць, паменшыць што‑н.; падрэзаць. // Аддзяліць, адрэзаць што‑н.; зрэзаць. Абрэзаць на яблыні сухія галіны. □ Не марудзячы ні хвіліны, ён [Маеўскі] абрэзаў стропы і адскочыў убок. Шамякін. // Зняць, зразаючы збоку, па ўсёй паверхні. Абрэзаць гарэлую скарынку ў хлебе. // перан. Паменшыць, скараціць памеры ці колькасць чаго‑н. Абрэзаць паёк. □ У адных абрэзалі зямлю, другім далі. Каваль.

2. Пашкодзіць, параніць чым‑н. вострым. [Жэнька] яшчэ не ўмее жаць, — раз прабавалі: ды палец абрэзала — яшчэ знак ёсць. Крапіва.

3. перан. Разм. Рэзка перапыніць, абарваць чым‑н. гаворку, прымусіць змоўкнуць. — Як з цябе прымак, калі кашуля ў цябе чорная, як у камінара, — абрэзала жартаўніка бойкая Зоя. Грахоўскі.

•••

Абрэзаць (падрэзаць) крылле (крылы) каму — перашкодзіць каму‑н. шырока разгарнуць сваю дзейнасць, выкарыстаць свае здольнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шоўк, ‑у; мн. шаўкі, ‑оў; м.

1. Валакно, якое выпрацоўваюць вусені тутавага шаўкапрада.

2. Ніткі або пража з такога валакна ці са штучнага сінтэтычнага валакна. Шоўк-сырэц. □ Перад аперацыяй Людміла выстаўляла на стол усё, што лічыла неабходным. Калі ішла дадому, для другой змены пакідала на сталах ёд, бінты, навакаін, эфір, шоўк зашываць раны, адным словам, усё, што магло спатрэбіцца на аперацыі. Арабей.

3. Тканіна з такіх нітак, пражы ці са штучнага, сінтэтычнага валакна. На .. [дзяўчыне] была сукенка з квяцістага шоўку. Васілевіч. Багата важаць працадні: Нашый сукенак яркіх, Бяры шаўкі — усе яны — Свае, айчыннай маркі. Лужанін. // Разм. Вопратка, адзенне, вырабы з такой тканіны. Там... У аксаміце, золаце і шоўку Гадавалася, расла Панская дачка Марына. Бядуля. Пані злосна чмыхнула. Шаўкамі Зашумела, выскачыла вон. Бялевіч.

4. перан.; чаго. Пра тое, што сваім бляскам, мяккасцю, гладкасцю і пад. нагадвае такія ніткі або тканіну. Ах, хіба гэта не ўсё роўна, абы толькі ты [сын] быў ля мяне, абы рука мая гладзіла паслухмяны шоўк твае галавы, а вочы мае глядзелі ў твае вочы... Сачанка. Я па лесе іду... Рыжых сосен сям’я Над маёй галавой крылле звесіла. Шоўк травы сытым статкам калгасным прымят, — Пастуху тут раздольна і весела. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сям’я́, і́; мн. се́м’і (з ліч. 2, 3, 4 сям’і́), сяме́й і се́м’яў; ж.

1. Група людзей, якая складаецца з мужа, жонкі, дзяцей і іншых сваякоў, якія жывуць разам. У .. [Міканора] была, па-вясковаму, невялікая сям’я: тры сыны і дачка. Ракітны. За вайну Азаркевіч страціў усю сям’ю. Гурскі.

2. перан.; каго або якая. Група, арганізацыя людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, дзейнасцю, дружбай. З кожным днём расла сям’я будаўнікоў: прыбывалі вялікімі групамі і ў адзіночку хлопцы і дзяўчаты з камсамольскімі пуцёўкамі і з гарачым жаданнем будаваць. Грахоўскі. Гэта быў дзень, калі кожны яшчэ і яшчэ раз адчуў сілу роднага калгаса, адзінства і згуртаванасць дружнай калгаснай сям’і. Краўчанка. Зноў ты будзеш, Беларусь, Квітнець з сям’ёй народаў вольных. Танк.

3. Група жывёл, птушак, якая складаецца з самца, адной або некалькіх самак і дзіцянят, што жывуць разам. І найчасцей сустрэне [Алежка] там ласёў, цэлую іх сям’ю: самца ў гордай кароне рагоў, карову з цялушкай — пасуцца ў драбналессі. Вышынскі. / Пра пчол. Рыгор зазірнуў за імшанік. І тут стаяць два новыя домікі. Не пустыя. Сем’і новыя. Пчол густа-густа. Б. Стральцоў. // Група раслін аднаго віду, якія растуць разам. От .. [малады чалавек] убачыў пры дарозе сям’ю грыбоў. Чорны. Я па лесе іду... Рыжых сосен сям’я Над маёй галавой крылле звесіла. Панчанка. // перан. Сукупнасць аднародных, падобных прадметаў, з’яў. Гара Фазіс. Сівая вершаліна ў сям’і гор Сванетыі. Самуйлёнак.

4. У лінгвістыцы — група роднасных моў. Сям’я славянскіх моў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)