ва́пна, ‑ы, ж.

Рэчыва белага колеру, якое здабываецца з вапняку. Даламітная вапна. □ Сцены будынкаў і платы ад вуліцы пабелены вапнай. Козел.

•••

Гасіць вапну гл. гасіць.

Гашаная вапна — вапна, атрыманая ў выніку спалучэння нягашанай вапны з вадой.

Нягашаная вапна — вапна ў бязводным стане.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак., каго-што.

Узяць, забраць усё, многае або ўсіх, многіх. Пабраць усе рэчы. Пабраць усіх у палон. □ Людзі пабралі сваё дабро ды падаліся ў лес ад вайны хавацца. Якімовіч. [Люба:] Апусцела вёска. Усю моладзь пабралі. Каго на фронт, а каго ў турму. Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кры́жык, ‑а, м.

1. Памянш. да крыж (у 1, 4 знач.); маленькі крыж. Яніна здымае з сябе залаты крыжык. Козел. — А ты хоць які крыжык заслужыў? Грахоўскі.

2. Тое, што і крыж (у 3 знач.). На графіку з’яўляюцца ўсё новыя і новыя лініі, рыскі, крыжыкі, кружочкі, лічбы. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падтапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак., каго-што.

1. Топчучы нагамі, падмяць пад сябе, раздушыць. Коні падтапталі гусей.

2. Разм. Крыху знасіць абутак. Падтаптаць боты.

•••

Падтаптаць пад ногі — падпарадкаваць сваёй волі, сваёй уладзе; перастаць лічыцца з кім‑, чым‑н. [Лявон:] Гэта парка яшчэ сябе пакажа, хутка ўсю вёску падтопча пад ногі. Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазлава́ць, ‑злую, ‑злуеш, ‑злуе; ‑злуём, ‑злуяце; зак.

1. каго. Злаваць каго‑н. некаторы час. Жэнька кіўнуў галавой. — А муж як... добры? — Муж як муж, — Таццяна засмяялася; ёй раптам захацелася пажартаваць, пазлаваць яго. — Добры муж. Лепшы, чым ты... Шамякін.

2. Тое, што і пазлавацца. [Люба:] Родная матка — не мачыха: пазлуе і адпусціцца... Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змярцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Страціць адчувальнасць, стаць мёртвым (пра клеткі, тканкі, часткі цела); здранцвець. [Міхась (устаючы):] А сапраўды, у мяне ўжо змярцвела адна нага. Козел.

2. перан. Стаць нерухомым пад уплывам чаго‑н.; анямець. Змярцвець ад страху. Змярцвець ад нечаканасці. // Апусцець, заціхнуць. І палёў змярцвелі гоні, Снег, бы посцілка, ляжыць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчаня́ і шчанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня сабакі, а таксама ваўчыцы, лісы і пад. Сука шызая ў палацы Радзівіла Прынесла шывых трох шчанят. А. Александровіч. / Разм. груб. Пра дзіця. [Лабыш:] Ты што, сапраўды спадзяешся стаць маім зяцем?.. Лепш я шчанят тваіх гадаваць буду, а дачкі сваёй за цябе, галетніка, не аддам. Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запя́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Саслаць, пасадзіць (у турму, астрог і пад.); запраторыць. — Куды б нас ужо запякалі цяпер, каб злавілі? Штрафною ротай не абышлося б. Брыль. [Максім:] А ты думаеш, я не ведаю, што ты з Ганецкім нашых хлопцаў у турму запякаў. Козел.

запяка́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑ае.

Незак. да запячы ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паса́г, ‑у, м.

Маёмасць, якую давалі бацькі або родзічы маладой, калі тая выходзіла замуж. У таго [Рыгора] дзяцей усяго двое было: сын ды дачка, і ён дачцэ ў пасаг даў дзесяць дзесяцін зямлі. Галавач. Марцін жэніцца на гандляровай дачцэ, бярэ ў пасаг грошы і тут, у горадзе, вялікі дом з лясной крамай. Карпюк. [Міхась:] Але, не ўсе ж на пасаг квапяцца. Вось я таксама з батрачкай жанюся. Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ашука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

1. Наўмысна ўвесці каго‑н. у зман. [Юля] дзяўчат ашукала, што пойдзе да знаёмых. Васілевіч. // Не выканаць абяцання, парушыць дадзенае слова; абысціся несумленна з кім‑н. Стрэў дзяўчыну паніч. Абяцаў ажаніцца на ёй. Ашукаў. Лужанін.

2. перан. Падманваючы, дамагчыся чаго‑н. Не ашукала смерць салдата, Дык насмяяўся люты кат. Глебка.

3. Спакусіць, зачараваць. [Леснічыха:] Каб дзяўчыну ашукаць, магу і такога зелля даць. Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)