перакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак.
1. каго-што. Падкаваць нанава, іначай, яшчэ раз. Перакаваць каню пярэднія ногі.
2. каго. Падкаваць усіх, многіх. Перакаваць усіх коней.
3. што. Перарабіць каваннем у што‑н. іншае. І клопат мой — дапамагчы Зямлі ў вялікай справе: Перакаваць хутчэй мячы На кельмы і аралы. Кляўко.
4. перан.; каго. Змяніць карэнным чынам, перавыхаваць. [З’явілася] думка, што чалавек сам можа выхавацца ў працы. Яна, маўляў, перакуе чалавека. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карава́й, ‑я, м.
Вясельны абрадавы пірог круглай формы. Віншаваць са шчасцем пойдуць [людзі] маладых, Каравай пшанічны панясуць да іх. Кляўко. Адно хіба не хапала таго, каб мы з Ірай сталі пад вянец, а астатняе ўсё было: нават дзялілі каравай. Сабаленка. // Вялікая булка, спечаная для якой‑н. урачыстасці, свята. Ваша свята — наша свята! І выносяць залаты Каравай нам з першай хаты Украінскія браты. Панчанка. На чужы каравай рота не разявай. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ссе́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад ссячы, ссекчы.
2. у знач. прым. Высечаны; адсечаны. Землеўласнікі сталі збіраць свой набытак, адбіралі ад сялян кароў, коней, цягалі іх па судах за ссечаны лес. Колас. І сосен гонкіх спеў суладны Сціхаў у ссечаным галлі. Кляўко.
3. у знач. прым. Пасечаны, з выбоінамі. Яе думай, што забыў лучыну І нізкі ссечаны парог. Бураўкін.
4. у знач. прым. Здробнены секачом. Ссечаныя буракі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ссо́хлы, ‑ая, ‑ае.
1. Які высах, завяў, загінуў ад неспрыяльных умоў (пра расліны). Восеньскі вецер буяніў над шэрымі прасторамі, гнаў і кудлачыў у небе густыя хмары,.. зрываў жоўтае і чырвонае ссохлае лісце. Быкаў. Расліны ссохлыя прамоклі, Павесялела ўсе вакол. Кляўко. // перан. Разм. Схуднелы (пра чалавека). Іліко адразу ўспомніў .. ссохлага хлапца, што ляжаў у садзе. Самуйлёнак.
2. Сасмяглы, шурпаты (пра губы, вусны). Па ссохлых губах бегалі нервовыя дрыжыкі. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарну́шка, ‑і, ДМ ‑шцы, ж.
1. Аднагадовая травяністая расліна сямейства казяльцовых, чорнае насенне якой выкарыстоўваецца як вострая прыправа. Пахнуць градкі кменам і чарнушкай. Кляўко.
2. Разм. Чорнавалосая, смуглая дзяўчынка або жанчына; смуглае дзіця. У мінуты добрага настрою маёр расказваў пра сваё жыццё. Звычайна аб гэтым прасіла яна, а ён не адмаўляў ёй ні ў чым, бо яму, ды хіба яму аднаму, падабалася гэта мілая вясёлая чарнушка. Карамазаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шкарлу́піна, ‑ы, ж.
1. Цвёрдая прыродная абалонка чаго‑н. (яйца, арэха і пад.). Шкарлупіны вавёрка спачатку абнюхвала чорненькай пыскай, а потым грэбліва выкідала з клеткі: навошта яны ёй? Даніленка. / у вобразным ужыв. Сонца — вялікае, жоўтае куранятка — Наклюнула свінцовую шкарлупіну неба. Кляўко.
2. перан. Тое, што абмяжоўвае, замыкае ў якой‑н. вузкай сферы, адасабляе ад асяроддзя, перашкаджае дзейнічаць, развівацца. Пасіўнасць, замкнёнасць .. у сваёй шкарлупіне.. — усё гэта недахопы, ад якіх не ўсе мы пазбаўлены. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
э́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які абазначаецца ў формулах умоўным сімвалам — лацінскай літарай N, n у значэнні: любы, які хочаш, усякі (пра велічыні). Энны член. Энны лік.
2. перан. (звычайна са словамі: «колькасць», «лічба»). Нявызначанай велічыні, колькасці, вялікі, неабмежаваны. І ўсё ж сваёй шчодрай рукой Выдала [восень-бухгалтарка], згодна з патрэбамі, Энную суму для ўцехі людской... Кляўко. Ведаю: прысніцца на зорцы ў бядзе радзімы белы абрус, бярозка з-пад Мінска на эннай вярсце, белая Белая Русь. Стрыгалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напаі́ць, ‑паю, ‑поіш, ‑поіць; зак., каго-што.
1. Даць напіцца, выпіць чаго‑н. Напаіць каня вадой. Напаіць гасцей чаем. □ [Жанчына] вельмі шпарка, вынесла малака, напаіла .. [раненых] і павяла кудысьці ў цемень поля. Чорны. І крынічка напаіла, Хлопцу сілы аднавіла. А. Александровіч.
2. Давесці да стану ап’янення. Напаіць гарэлкай. □ Напаіла яго дзяўчынка віном, пан і заснуў без памяці. Якімовіч.
3. перан. Насыціць, напоўніць чым‑н. Напаіць стэп вадою. □ Дажджы над борам прагулі, Карэнні напаілі. Кляўко. Кволы, але непаўторны, .. [пах бэзу] напаіў паветра. Чарнышэвіч. Прыляцела вясна-чараўніца, Напаіла вадою крыніцы. Журба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наўсця́ж, прысл. і прыназ.
1. прысл. Ва ўсю даўжыню чаго‑н. І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы. Астрэйка.
2. прысл. На ўсёй прасторы, ва ўсіх напрамках; навокал. І ўся зямля наўсцяж — Законны наш спажытак. Колас. А жыта красуе, а жыта красуе, Каб потым наўсцяж палавецы.. Кляўко.
3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «наўсцяж» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на прадмет, уздоўж па лініі якога што‑н. размяшчаецца, рухаецца. Самалёты, як развярнуліся, так і паляцелі наўсцяж дарогі, на захад, на гарадок. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыве́ціць, ‑вечу, ‑веціш, ‑веціць; зак., каго-што.
Уст. Разм. Прыязна, ласкава сустрэць каго‑н., аднесціся да каго‑н. Людзі тут сустрэнуць і прывецяць, Бо не горш, як іншыя, жывуць. Аўрамчык. Бабулька шчыра перажывае, што сама ў гасцях, што не можа прывеціць .. незнаёмага чалавека. Сіпакоў. Я кажу: «Ты даўно на прыкмеце, Мая хата багата і маці прывеціць». Панчанка. // Даць прытулак каму‑н. Не заходзячы ў хату, Ты ведаеш добра наперад, Як цябе тут прывецяць. Кляўко. Цётка Хіма, здаецца, не ведала, дзе пасадзіць Галю з Вадзімкам, што ім даць есці, чым іх прывеціць. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)