надарва́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад надарваць.

2. у знач. прым. Хваравіта рэзкі, хрыплы; у якім чуюцца душэўны боль, пакуты. Надарваны ахрыплы голас крычаў з цемры: «Народ!.. Сюды!» Броўка.

3. у знач. прым. Змучаны; з душэўным надрывам. А конь гэты — інвалід вайны. Надарваны, скалечаны. Шамякін. Кацярына была адна, з хворай душою і надарваным сэрцам. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́панне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. тупаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Кацярына Аляксееўна зачыняе за ім дзверы, каб не чутно было яе тупання, і зноў бярэцца за работу, якой, здаецца, не будзе канца. Палтаран. Тупанне дзесяткаў ног, дзікія вокрыкі чуліся па вуліцы, калі падпольшчыкі праскочылі пад мастом і пачалі прабірацца далей па раўку. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узня́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад узняць.

2. у знач. прым. Які ўзвышаецца, узносіцца ўверх. Высока ўзнятыя вяршыні гор.

3. у знач. прым. Радасна-ўсхваляваны. Хлопцы ішлі вясёлыя, і настрой у іх быў узняты. Колас. Кацярына так узнята Не была яшчэ ў жыцці. Хвалявалася занадта, Не магла ў сябе прыйсці. Броўка. // Узвышаны, урачысты (пра мову, стыль).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засяда́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Сабраўшыся, рашаць якія‑н. пытанні; праводзіць пасяджэнне. Бюро засядае. □ Камісія, на чале з прадстаўніком з Мінска, засядала ў кабінеце дырэктара. Васілевіч. // Удзельнічаць у пасяджэнні. Засядала Кацярына Дэлегаткай у Крамлі. Броўка.

засяда́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да засесці (у 1, 4 знач.).

2. Урачыста сядзець па пачэсным месцы. Марылька дзевачак сабрала. Сабраўшы, у радочак саджала, Сама ўсіх вышэй засядала. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўклю́да, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм.

1. Той (тая), хто мае нязграбную паставу, пазбаўлены зграбнасці, спрыту ў рухах. — Толькі зразумеў — не дагнаць мне.. [партызан]: яны на пары лепшых коней, у мяне — адзін няўклюда, ламавік. Шамякін.

2. Неахайны чалавек, мурза. Жонка Нічыпара Мартыневіча, Кацярына, была такая няўдалая,.. такая няўклюда, што нават сарочка ў яе вісела на цэлую пядзю ніжэй спадніцы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзяржа́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дзяржавы, належыць ёй. Дзяржаўны лад. Дзяржаўны герб. Дзяржаўная мова. Дзяржаўная граніца. Дзяржаўны запаведнік. // Здольны аказаць уплыў на ход справы ў дзяржаве. [Верамейчык] павінен вырашаць задачу дзяржаўнай важнасці — знайсці магчымасць рэзкага ўздыму ўраджаю за адзін год. Дуброўскі. // Звязаны з кіраваннем дзяржавай. Дзяржаўны дзеяч. □ Кацярына .. — сапраўды дзяржаўны чалавек, чалавек шырокіх палітычных гарызонтаў, бязмежна адданы непераможнай справе партыі, справе камунізма. Бярозкін.

•••

Дзяржаўнае права гл. права.

Дзяржаўны крэдыт гл. крэдыт.

Дзяржаўным экзамены гл. экзамен.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чужы́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Разм. Тое, што і чужы (у 1 знач.). Парабчанка Кацярына Жне чужынскае дабро. Броўка.

2. Які мае адносіны да чужынца, належыць яму. Над Паставамі хмарай качаецца дым, ад матораў чужынскіх аж стогне абшар. Дубоўка. Толькі той у баях пераможа, Зломіць люты чужынскі рух, Хто пад націскам зграі варожай Захавае свой цвёрды дух. Глебка. // Такі, як у чужынца; халодны, суровы. — А дзе мая шапка? — спытаў [Панця] сурова і ўстрывожана. — Га? — І апёк бацьку бязлітасным, чужынскім позіркам. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сні́цца, снюся, снішся, сніцца; незак.

Бачыцца ў сне, мроіцца. Пачало цягнуць да мора, снілася яно па начах. Кулакоўскі. [Максім:] — Кароў, кароў! Табе, Кацярына Васільеўна, толькі каровы і сняцца. Шамякін. Ці харошыя сняцца сны, Ці чуваць табе шум лясны? Бураўкін. / у безас. ужыв. Вярзецца — ні то сніцца, ні то думаецца Агею пра тое страшнае, што здарылася з ім у асеннюю раніцу, калі ўсе Мядзеедзічы ўзбуджаны былі пакражаю чацвярых коней. Крапіва.

•••

І (у сне) не снілася — пра тое, чаго нельга было ўявіць, прадбачыць. Вось.. [Аленка] што зробіць: яна возьме сваю кнігу, а такая кніга.. [Сцёпку] і не снілася, і пойдзе сабе пад магазін чытаць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пары́ў, ‑рыву, м.

1. Раптоўнае і рэзкае ўзмацненне (ветру). Бура налятала парывамі, як дзікі звер, які вырваўся на волю з жалезнае клеткі, усім цяжарам налягала на стрэхі будынін, з шумам ганяючы па іх патокі снегу. Колас. Сонца пякло моцна і парывамі ўзнімаўся вецер і гнаў па шашы пыл. Чорны.

2. перан. Уздым духоўных сіл, энергіі, імкненне да чаго‑н., да ажыццяўлення якіх‑н. мэт. Працоўны парыў. □ Было прыемна, што расце такая здаровая, жыццярадасная моладзь з высакароднымі парывамі да працы. Дуброўскі. «Я хачу на волю!» Гэта было тады яе [Ганны] гімнам, крыкам душы, бяссільным парывам. Няхай. // чаго. Моцнае, нечаканае праяўленне якога‑н. пачуцця (радасці, злосці, захаплення і пад.). Іншым разам Кацярына кінулася б .. [Паходню] насустрач, акрыяла душою, а цяпер чамусьці ў яе не было ніякай радасці, ніякага парыву пачуццяў. Ваданосаў. Праца — багатае слова, Гэта парывы натхнення, Гэта дзень заўтрашні, новы, Светлых агнёў зіхаценні. Тарас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запе́рці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праце; пр. запёр, ‑перла і ‑пёрла; зак., каго-што.

1. Зачыніць (дзверы) на замок, засаўку і пад. Зося зачыніла дзверы, запёрла іх на закрутку і вярнулася ў хату. Гартны.

2. Змясціўшы каго‑, што‑н. куды‑н., зачыніць на замок, засаўку і пад. — Прывялі гэта нас да павятовага камісара, заперлі ў нейкі халодны склеп, у пустую адрыну. Колас. // перан. Закрыць выхад; заблакіраваць, ізаляваць. Вядзьмарка, за нешта помсцячы лапарам, хацела заперці іх у Польскай губе. М. Стральцоў. // перан. Разм. У шашачнай гульні — паставіць шашку ў становішча, з якога няможна рабіць хадоў.

3. Разм. Хутка даставіць, даімчаць куды‑н. За трыццаць капеек на нашы грошы, на сваіх харчах, кулі запрэ на сваім карку трохпудовы клунак за трыццаць кіламетраў ды яшчэ падзякуе. Маўр. // Усунуць, упакаваць куды‑н., у што‑н. Караблік жа не шлюпка, яго ў кантэйнер не запрэш. Быкаў. // перан. Саслаць, загнаць куды‑н. далёка. [Радзішчаў] так моцна пісаў, што мяне зацікавіла. Мусіць, добрую жменю солі панам падсыпаў .., што заварушыліся яны, як уюны, а Кацярына ажно ў Сібір заперла яго. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)