натапы́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падняцца тарчма, наставіцца (пра поўсць, шчацінне, пер’е і пад.). Аўчарка загыр[к]ала, поўсць на хібе натапырылася, заварушылася. Шахавец. Агнёў маўчаў.. Густыя бровы яшчэ больш натапырыліся, вусны моцна сціснуліся, а вочы патухлі. Асіпенка. // Падняць тарчма на сабе поўсць, пер’е і пад., рыхтуючыся да абароны ці нападу. Дзеці кінуліся за ім, паспрабавалі маніць яго.. [з-пад століка], але кацянё натапырылася, зафыркала і выйсці не жадала. Васілевіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Уздуцца, прыўзняцца. Плашч натапырыўся. □ На грудзях прасціна натапырылася — там былі.. рукі [мужа]. Васілёнак.
3. перан. Надзьмуцца, прыняць ваяўнічы выгляд; ускіпець, раззлавацца. [Ходас:] — Ты працаваць сюды прыйшоў ці забаўляцца? — А што? — адразу натапырыўся Славік. Шамякін. Старога як апяклі яго словы. Ён натапырыўся, пеўнем падскочыў да танкіста. Беразняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разлічы́цца, ‑лічуся, ‑лічышся, ‑лічыцца; зак.
1. Цалкам расплаціцца з кім‑н. (за работу, за тавар і пад.). Разлічыцца з афіцыянтам. □ [Заранік], устаўшы з-за стала, падзякаваў і памкнуўся быў разлічыцца за начлег, але цётка Марта так энергічна накінулася на яго, што ён выхапіў, нібы апараную, руку з кішэні, куды палез па грошы. Хадкевіч. // перан. Адпомсціць каму‑н. за што‑н.; звесці рахункі з кім‑н. Калі здаралася, што хто-небудзь крыўдзіў Толіка, ці яго кацянё, Алёша, як віхор, налятаў на віноўніка, гатовы з ім сурова разлічыцца. Васілевіч. // перан. Адмовіцца, вызваліцца ад чаго‑н. Разлічыцца з ілюзіямі.
2. Разм. Звольніцца, узяць разлік. Разлічыцца на рабоце. □ — Вунь, стрыечны брат твайго мужа, бадай, як і ты, гадоў дзесяць пражыў у Мінску, а цяпер разлічыўся на заводзе і з усёй сям’ёй прыехаў сюды. М. Ткачоў.
3. Зрабіць разлік у страі. Капітан Ігнатаў загадаў разлічыцца па парадку. Алешка. — На першы-другі разлічыцца!.. Здвоіць рады! Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
це́рціся, труся, трэшся, трэцца; тромся, трацеся; пр. цёрся, церлася; заг. трыся; незак.
1. Церці сябе, сваё цела чым‑н.; націрацца. Церціся мачалкай.
2. Хістаючыся, дакранацца да паверхні іншага прадмета. Аб сцяну крайняй хаты церліся галіны сосен і елак. Пестрак. Чаўны церліся аб сцёблы чароту. Няхай. // Дакранацца чым‑н. да чаго‑н., выказваючы якія‑н. пачуцці (ласку, радасць, вернасць і пад.). Дзяўчына ўсё гарнулася да .. [Іванавых] грудзей і сваёй гарачай аксамітнай шчакой церлася аб яго рассечанае асколкам плячо. Быкаў. З-за пліты паказалася кацянё. Падняўшы старчком хвост і пазіраючы ўверх на Валю, яно замяўкала, нечага просячы, і пачало церціся аб Валіну нагу. Карпаў.
3. Разм. Быць, знаходзіцца каля каго‑н., дзе‑н. (звычайна з карысцю для сябе). Дзякуй Максіму з Андрэем, каля іх труся, розуму набіраюся. Машара. Вуды надоечы там жа, на Сожы, пааддаваў суседнім хлапчуком, якія апошнімі днямі, ведаючы пра мой ад’езд, настойліва церліся ля мяне і маіх вуд. Карамазаў. Тое, што цяпер Халахцей па некалькі разоў на дні ўзыходзіў на высокі ганак школы, цёрся ў асяроддзі настаўнікаў, распісваўся ў школьных ведамасцях, давала яму падставу лічыць сябе прадстаўніком вясковай інтэлігенцыі. Ракітны.
•••
Церці дні — марна траціць час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)