разрабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.

1. Апрацаваўшы, падрыхтаваць для выкарыстання, зрабіць прыгодным на што‑н., для чаго‑н. Прыйшлі на карчы, на імшары, колькі поту, пакуты разам паклалі, пакуль разрабілі. Скрыган.

2. Расшырыць шляхам апрацоўкі. Разрабіць дзірку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закарэ́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які засох, зацвярдзеў, ператварыўся ў корку. Закарэлая гразь. □ Там, дзе ногі былі прабіты і абадраны аб .. карчы, .. тырчэлі гузы закарэлай крыві. Чорны.

2. Пакрыты засохлай граззю, кроўю і пад.; карэлы, брудны. Закарэлыя анучы. Закарэлы бінт. □ [Даніла] падаў Язэпу закарэлую чорную руку. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрут, ‑а, М спруце, м.

Марская жывёла класа галаваногіх малюскаў з мешкападобным целам і васьмю шчупальцамі; васьміног. Тут жа чарнелі карчы-вываратні з фантастычнымі карэннямі, падобныя да страшных спрутаў. Бядуля. / у перан. ужыв. На Захад, таварыш! На логава спрутаў! Фашысцкая пала мяжа. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

корч, карча, м.

1. Пень, вывернуты з зямлі з карэннем. Дзе-нідзе тырчэлі вялізныя карчы-вываратні, падобныя да невядомых звяроў. Бядуля. // Паліва, нарыхтаванае з такіх пнёў. У падпаветцы не было парадку, валяліся карчы, якіх жаночыя рукі не маглі рассекчы. Гурскі. Ярка на камінку Смольны корч палае. Колас.

2. Абл. Куст бульбы, цыбулі, вывернуты з зямлі. А бульбоўнік сплёўся густа, Што ні корч — то бульбы кош. Бялевіч. Каля лямпы стаяла на сподку соль і ляжаў недаедзены корч цыбулі. Чорны.

3. у знач. прысл. карчо́м. Скурчыўшыся, сагнуўшыся. Цела Сашкі было скурчана. Смерць і мароз скруцілі яго ногі і рукі так моцна, што давялося пахаваць яго карчом. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкуры́ць, ‑куру, ‑курыш, ‑курыць; зак., што і без дап.

Запаліць папяросу ад чаго‑н. (запалкі, іншай папяросы і пад.). Дрыжачымі ад хвалявання рукамі.. [паручнік] запаліў запалку і прыкурыў даўно патухлую цыгару. Якімовіч. Усклаўшы карчы на агонь, Высейка прыкурыў ад галавешкі і доўга маўчаў. Бялевіч. — Прабачце, пане, дазвольце прыкурыць. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павываро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Вывернуць усё, многае. Павыварочваць кавалачкі. Павыварочваць кішэні. Павыварочваць карчы. □ Ад імшарын, крыху правей, пачынаўся буралом: вецер, быццам жартуючы, павыварочваў тут дрэвы з карэннем. Даніленка. Рабочыя стаялі ўсе на тратуары, і Валодзя Кастрыцкі бачыў, як некалькі чалавек на месцы будоўлі павыварочвалі з скрынь замешаную гліну. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́бмацкам, прысл.

Пры дапамозе дотыку, абмацваючы. Ісці вобмацкам каля сцяны. □ Аксіння вобмацкам знайшла дзверы гумна, асцярожна адчыніла іх. Лынькоў. // Усляпую, наўздагад. Лясніцкі зварочвае і ідзе амаль што вобмацкам, натыкаецца на дрэвы, спатыкаецца на нейкія карчы. Зарэцкі. З гасцінца паехалі ўніз.. больш вобмацкам ды наўздагад, бо не відаць было нават конскіх вушэй. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пужлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які лёгка і скора пужаецца; палахлівы. Дзядзькаў дом глынуў тады яго [Язэпа], маленькага, пужлівага. Бядуля. Дзяўчаткі пужлівыя, хлопцы нязграбныя, І хмель веснавы на гарачых губах! Панчанка. // У якім выражаецца страх, спалох. [Ліда] памятала толькі.. [Паўлаў] пужлівы шэпт, баязлівы позірк і мітуслівыя рухі. Васілевіч. // Уласцівы таму, хто пужаецца, палохаецца. Хлопчык слухаў у здзіўлены, Вочы кідаў на карчы, а ў пужлівым уяўленні Ўсталі чэрці-рагачы. Колас.

•••

Не з пужлівага дзесятка гл. дзесятак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Штучны або радзімы знак, які адрознівае прадметы або істоты ад іншых падобных прадметаў, істот. [Ляснік] спыніўся каля тоўстай лістоўніцы, паглядзеў нумар. — Вось гэтую будзеце спілоўваць, рабіце метку. Пальчэўскі. На месячным графіку крывая ўпарта не хацела паўзці за трывожную сінюю метку пяцідзесяці працэнтаў. Шыцік.

2. След, які астаўся пасля чаго‑н. У падпаветцы не было парадку, валяліся карчы, якіх жаночыя рукі не маглі рассекчы, на іх было шмат метак ад сякеры. Гурскі.

3. Дзеянне паводле знач. дзеясл. меціць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымасці́цца, ‑машчуся, ‑мосцішся, ‑мосціцца; зак.

Разм. Размясціцца, уладкавацца дзе‑н. (звычайна ў нязручным месцы). Дзве маладзейшыя выхавальніцы .. прымасціліся на адной табурэтцы ля цёплай грубкі і таксама аб нечым гаварылі, час ад часу паглядаючы на дырэктара. Нядзведскі. Побач з .. [Якубовічам] сядзелі Паходня і Зося Валынец, а далей каля агню прымасціліся — хто на карчы, хто на падасланым сене — Кузёмка Дзерах, чарнавусы Марцін. Хадкевіч. Госці ўжо сядзелі за сталом.. [Вара] прымасцілася на самым разу. Дуброўскі. / у вобразным ужыв. Па суседству з дубам, між кустоў чаромхі, прымасцілася сасонка. Пальчэўскі. Ля вежы прымасцілася невялічкая драўляная будыніна. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)