інфарма́цыя, ‑і, ж.

1. Тое, што і інфармаванне.

2. Паведамленне аб становішчы спраў у якой‑н. галіне, аб чыёй‑н. дзейнасці і пад.; звесткі аб чым‑н. Атрымаць інфармацыю. Бюро тэхнічнай інфармацыі. Палітычная інфармацыя. □ Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супроць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Колас. Неўзабаве Юзік меў ад Аннушкі і Каліны поўную інфармацыю аб камендатуры. Няхай. // Артыкул, нататка інфармацыйнага характару. Апублікаваць інфармацыю з месц. □ Васіль Сымонавіч прачытаў інфармацыю «З залы суда», пацікавіўся прагнозам надвор’я. Арабей.

3. Сукупнасць якіх‑н. звестак, ведаў. Паток інфармацыі.

4. Звесткі, сігналы аб навакольным свеце, якія ўспрымаюць арганізмы ў працэсе жыццядзейнасці. Інфармацыя праз органы пачуццяў перадаецца ў мозг.

5. Звесткі, якія з’яўляюцца аб’ектам захоўвання, перадачы і перапрацоўкі. [Назвы паселішчаў] з далёкага мінулага нясуць нам інфармацыю пра нашых продкаў, пра ўклад народнага жыцця. «Маладосць».

6. Сукупнасць колькасных даных, выражаных пры дапамозе лічбаў, крывых або графіка, якая выкарыстоўваецца ў зборы і апрацоўцы якіх‑н. звестак. Даныя тэлеметрычнай інфармацыі. З борта штучнага спадарожніка Зямлі наступае навукова-тэхнічная інфармацыя.

7. У біялогіі — сукупнасць хімічна закадзіраваных сігналаў, якія перадаюцца ад аднаго жывога аб’екта другому (ад бацькоў патомкам) або ад адных клетак, тканак, органаў другім у працэсе развіцця арганізма.

•••

Тэорыя інфармацыі гл. тэорыя.

[Ад лац. informatio — растлумачванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падбі́ць, падаб’ю, падаб’еш, падаб’е; падаб’ём, падаб’яце; заг. падбі; зак., каго-што.

1. Прыбіць што‑н. да чаго‑н. знізу. Падбіць планку да дзвярэй. // Падрамантаваць, прыбіваючы што‑н. знізу. [Антон] добра трымаў у руках сякеру, мог пашыць кажух, зваляць валёнкі, падбіць у ботах падэшву. Ракітны. — Падбіў бы хлопцу боты, а то зусім скрывіць ногі, — не раз гаварыла бацьку маці. «ЛіМ».

2. Разм. Прышыць знізу, спадыспаду ў якасці падкладкі. Падбіць паліто футрам.

3. Убіць, забіць глыбей. Падбіць цвікі.

4. і чаго. Разм. Падсунуць, падапхнуць што‑н. пад што‑н. Падбіць пад бок сена.

5. Лёгкімі ўдарамі зрабіць мякчэйшым, узбіць. Спрытна [маці] сарвала пакрывала з падушак, капу, падбіла падушкі і адгарнула коўдру. Карпаў. // Падняць уверх, узбіць (аб валасах, барадзе і пад.). Усміхнуўшыся, .. [Федзя] падбіў рукою свой чорны чуб і падняўся на ногі. Ваданосаў. Поп кашлянуў раз-другі, пальцамі падбіў уверх вусы, якія закрывалі яму рот, і, разгарнуўшы кніжку, пачаў чытаць нараспеў. Якімовіч.

6. Ударам пашкодзіць, параніць. Падбіць вока. Падбіць губу. // Ударам, штуршком паваліць, збіць з ног, прымусіць упасці. Машына падбіла чалавека. // Стрэлам, выбухам пашкодзіць, параніць. Падбіць танк. Падбіць зайца. □ Міхась з Тышкевічам не зводзілі вачэй са свайго самалёта, сачылі за ім, затаіўшы дыханне. Уцякай, хутчэй уцякай! Ну, яшчэ аднаго падбі!.. Асіпенка. // Натрудзіць ногі ад доўгай хады. [Волька] за дарогу натамілася, падбіла ногі. Мележ.

7. Разм. Падгаварыць, схіліць на што‑н. Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супроць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Колас.

8. Падсумаваць, падвесці вынікі. Падбіць баланс. □ Падбілі калонкі, праверылі наперакрыж — зарплата сышлася адразу як мае быць. Скрыган.

•••

Падбіць бабкі (канцы) — закончыць, завяршыць якую‑н. работу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ашуканства, ашуканне, ашука, падман, зман, махлярства, лганства, абдурванне, круцельства, крутня, круцяльня, жульніцтва, шальмоўства, хітрасць, хітрыкі, машэнства, падлог, падкоп, падробка, найгрыш, падступства, падвох, прытворства, крывадушша, паказуха, маскіроўка, маскарад, манеўр, правакацыя, фальш, фальшыўка, фальсіфікацыя, фікцыя, афёра, авантура, камбінацыя, камбінатарства, махінацыя, шарлатанства, шулерства, фокус, трук, дэмагогія; ліпа (разм.) □ адвод вачэй, нячыстая справа, цёмны ход

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)