каке́тлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны да какецтва; які імкнецца спадабацца, какетнічае. Какетлівая дзяўчына. // Уласцівы какетцы; разлічаны на тое, каб падабацца, звярнуць на сябе ўвагу. Какетлівы позірк. □ [Жанчына] зірнула ў люстра, што стаяла ля сцяны насупроць, паправіла какетлівым рухам капялюш. Мурашка.
2. Які мае прыгожы, прывабны выгляд. Какетлівае ўбранне. □ Карычневы шалік з нейкай какетлівай вясёлкай на махрыстых капцах атуляў яе твар. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
субясе́днік, ‑а, м.
Той, хто бяседуе, вядзе гутарку з кім‑н. Кузьма быў надзвычай прыемным субяседнікам, умеў добра расказваць і шчыра смяяцца. Хведаровіч. А мо яго, Антона, таму і цягне ў Вуглы, што там перад ім заўжды ёсць смелы і шчыры субяседнік, якому няма чаго таіць ад яго... Савіцкі. [Анэля] ўмела супакоіць і суцешыць. Ад маці была ў яе жаноцкасць і асаблівая мяккасць. І яшчэ было ў ёй тое добрае какецтва, якое так умее ўзвысіць субяседніка ва ўласных вачах. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
убо́ства, ‑а, н.
1. Уласцівасць і стан убогага. Убоства жыцця. Убоства душы. Разумовае ўбоства. □ З агідай бічаваў паэт духоўнае ўбоства ў вершах «Званковы валет». Лойка. Дзяцінства і юнацтва Змітрака Бядулі прайшлі ў вясковай глушы, і на яго светапоглядзе, на яго духоўным развіцці як чалавека і паэта адчуваўся ўплыў як перадавых тэндэнцый часу, так і ўбоства правінцыяльнай рэчаіснасці. Каваленка.
2. Крайняя беднасць, галеча, жабрацтва. Давесці да ўбоства. // Непрыглядны выгляд; непрыгожасць. Зрэшты,.. [дзяўчына] была худая, плоская, недарэчна высокая, непрыгожая з твару, і какецтва яе, нягледзячы на вопыт і тэхніку, толькі падкрэслівала ўбоства. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няві́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Маральна чысты, бязгрэшны. Нявіннае дзіця. □ Калі Алесь узняў галаву і ўбачыў.. [сястрын] прыгожы нявінны тварык, які не кранулі яшчэ ні бяда, ні гора, ні клопаты і турботы, жыцця, у самога яго твар пакрысе пачаў праясняцца. Чарнышэвіч.
2. Наіўны, прастадушны. Прыкінуўся хлопчык Нявінным такім, Як быццам бабулькі Не бачыць зусім. Гілевіч. Сумныя яго [Антуся] вочы глядзелі на ўсё гэта яшчэ ўсё з нявінным непаразуменнем. Чорны.
3. Бяскрыўдны, бясшкодны. Нявіннае жаночае какецтва.
4. Цнатлівы. Перад уяўленнем паўстала яна — нявеста — у падвянечным плацці з вэлюмам, чыстая, харошая, нявінная. Карпаў.
5. Тое, што і невінаваты. [Лабановіч:] — Праўда, Лапаткевічу і Гуліку баяцца няма чаго, бо яны нявінныя: іх подпісы не стаяць пад пратаколам. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)