Начні́ца1 ’начная птушка’ (Яруш.), ’казадой’ (Інстр. 2), ’ляляк звычайны’ (Веснік БДУ, 1981, 1), ’пішчуха’ (столін., там жа), ’сава’ (віц., Зап. Сев.-зап. отд. РГО, 1910, 1), укр. ночни́ця ’кажан; казачная сляпая птушка, якую водзіць малая птушка: у летнюю ноч яна жаласна крычыць’, рус. ночни́цаказадой’. Да начны́ ’які вядзе начны спосаб жыцця’, параўн. Антропаў, Веснік БДУ, 1981, 1, 26 (выказваюцца сумненні адносна пішчухі, паколькі яна дзённая птушка), хутчэй за ўсё ўтворана ў выніку семантычнай кандэнсацыі спалучэнняў тыпу начная птушка, начная мыш і пад.

Начні́ца2 ’начны матылёк, цьма’ (Пятк. 2), польск. nocnica ’тс’, славац. nočnica ’тс’, серб.-харв. ноћница ’тс’. Да начны́ ’які лятае ноччу’; паводле народных уяўленняў, можа ўвасабляць нячыстую сілу (гл. начні́ца3), параўн.: Preklatyje nacznicy (ćmy) letajuć (Пятк., 2, 169).

Начні́ца3, часцей начні́цы ’злыя духі, якія ў начны час турбуюць дзіця’ (Сл. ПЗБ), ’злыя начныя істоты’ (Федар. 1), ’начныя здані’ (Ян.), ’выдуманыя, фантастычныя істоты, начныя ведзьмы’ (Сцяшк.), ’маленькія і злыя духі ночы’ (барыс., Шн. 3), ’дзіцячая хвароба’ (Касп.), ночны́ця ’нячыстая сіла, якая ноччу знішчае птушанят у гнёздах і яйкі, калі сказаць пра іх месцазнаходжанне пасля захаду сонца’ (Клім.), ночні́ца ’бяссонніца’ (ТС), укр. ночни́ця, нічни́ця ’бяссонніца; адзін са злых духаў (паводле вераванняў гуцулаў)’, рус. ночни́ца ’бяссонніца; дзіцячая хвароба, крыксы’, польск. nocnica ’начны дух, мара; начны прывід’, nocnice ’дэманы, што мучаць спячых дзяцей’, славац. nočnica, noclica ’мара; міфічная істота, што душыць у сне’, серб.-харв. но̀ћница ’здань, прывід; мара’. Да начны́ ’які з’яўляецца ноччу’, параўн. субстантываваныя назвы: ночны́ ’начны дэман’ (ТС), рус. ночна́я ’персаніфікацыя начной бяссонніцы ў дзяцей’ (параўн.: Из‑под кровати как бы женщина поднялась и в дверь ушла. Это, говорит, ночная ушла. Ребенок сразу спать стал, гл. Черепанова, Мифол. лексика рус. Севера. Л., 1983, 37), балг. дыял. но́шно ’здань, мара’ і пад.

Начні́ца4 ’паўночнік, Jasione montana L.’ (віц., Кіс.), ношні́ца ’тс’ (Жд. 2), ночны́ця ’кветкі, якія распускаюцца ноччу’ (Клім.), польск. nocnica ’дэкаратыўная расліна, Nyctago gortensis’, славен. nočnica ’начная фіялка’. Гл. начні́к1, параўн. рус. ночна́я цари́ца ’Matthiola annua L.’ Пра народнаэтымалагічную сувязь назвы расліны, якая можа служыць асновай яе магчымай функцыі, і начніца3 ’бяссонніца’ сведчыць наступны кантэкст: «Дзяцей, якія ноччу ні сьпяць, купаюць у нашіцах» (Жд. 2, 107).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слука́ ‘слонка’ (Байк. і Некр., Пятк. 2, ПСл), ‘казадой’ (саліг., Нар. словатв.), слук ‘чырвоны лясны кулік, вальдшнэп, Scolopax rusticola L.’ (Меер Крыч.), слука́, слуква́, слухва́ ‘тс’ (усх.-палес., стол., Нікан.), случа ‘тс’ (Інстр. 2). Укр. слу́ква ‘тс’, рус. дыял. слу́ка́, польск. słonka, дыял. słęka, ст.-польск. ‘бакас’, н- луж. sluka, чэш. sluka, дыял. slúka, славац. sluka, серб.-харв. слу̏ка, шљу̏ка, славен. slọ́ka ‘тс’. Праслав. *slǫka. Роднасныя літ. slanká ‘кулік’, лат. slùoka ‘слонка’, ст.-прус. slanke ‘вялікі кулік’ (Траўтман, 268; Мюленбах-Эндзелін, 3, 944). Далей па розных матывах дапускаюць роднасць з літ. sliñkti ‘красціся, прабірацца’, slankà ‘той, хто ходзіць крадучыся’, лат. slìkt ‘красціся’, ст.-в.-ням. slingan ‘варушыцца, хістацца’ і г. д. (Зубаты, LF, 20, 406 і наст., Махэк₂, 558), таму што птушка мае “згорбленую, крадучуюся паходку” (Брэм) або амаль не рухаецца ў няволі на працягу дня (Махэк₂, там жа). Бязлай (Eseji, 117) збліжае з польск. ślęczeć ‘сядзець на кукішках’, чэш. дыял. osľaknuť ‘разгультаіцца’, славен. slekniti se ‘пакласціся’. Інакш Брукнер (500), які лічыць назву птушкі гукапераймальнай і параўноўвае з польск. ślęczeć ‘енчыць, павіскваць, скуліць’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 678; Сной₁, 581; ЕСУМ, 5, 310; Антропаў, Назв. птиц, 360.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрыж ‘птушка з доўгімі вострымі крыламі, Apus apus L.’ (ТСБМ, Бяльк.; Сл. ПЗБ, Жыв. св.; стол., Нік.; саліг., Антропаў, Назв. птиц, 365), ‘птушка Hirundo riparia’ (Шымк. Собр.), ‘птушка Cypselus apus, грун, свіргуль’ (Ласт., Некр. і Байк.), стрыг ‘тс’ (Мат. Гом.), стріж ‘ластаўка берагавая, берагулька’ (калінк., хойн., браг., Нікан.; ЛА, 1). Параўн. укр. стриж, дыял. стріж ‘стрыж; казадой’, рус. стриж, дыял. стриг ‘стрыж’, ц.-слав. стрижь ‘каралёк’, польск. strzyżyk, дыял. strziż ‘валавока’, н.-луж. stśěž ‘тс’, чэш. střízlik, дыял. stříž ‘тс’, славац. striežik ‘тс’, stríž ‘ластаўка берагавая’, харв. старое striž ‘птушка Hirundo agrestis’, серб.-харв. strȉjež ‘валавока’, славен. stržek, stréžik ‘валавока’. Прасл. *strěžь і *strižь, гукапераймальнае па паходжанні, як грэч. στρίγζ ‘нейкая начная птушка’, лац. strīx, Р. скл. strigis ‘вушастая сава’; гл. Булахоўскі, ИОРЯ, 7, 119; Праабражэнскі, 2, 398; Фасмер, 3, 778; Шустар-Шэўц, 1368; ЕСУМ, 5, 441. Паводле Булахоўскага (там жа), форма *strižь узнікла пад уплывам *čižь (гл. чыж), супраць Фасмер (там жа). Борысь (585) грэчаскае і лацінскае словы лічыць роднаснымі славянскаму слову і ўзводзіць іх да і.-е. анамапаэтычнай асновы *(s)treig‑ ‘пішчаць, шчабятаць’. Непераканаўча Махэк₂ (589) аб роднасці з лац. requlus ‘каралёк’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)