Роў1 ’доўгае паглыбленне ў зямлі, канава’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Бяльк., Стан., ТС, Сл. ПЗБ), ’яр, лагчына’ (Байк. і Некр.), ’баразна’ (Куч.), ’трэшчыны на пятах’ (паст., ігн., Сл. ПЗБ), рове́ц ’раўчак’, ’разора’, ’паз у вушаку’, ’прабор у валасах’ (ТС), ро́вам, рава́мі ’моцным струменем’ (шум., навагр., Сл. ПЗБ), роў ’невялікі прыродны вадаём’ (ганц., ЛА, 2), рів ’мачулішча’ (драг., кобр., ЛА, 4), ров, роў, рӥв ’ручай, прамыіна, мелкае месца на рацэ’ (зах.-палес., ЛА, 5), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’круглая яма на высокім месцы для захоўвання бульбы зімою’ (віл., ст.-дар., Яшк.). Укр. рів ’роў, канава’, рус. ров ’канава’, карэл. ’баразна паміж градамі’, пск. ’палонка’, ро́вы ’ямы’; польск. rów ’канава’, ’акоп’, ’западзіна’, в.-луж., н.-луж. row ’магіла’, чэш. row ’тс’, славен. rȍv, ròv, rovíšče ’роў, канава’, ’акоп’, ’капальня, яма’, серб. ро̏в, ро̑в ’роў, глыбокая канава’, ’акоп’, харв. rȏv ’тс’, макед. ров ’роў’, балг. ров, дыял. ро́вът ’тс’, ст.-слав. ровъ ’яма’, ’роў’, ’магіла’. Прасл. *rovъ — утварэнне з суф. ‑vъ (як *kovъ < *kovati) ад *rovati < ryti (Міклашыч, 285; ESJSt, 13, 778) < *reu̯o‑ < і.-е. *reuH‑ ’рыць, капаць, вырываць, дзерці’ (Сной–Бязлай, 3, 199–200), з якога выйшлі: ст.-грэч. οὐρός ’роў’ (Фасмер, 3, 488), лац. ob‑ruere ’засыпаць, закопваць’, ē‑ruere ’выкопваць, вырываць, выграбаць’ (Махэк₂, 520).

Роў2 ’моцны працяглы крык некаторых жывёл’, ’гукі, што напамінаюць такі крык’, ’моцны плач’ (ТСБМ). Да раўці́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плёс1, плёса, плёска, плёсы, плёса, плес, пле́со ’шырокі, ціхі і глыбокі ўчастак ракі паміж перакатамі, заваротамі ці астравамі, затока’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. Сл., Гарэц., Сл. ПЗБ, Др.-Падб.; жытк., саліг., стол., Талст.; Стан.; карэліц., Сцяшк. Сл.), ’яміны з вадою на сенажаці’, ’пойма ракі’, ’самы глыбокі ўчастак возера, дзе ловяць рыбу’, ’заліўны луг’ (Сл. ПЗБ), ’ціхая завадзь’ (Бяльк.; Гарэц., Байк. і Некр.), ’былое рэчышча’ (смарг., Сцяшк. Сл.), ’яма на лузе, запоўненая вадой’ (ст.-дар., Нар. сл.), ’чыстае, незарослае сярод возера месца’ (паўн.-усх., КЭС), ’частка ракі. якая зімой не замярзае’ (лях., ЛА, 2), ’шырокае месца на рацэ, а таксама на лузе, у полі’ (ТС), ’сярэдзіна возера, ракі’ (полац., Талст.), ’шырокі фарватар’ (Крывіч, 1), бабр. ’возера, зарослае расліннасцю’, ’балота’, ’нізкі, заліўны луг’, ’забалочаныя берагі азёраў’ (палес., Талст.), ’прырэчная сенажаць, якая заліваецца ў час разводдзя’ (глус., Янк., дыс.), ’занесенае пяском колішняе балота’ (Скарбы). Укр. пле́со ’возера па цячэнню ракі, моцна пашыранае месца ракі, не зарослае, з ціхай плынню’, ’градка чатырохвугольнай формы’; рус. плёс, плёса, плеса́ ’адкрытая, шырокая частка ракі са спакойнай плынню’, ’глыбокае месца ў рацэ, возеры’, ’яма на балоце’, ’заліўны луг, ’новы бераг ракі пасля мены яе рэчышча’, ’нізкае месца, дзе стаіць вада’, ’балота’, ’пелька ў балоце’; польск. дыял. plosek ’невялікая яма, запоўненая вадой’, вял.-польск. pleski (1498 г.), рыбацк. ploso ’глыбіня, глыбокае месца ў рацэ, возеры’, ’поўнае возера’, ’пойма ракі’; ст.-луж. ples(o) ’возера’; чэш. pleso ’возера, ставок, стаячая вада; глыбокае месца ў струмені; лужа для гусей’; ’западзіна ў рацэ’, ’балота’; славац. pleso ’горнае бяссцёкавае возера’, ’сажалка’, ’стаячая вада, лужа’; на паўд.-слав. тэрыторыі захавалася толькі ў тапонімах. Прасл. *pleso. Няяснае слова рэліктавага паходжання (Махэк₂, 458–459; Банькоўскі, 2, 610). Фасмер (3, 280) семантычна збліжае яго з пле́сна, плюсна, выводзячы прасл. *pletso, што, на думку Бязлая, з’яўляецца сумніўным; ён падтрымлівае думку Махэка, спасылаючыся на с.-в.-ням. Flosche ’яма, у якую прасочваецца вада’, лат. plesa, plēsa ’нерухомае глыбокае месца ў рацэ і інш.’ (Этимология–1973, 183–184). Сучасная семантыка, як здаецца, не пацвярджае меркаванне пра супрацьпастаўленне слав. *Pleso*Bolto, як адкрытай і забалочанай воднай прасторы (Трубачоў, Этногенез, 128), параўн. плёсо ’зарослае балота, твань’ (ганц., ЛА, 5).

Плёс2 ’хвост у вялікай рыбіны’ (Нас., Гарэц., Дабрав.), рус. дыял. плеск і плёск ’задняя частка тулава рыбы, рыбін хвост’. Да плёскаць (гл.), параўн. плёс! — ’удар рыбы хвастом’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)