замо́ўчванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. замоўчваць — замаўчаць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкусі́ць, -ушу́, -у́сіш, -у́сіць; -у́шаны; зак., што.

Злёгку ўкусіўшы, сціснуць.

П. губу.

П. язык (таксама перан.: замаўчаць адразу, раптоўна; разм.).

|| незак. прыку́сваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

заткну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Закрыцца, закупорыцца.

Бутэлька добра заткнулася.

2. Замаўчаць (разм., груб.).

Калі ты ўжо заткнешся?

|| незак. затыка́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перагавары́ць, -вару́, -во́рыш, -во́рыць; зак.

1. з кім. Абмяняцца думкамі, коратка пагаварыць.

П. адзін на адзін.

2. каго (што). Гучна, многа гаворачы, прымусіць замаўчаць іншых (разм.).

Яго не перагаворыш.

|| незак. перагаво́рваць, -аю, -аеш, -ае (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

праглыну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні; -ну́ты; зак., каго-што.

Глытаючы, прапусціць праз глотку ў стрававод.

П. кавалак. 3 мёдам і цвік праглынеш (прыказка). П. пілюлю (перан.: моўчкі перанесці абразу). П. язык (перан.: замаўчаць, перастаць гаварыць; разм.). П. кнігу (перан.: хутка прачытаць; разм.).

|| незак. праглына́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

заткну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Закрыцца, закупорыцца (пра адтуліну). Бутэлька шчыльна заткнулася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Засунуцца за што‑н., куды‑н. Сякера лёгка заткнулася за пояс.

3. Разм. груб. Замаўчаць, перастаць гаварыць. — Заткніся лепш, Мосін! Чалавек праўду кажа! — накінуліся на крыкуна. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкусі́ць, ‑купіў, ‑кусіш, ‑кусіць; зак.

1. што. Прышчаміць, наравіць зубамі (сваю губу, язык, шчаку). [Міхалючок] сцішыўся на Мікуцёвых руках, але Мікуць убачыў, як ён ад гэтага моцна сцяў зубы, аж прыкусіў губу. Чорны. // Заціснуць зубамі. Прыкусіўшы папяросу, маўчаў і Васіль. Шашкоў. Наташа пакрыўджана прыкусіла губу, на вачах у яе выступілі слёзы. Краўчанка.

2. чаго і без дап. Разм. Закусіць. [Лабыш:] — Пня, паглядзі прыкусіць чаго. Козел.

•••

Прыкусіць язык — раптоўна замаўчаць, устрымацца ад выказвання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заняме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Страціць адчувальнасць; адзеравянець. Войт з кожным ударам пугі ўсё больш звярэў.., і правая рука, якая трымала пугу, занямела ад працы. Бядуля. Лена.. выскачыла з машыны і пацягнулася, распраўляючы суставы, якія занямелі ад доўгага сядзення ў машыне. Корбан. // перан. Замерці, абамлець. У Марыны ўсё занямела ў сярэдзіне, але з выгляду яна была спакойная. Шарахоўскі.

2. Замаўчаць, страціць здольнасць гаварыць пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця; анямець. У хаце на адзін момант усе занямелі, а потым сталі бедаваць-гараваць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. замоўк, ‑ла; зак.

1. Спыніць гаворку, спевы, крык і пад.; змоўкнуць, замаўчаць. Лабановіч замоўк і задумаўся. Колас. — Афіцэр... — ціха шапнуў Міколку дзед і замоўк. Лынькоў. // Спыніць стральбу (пра агнястрэльную зброю). Гарматы замоўклі. □ Грымнуў выбух, і кулямёт замоўк. Курто. // Спыніць перапіску з кім‑н., пераехаць пісаць куды‑н., каму‑н. Не піша сястра, замоўкла.

2. Перастаць гучаць, раздавацца (пра гукі). Даўно адпелі на дварах дайніцы, Замоўклі крыкі, смех, абрыўкі слоў — Скрозь ціха, ціха... Спіць сяло. Лойка.

3. перан. Сціхнуць, замерці; перастаць адчувацца (пра пачуцці). А вось радасць, што цвіце над краем, у юнацкіх сэрцах не замоўкне. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́ха,

1. Прысл. да ціхі.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць цішыні дзе‑н., ціхае надвор’е. Было ціха і цёпла. Здавалася, яшчэ дзень-другі — і ў ліловых алешніках зацёхкаюць галасістыя салаўі. Ігнаценка.

3. безас. у знач. вык. Пра спакойнае, мірнае жыццё. Гора ў прорву нябыту сплыло. Шчасце зведалі дзеці. Толькі б ціха на свеце было, Толькі б ціха на свеце... Гілевіч. // Пра адсутнасць спрэчак, сутыкненняў паміж кім‑н. [Жанчына:] — Маўчыць [Пятро], як вады ў рот набраўшы. Кажа: «Абы ў хаце ціха было». Пальчэўскі. // перан. Пра душэўны спакой, уціхаміранне. На душы было ціха.

4. у знач. вык. Ужываецца як загад не шумець, замаўчаць. — Ціха-а, — шапнуў Косцік, — гэта вавёрка. Брыль. — Ціха, хлопцы! Памаўчыце хоць адну хвіліну. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)