жарту́ючы,

1. Дзеепрысл. незак. ад жартаваць.

2. у знач. прысл. Жартам, дзеля забавы. Над ёй нахіліўся Залескі і крыкнуў, сур’ёзна ці жартуючы — яна не зразумела: — А вы, Карпаўна, сумавалі па сапраўднай вайне. Вось яна, любуйцеся. Шамякін.

3. у знач. прысл. Лёгка, без намаганняў. Жартуючы ўсё зрабіў.

•••

Не жартуючы — сур’ёзна, па праўдзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паабпа́львацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Абпаліцца — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Дрэвы паабпальваліся знізу. □ Маці кінулася ў агонь, ратаваць сына, і тут яе пакінулі сілы, яна пачала траціць прытомнасць. У гэты момант у будан ускочылі аднавяскоўцы і выратавалі іх абоіх. І Еўдакія Паўлаўна і яе дзеці паабпальваліся. Залескі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падсу́седзі, ‑яў; адз. падсусед, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Беззямельныя сяляне ў Вялікім княстве Літоўскім у 16 — першай палавіне 17 ст., якія жылі на чужых дварах у вёсках і гарадах.

2. Разм. Кватаранты, жыльцы. [Барысевіч:] — Маці пусціла да нас жыць пагарэльцаў. У хаце жыло тады ў падсуседзях восем чужых сем’яў. Залескі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́нсія, ‑і, ж.

1. Перыядычнае, звычайна штомесячнае, грашовае забеспячэнне ў старасці, у выпадку страты працаздольнасці і пад. [Даніла Сцяпанавіч Карнееў] атрымліваў ад дзяржавы пенсію і карыстаўся агульнай павагай з боку аднавяскоўцаў. Залескі.

2. Уст. Заработная плата.

•••

Персанальная пенсія — пенсія асобным грамадзянам СССР за асаблівыя працоўныя і інш. заслугі, якая прадугледжвае пэўныя льготы.

Выйсці на пенсію гл. выйсці.

[Ад лац. pensio — плацеж.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

легенда́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да легенды ​1; з’яўляецца легендай ​1 (у 1 знач.). Легендарнае апавяданне. // Вядомы толькі па легендах; казачны. Легендарнае тэматыка.

2. Авеяны легендамі ​1; незвычайны, небывалы. Легендарныя подзвігі. Легендарнае слава. Легендарны горад.

3. перан. Непраўдападобны, неверагодна, выдуманы. Легендарныя чуткі. □ Так многія з нас першы раз трапілі ў гэты край, дзе легендарнае і рэальнае перапляталіся так шчыльна. Залескі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змясці́цца, змяшчуся, змесцішся, змесціцца; зак.

1. Знайсці сабе дастаткова месца; умясціцца. Для правядзення свята быў выбраны самы вялікі клас, але людзей было так многа, што ўсе не маглі змясціцца. Залескі. — Я, хлопцы, у вас пераначую... Вось хаця б да цябе, Віктар. Ты хлопец шчуплы, як-небудзь змесцімся... Сачанка.

2. Разм. Размясціцца, пасяліцца дзе‑н. Адзін з прыяцеляў прапанаваў .. [прафесару] часова змясціцца з сям’ёй у сваім доме. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысу́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прысутнічае, знаходзіцца дзе‑н. у пэўны час. [Жанчына] нават не засмяялася і тады, калі навокал яе прысутныя людзі зарагаталі. Карпюк. Завязваецца гутарка з прысутнымі тут калгаснікамі аб іх жыцці ва ўмовах партызанскага краю. Залескі.

2. у знач. наз. прысу́тныя, ‑ых. Тыя, хто прысутнічае. Мароз абвёў вачамі ўсіх прысутных — ці не будзе пярэчанняў. Лобан. — Устаць! — строга крыкнуў вартаўнік суда. Прысутныя ўсталі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адмяні́ць, ‑мяню, ‑меніш, ‑меніць; зак., што.

1. Спыніць існаванне чаго‑н.; ліквідаваць. У Рубанаўцы калісь хутары зрабілі, потым вайна, рэвалюцыя, хутары самі рубанаўцы адмянілі. Галавач. // Аб’явіць што‑н. раней прынятае, узаконенае несапраўдным; скасаваць. Адмяніць прысуд. □ [Сцяпан Тамашэвіч:] — Мы склікалі агульны сход жыхароў і імем Савецкай улады адмянілі загады акупацыйных улад. Залескі. // Даць распараджэнне, каб аб’яўленае, намечанае не адбылося. Адмяніць экскурсію. Адмяніць паездку за горад.

2. Замяніць па тое, што больш падыходзіць; абмяняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́інства, ‑а, н.

1. Тое, што і тайна. Таінства прыгажосці. □ Пасвяціў мяне ў грыбное таінства Коля Шпакоўскі, хлопец гадоў дваццаці, высокі, тонкі, як маладая таполя. Навуменка.

2. Рэлігійны абрад, які па царкоўнаму веравучэнню мае цудадзейную сілу. Таінства споведзі. □ Перш за ўсё ў католікаў і праваслаўных па-рознаму адпраўляюцца так званыя «таінствы». Залескі. / у перан. ужыв. У сэрцы яго, апрача кахання, з’явілася нейкая асабліва глыбокая павага да Сашы: яна прысутнічала пры святым таінстве — нараджэння чалавека. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажыві́цца, ‑жыўлюся, ‑жывішся, ‑жывіцца; зак.

Разм.

1. Знайсці для сябе якую‑н. ежу, пажыву. Чарада кур, згледзеўшы гаспадыню і спадзеючыся пажывіцца, кінулася да яе з усіх канцоў двара. Колас. Ніхто не арэ стэп, і.. [крумкачам] няма дзе пажывіцца, як раней, ходзячы па барознах за аратым. Няхай.

2. Узяць для сябе што‑н. чужое; атрымаць якую‑н. карысць з чужога. Абмацаўшы чужыя торбы і нічога ў іх не знайшоўшы, чым бы можна было пажывіцца, Суконка зусім засумаваў. Паслядовіч. Калгаснікі пяці вёсак Загальскага сельсавета не далі ворагу пажывіцца грамадскай маёмасцю. Залескі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)