няўда́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які канчаецца няўдачай; непаспяховы. Хоць рыбалка ў нас была няўдалая, хоць мы і не злавілі ніводнага язя, аднак дзед Мацей быў у добрым гуморы. Ляўданскі. А назаўтра па ўсёй вёсцы было толькі гаворкі, што пра няўдалыя заручыны. Ермаловіч.

2. Не такі, які павінен быць, якога чакалі, якога хацелі. Ліля расказала пра сваё няўдалае жыццё спаважна і грунтоўна. Асіпенка. [Рудзін:] — Дзякаваць богу, жыць можна і дзецям што-небудзь будзе... Толькі за сына баюся я. Нейкі няўдалы ён у мяне, усё з кніжкамі, а да справы зусім не прыглядаецца... Галавач.

3. Які дрэнна ўдаўся; нездавальняючы. Няўдалы малюнак. Няўдалы адказ.

4. Які не адпавядае свайму прызначэнню; няўмелы. Няўдалы ваяка. □ Паніч аж заскрыгатаў зубамі. Цэліўся.. ды не папаў. Вось няўдалы стралец... Бядуля.

5. Нікуды не варты; дрэнны. [Гальвас] дажыў да старасці, няўдалае гаспадаранне год за годам усё больш уганяла яго ў беднасць. Чорны. І вось цяпер палыхае сонца на прасторы і ходзяць людзі, якіх ніяк не адарвеш ад гэтай няўдалай зямлі, ад непраходных нетраў, дзе толькі плодзіцца і звонам звініць адна непалоханая заедзь. Пестрак. // З фізічнымі недахопамі, непрыгожы (пра чалавека). Ці рабіць не ўмею, Ці сама няўдала, Ці цябе, хлапчына, Я не так кахала? Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; заг. заедзь; зак.

1. Прыехаць куды‑н., да каго‑н. ненадоўга, пабыць дзе‑н. праездам. Вэня раздумваў і меркаваў — ці ехаць проста ў вялікую вёску, ці заехаць на край лесу да чалавека, у якога ён часамі падначоўваў, бываючы тут. Чорны. // па каго-што, а таксама з інф. Прыехаць з якой‑н. мэтай. Заехаць па дзяцей. Заехаў развітацца. // Уехаць куды‑н., у што‑н. Заехалі ў двор разгрузіць воз. Заехаць у гумно.

2. Едучы, апынуцца далёка або не там, дзе трэба. Заехаць на край свету. Заехаць у роў. □ Стары расказаў мне, што мы ехалі няправільна, і, каб не ён, то заехалі б да немцаў. Шамякін.

3. Едучы, дасягнуць патрэбнага месца. Завідна заехаць дадому. // перан. Разм. Зрушыўшыся са свайго месца, апынуцца дзе‑н. Ад прыемных ціхіх смехаў Чуць не да вуха вус заехаў. Колас.

4. Пад’ехаць не прама, а збоку, аб’ездам. Заехаць з левага боку. Заехаць наперад.

5. Едучы, завярнуць за што‑н., апынуцца за чым‑н. Заехаць за гару. Заехаць за дом. Заехаць за лес.

6. у што, па чым і без дап. Разм. груб. Ударыць. Заехаць у вуха. □ Пабольвала толькі пераноссе, па якім добра заехаў адзін увішны трактарыст. Дамашэвіч.

•••

Далёка не заедзеш чым або на чым — не дасягнеш многага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завяза́ць 1, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.

1. Зрабіць вузел; змацаваць, злучыць канцы чаго‑н. вузлом, бантам, пятлёй і пад. Завязаць гальштук. □ Павады завязалі на шыях [коней]. Брыль. Забойцу, хоць не ўцякаў ён і не быў страшны, пастронкам завязалі за спіну рукі. Галавач. Адной рукой і вузла не завяжаш. Прыказка. // Абматаць, абгарнуць чым‑н., змацаваўшы канцы; абвязаць. Завязаць вочы. Завязаць мех. □ Панасаву нагу прамылі, агледзелі рану, завязалі, як маглі і чым маглі. Колас. // Апрануць, павязаць што‑н., змацаваўшы канцы вузлом. Завязаць шалік. □ — Хустку завяжы, зашпіліся, — наўздагон крыкнула .. маці. Васілевіч. // Увязаць у што‑н., сцягнуўшы канцы вузлом; упакаваць. Завязаць грошы ў хустачку.

2. Устанавіць (якія‑н. узаемаадносіны, сувязі), распачаць (якія‑н. узаемныя дзеянні, размову). Завязаць знаёмства. Завязаць гаворку. □ Узвод Пазняка першы прарваўся праз абарончыя лініі ворага і завязаў бой на вуліцы. Шахавец.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Даць пачатак, утварыць (плод). Ён знае абавязак свой, Нясе пылок ад хвой да хвой, З расліны на расліну, З травіны на травіну, Каб завязалі заедзь Антонаўка і вішня. Лужанін.

•••

Свет завязаць каму — зрабіцца перашкодай, абузай, пазбавіць свабоды дзеянняў.

Язык не завяжаш — не забароніш гаварыць.

Як завязаць — а) поўна, вельмі многа; колькі ўлезла. Дзесяць мяхоў, як завязаць, насыпалі мы з ямы трошкі падапрэлага, але яшчэ добрага жыта. Сабаленка; б) колькі можна; уволю. Яму было нясоладка, набраўся страху лапавухі як завязаць. Ляўданскі.

завяза́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да завязнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)