раскі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. раскіс, ‑ла; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пад дзеяннем вільгаці, вады ператварыцца ў вязкае месіва. Зямля ў стэпе адразу раскісла, набіралася цэлымі пудамі на боты. Даніленка. // Набраўшыся вільгаці, размокнуць, разбухнуць. Боты раскіслі, зняць іх было цэлае мучэнне. Карпюк.
2. перан. Расслабіцца, разамлець (ад гарачыні, выпіўкі і пад.). [Незнаёмец] адразу ж раскіс ад яды і цяпла, паваліўся спаць. Асіпенка. // Страціць волю, здольнасць дзейнічаць. — Ты прабач, але ты — баязлівец і панікёр! Пакрытыкавалі — і ты раскіс. Шамякін. Першая нягода — і раскіслі. Ніякая загартоўка не памагае... Навуменка. // Паддацца залішняй чуллівасці. Калі выйшаў Гаварушка, Зіначка нават заплакала, а Захарава з аддзела кадраў праборку ёй давала: — Раскісла! Перараджэнца гэтага шкада стала? Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скразны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які праходзіць наскрозь. Скразная прабоіна. □ Марыя ўвайшла ў калідор, той самы вузкі, скразны, па якім можна прайсці з вуліцы ў агарод. Кулакоўскі.
2. Такі, пры якім перамяшчэнне ажыццяўляецца ад пачатковага да канцавога пункта без перасадак, перагрузак. Скразны поезд. Скразны кантынентальны пералёт. // Прыгодны на ўвесь маршрут (пра білет). Скразны білет. // перан. Які захоўваецца па працягу чаго‑н., наскрозь пранізвае што‑н. Лабановіч пастаўлен у цэнтр усіх падзей і з’яўляецца адзіным скразным героем твора. Казека. [П. Пестрак] не асабліва пільнаваўся ні адзінства часу, ні адзінства месца дзеяння, не стараўся захаваць скразныя сюжэтныя лініі. М. Стральцоў.
3. Які распаўсюджваецца на ўсе моманты вытворчай дзейнасці; распаўсюджваецца па ўвесь прадмет. Скразны графік работы. Метад скразнога шліфавання. Скразная загартоўка дэталей. // Які ахоплівае ўсё, запаўняе сабой усё. Гул скразны. Скрыгочуць нема сцены. Пысін. Снег валіў, але не густа, Мы яго змялі набок, І на возеры, як люстра, Заблішчаў скразны лядок. Калачынскі.
4. Увесь у прасветах і адтулінах, праз якія праходзіць святло; ажурны, рэдкі. Скразны цюль.
•••
Скразная брыгада — брыгада, якая складаецца з работнікаў розных спецыяльнасцей, што сваёй дзейнасцю ахопліваюць усе моманты вытворчага працэсу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)