нацягну́ць, -цягну́, -ця́гнеш, -ця́гне; -цягні́; -ця́гнуты; зак.

1. што. Расцягваючы, зрабіць тугім, напяць (або туга прымацаваць).

Н. трос.

2. што. Адзець (абуць) што-н. з цяжкасцю; накрыцца, нацягнуўшы на сябе што-н.

Н. боты.

Н. коўдру.

3. чаго. Прыцягнуць, прынесці ў якой-н. колькасці.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Настояцца; заварыцца.

Лякарства нацягнула ўжо.

5. перан., што і без дап. Давесці што-н. да нормы, да пэўнай ступені (пра выпрацоўку, выдаткі і пад.); завысіць што-н. (адзнаку, паказчык і пад.; разм.).

Н. ацэнку.

6. пераважна безас., чаго і без дап. Нагнаць ветрам; закрыць, завалачы чым-н. (разм.).

Нацягнула дыму ў хату.

|| незак. наця́гваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. наця́гванне, -я, н. (да 1, 3 і 5 знач.), наця́жка, -і, ДМ -жцы, ж. (да 1 знач.) і нацяжэ́нне, -я, н. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

нацягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.

1. што. Расцягваючы, зрабіць тугім, напяць. Нацягнуць трос. □ Конь ірвануў і раптам... выскачыў з аглобляў, нацягнуўшы лейцы, якія былі закручаны за драбіны. Шамякін. // Распрамляючы, прымацаваць да чаго‑н. Нацягнуць антэну. Нацягнуць палатку.

2. што. Адзець (абуць) што‑н. з цяжкасцю або адзець (абуць) што‑н. наогул. Сандалікі былі .. [Сярожку] малыя, але ён усё ж здолеў нацягнуць іх на ногі. Васілёнак. Нацягнулі мы белыя маскхалаты, завязалі вушанкі і сіганулі ў завіруху. Мыслівец. // Накрыцца, нацягнуўшы на сябе што‑н. Калі братавы крокі сціхлі, Павал лёг і нацягнуў на галаву кажух. Галавач. Хвіліну памаўчаўшы [дзядзька Харытон] нацягнуў на сябе дзяружку, заплюшчыў вочы — відаць, пачаў думаць аб нечым сваім. Бажко.

3. чаго. Прыцягнуць, прынесці ў якой‑н. колькасці. У тую ж хвіліну некалькі чалавек пайшло па дровы. Неўзабаве яны нацягнулі цэлую кучу галля. Сіняўскі.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Настояцца; заварыцца. [Сабастыян:] — Няхай.. [лякарства] яшчэ дзень пастаіць, перамяшаецца, нацягне, састоіцца як мае быць, а тады налівай сабе на далоню і вышмароўвай нагу. Чорны.

5. перан.; што і без дап. Разм. Давесці што‑н. да нормы, да пэўнай ступені (пра выпрацоўку, выдаткі і пад.). Сымон Васільевіч сказаў настаўнікам: — гэтую [прапушчаную] гадзіну як-небудзь нацягнем, а так яна зусім прападзе, а вучням сапсуем свята. Дубоўка. // Завысіць што‑н. (адзнаку, паказчык і пад.). Нацягнуць ацэнку.

6. пераважна безас. чаго і без дап. Разм. Нагнаць ветрам; закрыць, завалачы чым‑н. Нацягнула аднекуль дыму. □ [Яўмен:] — Нешта парыць, хаця б дажджу не нацягнула... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)