зааса́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Заалагічны сад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зоа... (а таксама заа...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая: а) паказвае на адносіны да жывёльнага свету, напрыклад: зоагеаграфія, зоагігіена; б) адпавядае па значэнню слову «заалагічны», напрыклад: зоадэндрарый, зоакабінет.

[Ад грэч. zōon — жывёліна.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а́тлас, ‑а, м.

Зборнік геаграфічных, гістарычных і інш. карт, а таксама табліц, малюнкаў, чарцяжоў, схем і пад. Геаграфічны атлас. Заалагічны атлас.

[Паводле імя міфічнага велікана Атланта (грэч. Atlas).]

атла́с, ‑у, м.

Тканіна з гладкім, бліскучым правым бокам. Чорны атлас.

[Араб. atlas — гладкі, малакаштоўны — пра шоўк.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сад, ‑а і ‑у, М ‑дзе; мн. сады, ‑оў; м.

1. ‑у. Участак зямлі, засаджаны дрэвамі, кустамі і кветкамі; дрэвы, кветкі, якія растуць на гэтым участку. Фруктовы сад. Пасадзіць сад. □ Сад у нас харошы: На газонах Мак чырвоны, Ружы і гарошак. А. Александровіч. А бульбу садзяць, калі ўжо зусім цёпла, калі цвітуць сады. Брыль.

2. ‑а. Разм. Тое, што і дзіцячы сад. Разгаварыліся толькі вечарам у Танінай кватэры, калі .. [Віктар] прыйшоў у госці. Таня к таму часу забрала з сада Андрэйку. Паўлаў.

•••

Батанічны сад — навуковая і культурна-асветная ўстанова, якая займаецца зборам, вывучэннем і дэманстрацыяй розных раслін.

Дзіцячы сад — выхаваўчая ўстанова для дзяцей дашкольнага ўзросту.

Заалагічны сад — тое, што і заалагічны парк (гл. парк).

Зімні сад — спецыяльнае памяшканне для кветак, раслін; аранжарэя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падсо́бны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны ў дапамогу каму‑, чаму‑н.; дапаможны; другарадны. Падсобны матэрыял. Падсобнае прадпрыемства. Падсобнае памяшканне. □ У Крайцах былі чатыры двухкватэрныя катэджы для супрацоўнікаў, добра абсталяваная лабараторыя, клуб, бібліятэка, заалагічны музей і вялікая падсобная гаспадарка. В. Вольскі. // Які выконвае дапаможную работу. Першыя два месяцы Дзяніс працаваў падсобным рабочым: памагаў упарадкоўваць тэрыторыю завода. Гроднеў. / у знач. наз. падсо́бны, ‑ага, м. [Надзейка:] — Лётаеш, і ўсюды ты навічок, добра яшчэ, што не падсобным бяруць, а па чацвёртаму разраду. Сапрыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сад сад, род. са́ду м.; (учреждение) сад, род. са́да м.;

фрукто́вый сад фрукто́вы сад;

разби́ть сад пасадзі́ць (расплані́раваць) сад;

развести́ сад разве́сці сад;

зи́мний сад зімо́вы (зі́мні) сад;

ботани́ческий сад батані́чны сад;

зоологи́ческий сад заалагі́чны сад;

де́тский сад дзіця́чы сад.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

парк, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Участак з прыроднымі ці штучнымі насаджэннямі, дарожкамі, алеямі, вадаёмамі, прызначаны для адпачынку. Парк маўчаў у перадвосеньскім зняменні, нават птушкі не гаманілі ў пабурэлым, але яшчэ густым лісці дрэў. Дуброўскі.

2. ‑а. Месца стаянкі і рамонту транспартных сродкаў. Трамвайны парк. Аўтобусны парк. □ Звініць на прыпынку апошні трамвай ля вакзала. — У парк адыходзіць, — кандуктарка ветла сказала. Вялюгін.

3. ‑у. Сукупнасць рухомага саставу чыгуначнага, аўтамабільнага і іншых відаў транспарту. А цяпер увесь .. парк — дваццаць трактараў, два камбайны, дзесяць жняярак... Сіўцоў. У танкавым парку, угледзеўшы новыя машыны, якіх да гэтага яшчэ ні разу не бачыў, Максім аж уздыхнуў ад хвалявання і нясцерпнай прагі падысці, пакратаць іх. Грамовіч.

•••

Заалагічны парк (сад) — навукова-асветная ўстанова, у якой трымаюць у клетках, вальерах ці на вялікіх пляцоўках дзікіх жывёл для дэманстрацыі іх і вывучэння.

[Англ. park.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)