завя́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. завяў, ‑вяла; зак.

1. Страціць свежасць; засохнуць, звянуць. Кветкі завялі. □ Час ад часу на дарозе трапляліся паваленыя дрэвы, на якіх яшчэ нават не паспеў завянуць зялёны ліст, — відаць, яны ўпалі зусім нядаўна. Краўчанка.

2. перан. Страціць жывасць, свежасць; паблякнуць. Прытухнуць ад слёз ясны вочы, Завяне, паморшчыцца твар. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць скаванага (у 2 знач.); адсутнасць свабоды, лёгкасці ў дзеянні або ў праяўленні чаго‑н. Неяк хутка асвойтаўшыся, Хрысціна разгаварылася, і яе першая скаванасць мінулася, а просты твар набыў нейкую асаблівую жывасць, нават узнёсласць. Кухараў. Хацелася быць прыгожым, як і ўсе тут, умець трымаць сябе вольна, без гэтай няёмкай скаванасці. Карпаў. Яе сталі віншаваць, і толькі цяпер пакінула Таццяну скаванасць, шчаслівая ўсмешка азарыла яе твар. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ю́ркі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Быстры, вёрткі, спрытны ў рухах. Андрэй жа глядзеў, як над гнёздамі махалі лёгенькімі крылцамі юркія ластавачкі і так лагодна шчабяталі. Колас. Сцёпка Хадун, юркі, каратканогі і дапыт[лів]ы, як сарока, угледзеўшы Максіма за цяжкай работаю, чуць не на [пальчыках] падышоў да яго. Каваль. // Які вырашае бойкасць, скрытнасць, жывасць (пра вочы, позірк і пад.). — Ага, штучку. Паленца, што ля паветкі і цяпер ляжыць, — растлумачыла старая, страляючы юркім позіркам то ў вочы Пятра, то Адама. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Век ’жыццё, вечнасць, час і да т. п.’ Ст.-рус. вѣкъ ’тс’, рус. век, укр. вік, польск. wiek, чэш. věk, ст.-слав. вѣкъ, балг. век, серб. ве̑к і г. д. Прасл. *věkъ ’век, жыццё, вечнасць і г. д.’ (з даўняга *voi̯kos, а гэта аблаутная форма да і.-е. *u̯ei̯k‑ ’сіла, выяўляць сілу’, літ. viẽkas ’сіла, жывучасць, жыццё’, veĩkti ’штосьці рабіць, працаваць’, véikus ’хуткі’, vỹkis ’жыццё, жывасць’, vikrùs ’бадзёры’, лац. vincere ’перамагаць’, ст.-ісл. veig ’сіла, моцнасць’, vīg ’барацьба’, гоц. weihan, ст.-в.-ням. wīgan ’змагацца’. Сюды прасл. *věčьnъ ’вечны’ (ст.-рус. вѣчьныи, бел. ве́чны, рус. ве́чный, укр. ві́чний, польск. wieczny, чэш. věčný, ст.-слав. вѣчьнъ, балг. ве́чен, серб. ве̏чан і г. д.). Гл. Фасмер, 1, 286.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́балаць за́блаць, за́палай, за́блач (Мат. Гом., ЭШ), за́блыць ’каляровыя ніткі для вышывання’ (Бяльк.). Рус. бранск., смал., варонеж., кур. за́болоть, за́блоть ’чырвоныя ніткі для вышывання’. Параўн. рус. ярасл., пск. заболока́ть ’пакрываць вышыўкай’, пск. за́блока, ярасл. за́болока ’запінка’, бо́локом ’наапашкі’ (Даль), оболочка ’абалонка’. Бел. бо́лакі ’воблакі’ < *ob‑volk‑ (гл.) указвае на магчымасць паходжання слоў, што абазначаюць вышыўку з кораня *volk‑ (гл. валачы) ці кантамінацыі кораня *volk‑ і *bol‑балонь, болона, абалонка, гл.). Перанос націску на прэфікс указвае на зыходны цыркумфлекс у корані. Форму за́блач з *k > č перад ‑ь, а ‑ць (рус. ‑ть) даводзіцца тлумачыць як суфікс (параўн. борць, моц; гл. SP, 2, 43). Форма запалач указвае на жывасць сувязей каранёў bol‑ і pel‑/pol‑, пра тоеснасць якіх меркаваў Махэк₂ (55) у сувязі з blána, супраць чаго Трубачоў, Эт. сл., 2, 178. Не выключаны старажытны, прасл. характар зыходнай формы zabъltь ці zaboltь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ту́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.

1. Пераставаць гарэць, свяціць; гаснуць. Зусім не чутно было выбухаў, толькі ў небе, далёка адсюль, загараліся і адразу тухлі арыенціровачныя ракеты. Лупсякоў. Пад самай столлю захісталася лямпа і пачала тухнуць. Каваль. Агонь ніколі ў нас не тухне, Па двух калах кіпіць кацёл. Астрэйка. Раджаўся дзень, за лесам тухлі зоры. Кляшторны. // Страчваць бляск, жывасць (пра вочы, погляд і пад.). Гора вырастае ў адзін міг: галава апускаецца ніжэй, вочы тухнуць. Бядуля.

2. перан. Слабець, памяншацца. І бязмерная радасць адразу тухне, нібы ў сэрцы агні чорным радном пакрыліся. Лынькоў. Гудкі запелі расставанне, А стрэчы як і не было. І тухне зноў на скрыжаванні Падзей зялёнае святло. Чэрня.

ту́хнуць 2, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.

Разм. Загніваць і непрыемна пахнуць; пратухаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зга́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. згас, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць гарэць, свяціць; патухнуць, загаснуць. Ракета прарэзала заслону дажджу, зашыпела ў вышыні і згасла. Шамякін. Пад вечар згаслі яркія кастры. Танк. / Пра канец дня і надыход ночы. Дзень згас.

2. перан. Знікнуць, кончыцца (пра пачуцці, надзеі і пад.). Не згасне той запал агністы, З якім пад шолах кумача Кляліся сэрцам урачыста Ва ўсім браць прыклад з Ільіча. Бялевіч. На задні план сышлі згрызоты, Агонь і жар у сэрцы згас. Колас. / Пра жыццё, сілы. Яшчэ ў грудзях не згаслі сілы, Яшчэ не слабнуць сэрца крылы, Не адцвіла ў душы вясна! Гілевіч. // Зачахнуць, памерці (пра чалавека). [Маці] хутка згасла на непасільнай працы, як свечка на ветры, у свае трыццаць дзевяць год. Клышка. Згас стары дзядок без болю, Раз ці два адно зяхнуў. Колас. // Страціць жывасць, выразнасць (пра вочы, позірк, усмешку). Вясёлая, але пустая гаманлівасць пакінула.. [Васіля], усмешка на чырванашчокім твары згасла. Мележ.

3. перан. Страціць значэнне, забыцца. Ніколі не згасне слава аб тых, хто аддаў сваё жыццё ў імя людскога шчасця. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)