самабы́тны, ‑ая, ‑ае.
Арыгінальны, не падобны на іншых; своеасаблівы. Самабытны талент. Самабытная манера выканання народных танцаў. □ На аснове традыцый купалаўскай і коласаўскай байкі вырасла пазней непаўторная, глыбока самабытная баечная творчасць Кандрата Крапівы. Казека. Мар’ян Плезія цэніць Гусоўскага вышэй: ён называе аўтара песні самабытным мастаком эпічнага складу, хваліць яго за адвагу выяўляць уласныя, пачуцці, арыентавацца на рэчаіснасць, а не на кніжныя ўзоры і аўтарытэты. У. Калеснік. А колькі самабытнага хараства ў гэтых адзінокіх разложыстых дубах, раскіданых па краях лесу, і гэтых пышна-купчастых хвоях у полі! Колас. Народная ліра Янкі Купалы ўвабрала ў сябе ўсё найбольш яркае і самабытнае, што стагоддзямі выкрышталізоўвалася ў казках і песнях народных. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спець 1, спяю, спяеш, спяе; спяём, спеяце; зак., што і без дап.
Зак. да пець (у 1, 3 і 4 знач.) і спяваць (у 1, 2 знач.).
спець 2, спее; незак.
1. Рабіцца спелым, выспяваць (пра гародніну, злакі і пад.). На дубах спелі жалуды. Чорны. Пшаніца спее, пад сонцам яна як вылітая з медзі. Пестрак. Направа ад дарогі рос Авёс, Налева — памідоры спелі. Корбан.
2. перан. Развівацца, фарміравацца, складвацца. Спеюць Настроі і думкі. Глебка. Я іду паўз бераг Нарачы, Спее песня ў душы. А. Вольскі. Ганя бачыла, што ў Косці, як яна казала, спеюць вялікія здольнасці (ён мог ужо чытаць, лічыць), пераканала ў гэтым Максіма. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разло́жысты, ‑ая, ‑ае.
1. Развесісты, раскідзісты, шырокі (пра дрэва, крону, галіны і пад.). А колькі самабытнага хараства ў гэтых адзінокіх разложыстых дубах, раскіданых па краях лесу, і гэтых пышна-купчастых хвоях у полі. Колас. З-пад цяжкіх, разложыстых шатаў струменіць духмянае і чыстае, як крынічная вада, паветра. Гамолка. Ад шляху пайшла бярозавая алея і ўперлася ў разложысты сад. Пестрак. // Які пашыраецца, расходзіцца кверху; развілісты. Буйвалы, важна несучы разложыстыя рогі, павольна цягнулі скрыпучую арбу. Самуйлёнак. Сям-там выглядалі з-пад .. [лістоў] запозненыя, разложыстыя кветкі белых лілей. Арочка.
2. Шырокі, пакаты; адкрыты, роўны. Добры луг там быў, трава расла, як чарот. Месца ўдалае, роўнае, разложыстае. Скрыган. І толькі ўздоўж рэчкі Пітамкі ляжалі разложыстыя паплавы. Асіпенка.
3. Які далёка чуецца, адбіваючыся рэхам. Магутны разложысты выбух скалануў вагон. Паслядовіч. Неба над прыціхлымі хатамі і агародамі нізалі стрэлы маланак і расколвалі разложыстыя ўдары грому. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)