Прыпё́ка ’рэдкі тварог са смятанай’; ’тоўчаная бульба са смятанай, з маслам, з салам, з яйкамі’; ’чыстая смятана’; ’тоўчаны мак, каноплі, намазаныя тонкім слоем на сачэнь’ (Нік. Очерки), таксама прыпека́нікі ’дранікі’ (шуміл., Сл. ПЗБ). Рус. дыял. припёк, припёка ’праснак, дранік, булачка, якую выпякаюць на велікодным тыдні’; ’дробныя ячныя крупы ці мак, яйкі, якімі пасыпаюць печыва, аладкі, блінцы’. Нулявы дэрыват ад дзеяслова прыпякаць (гл. пячы) з тэматычным ‑а‑. Паводле Чарныш (Слов. лексика, 88), арэальнае руска-беларускае ўтварэнне для абазначэння розных начынак, пасылак і г. д.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
бульбя́нік, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у, зб. Бацвінне бульбы, цяўнік. Выраслы бульбянік закрываў малога амаль да плеч. Мележ. Жалезнымі граблямі дзядзька Іван зграбае апалае лісце і прэлую траву і кідае на кучу сухога бульбяніку. Васілевіч.
2. ‑а. Аладка з дранай сырой бульбы; тое, што і дранік. З рук у рукі .. нам пачалі перадаваць ежу. Яйкі і хлеб, мяса і загорнутыя ў капуснае лісце бульбянікі. Мехаў.
3. толькі мн. (бульбя́нішчы, ‑аў). Беларуская страва, прыгатаваная з варанай тоўчанай бульбы ў выглядзе галушак.
4. ‑а. Разм. Пра таго, хто харчуецца пераважна бульбай. На снеданне — дранікі, Бабка — на абед. Называў бульбянікамі Магілёўцаў свет. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Та́ранікі ’аладкі з бульбы, дранікі’ (Ян.), адз. л. та́ранік ’тс’, та́ранка ’бабка’ (Мат. Гом.), та́рнікі ’аладкі’ (Сцяшк.). Утворана ад та́раны ’цёрты на тарцы’ (навагр., З нар. сл.; Сцяшк. Сл.), гл. тарыць. Запрудскі (дыс., 112) параўноўвае з серб.-харв. тара̀на ’цёртае цеста’, макед. тарана ’сушаныя крупы з цеста і ежа з іх’ (відаць, памылкова, бо гэта балканскі турцызм з тур. tarhana ’тс’; Скок, 3, 444) і (з пытальнікам) рус. та́рань ’зброд, вырадкі’ (без пэўнай этымалогіі, гл. Фасмер, 4, 22); фармальна супадае з серб.-харв. та́рањ ’бандарны інструмент для стругання клёпак’, што, паводле Скока (3, 512), звязана з tr̥ti (тр̏ти), гл. церці. Магчыма, сюды і чэш. дыял. taraňa ’сухія грушы, размятыя ў малацэ’ (Махэк₂, 636: няясна). Незвычайная рэфлексацыя слова можа сведчыць пра польскі ўплыў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Суко́ннікі 1 ’даматканыя суконныя штаны’ (чэрв., круп., мядз., Сл. ПЗБ; ТС; калінк., светлаг., чач., Мат. Гом.), ’суконныя буркі (абутак)’ (Гарад.). Ад суко́нны ’зроблены з сукна, воўны’, гл. сукно.
Суко́ннікі 2 ’дранікі, звычайна посныя’ (Барад.), суко́ннік ’аладка (з дранай бульбы)’ (мазыр., Мат. Гом.). Няясна; параўн. суко́ніцы ’ягады (цёртыя)’ (жытк., Мат. Гом.), што можна звязаць з літ. sùkalioti ’круціць, вярцець’, а таксама з рус. дыял. сука́лить ’скрэбці, чысціць’, якое Тапароў (Балтийские яз., 46) лічыць балтызмам, на думку Анікіна (Опыт, 284), беспадстаўна. Гл. таксама сканцы ’бульбяныя піражкі, начыненыя капустай’, што выводзіцца ад сакаць ’сукаць, раскатваць цеста’, параўн. рус. дыял. ска́нец ’тонкая раскатаная ляпёшка з прэснага цеста’ і ’тоўстая, грубая пяньковая пража’, што сведчыць пра першасны сінкрэтызм “кулінарнага” і “тэкстыльнага” значэнняў дзеясловаў *sukati, *sъkati: рус. бранск. сучить сканцы ’прасці пражу’ і рус. калін. сканцы сучить ’раскатваць цеста’, гл. Фасмер, 3, 635; Анікін, Опыт, 279. Падрабязней гл. Цыхун, БЛ, 63, 112, 113.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
чы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Праводзіць па чым‑н. чым‑н., пакідаючы след, лінію. Лупіла [бульбу] на дранікі, спраўна, мерна, цыркала па тарцы. Мележ. // Хутка пралятаючы, зачэпліваць, кранаць што‑н. Ластаўкі вырываліся са сваіх гнёздаў і чыркалі тонкімі крыламі па лагодных хвалях спакойнай ракі. Грахоўскі. // Рэзка праводзячы па карабку або па чым‑н. цвёрдым, прымушаць гарэць (запалкі). Гамыра чыркае запалку. Колас. Усе маўчалі: хто закусваў, а хто чыркаў запалкаю аб карабок — адразу ж прыкурваў чарговую цыгарэту. Сіпакоў. // Закранаць, драпаць па чым‑н. у час руху. Чыркаючы палачкай па дарозе, ён бадзёра крочыў і праз вялікія рагавыя акуляры аглядаў балота. Дуброўскі.
2. Хутка, спяшаючыся, пісаць што‑н. Я азірнуўся назад, у правы куток, дзе .. нешта цыркала на кавалку паперы Юнона. Мыслівец. Старшыня маўчаў, нешта чыркаў асадкай па паперцы. Галавач.
3. Утвараць характэрныя гукі, спяваць (пра некаторых птушак). Недзе на Доўгіх пад самым месяцам чыркалі, што ўсё адно шасталі трысцём, дзікія качкі. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Манту́ліць ’прыкінуцца бедным, каб пажывіцца’ (Нас.), манту́лы ’ласункі, прысмакі’ (слаўг., Нар. словатв.), ’хаўтурны абед’, ’гасціна з прычыны якога-небудзь свята’, ’дармавая выпіўка’, ’палескія дранікі’, ’бліны і памінальныя стравы’, ’выгоды жыцця, лёгкія даходы’ (Нас. Сб.; паўд.-усх., КЭС), ’хлеб і іншыя харчы, сабраныя для духавенства’ (там жа), манту́лік ’сырнік’ (лоеў., Мат. Гом.), манту́льнік, манту́лка ’мужчына і жанчына, якія любяць жыць за чужы кошт’ (Нас.). Укр. мантули ’ахвяраванні, сабраныя для каляднікаў ці жабракоў’, гуц. ’пірагі з кукурузнай мукі з сырам’, манту́лки ’салодкія падарункі, баранкі, прывозімыя з кірмашу’, манту́лити ’выпрошваць падачкі’; рус. варон. манту́лить ’карміцца рэшткамі з панскага стала’, мантульник, мантульница ’той, хто корміцца рэшткамі з панскага стала’, ’хто напрошваецца да іншых на абеды, у госці’. Усходнеславянскае. Утварэнне з суфіксам ‑ул‑, якое не мае нейкага аднаго адпаведніка ў іншай мове. Утварылася ў выніку кантамінацыі; у ім перакрыжавалася некалькі першасных балтыйскіх і усх.-слав. (бел.) лексем. Так значэнне ’ласункі, слодыч’ звязваецца праз лексему ламту́ты (гл.) з літ. lemtùtas ’дабрачыннасць і інш.’, значэнне ’дармовыя частаванні, лёгкія даходы’ можна экстрагаваць з літ. mantà ’багацце’, mantas ’выгода, карысць’, mantáuti ’старацца нажыцца’ і бел. мантачыць ’выпрошваць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)