про́дак, ‑дка, м.

1. Асоба, якая з’яўляецца папярэднікам у сям’і, родзе, племені па бацькоўскай або мацярынскай лініі. Сярод продкаў Максіма Багдановіча было нямала таленавітых людзей. Майхровіч. Ці то жартам, ці то ўсур’ёз Дзед Хрушч расказаў, што яго продкам быў нейкі невядомы драгун. Колас. // Родапачынальнік якога‑н. віду або роду жывёл і раслін.

2. толькі мн. (про́дкі, ‑аў). Людзі, якія жылі задоўга да цяперашняга часу. Пакінем спадчыну мы для патомкаў Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках Гісторыі сваёй. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасрэ́днік, ‑а, м.

1. Той, хто садзейнічае пагадненню, здзелцы паміж кім‑н. Гандлёвы пасрэднік. □ Гандляры, пасрэднікі, перакупшчыкі безупынна таўкуцца [на рынку], шумяць, крычаць, паказваюць узоры тавараў, спрачаюцца. В. Вольскі. [Дунін-Марцінкевіч] быў пасрэднікам і хадатаем у розных людзей па справах, звязаных з атрыманнем спадчыны. С. Александровіч. З вясны 1887 года стала дзейнічаць камісія прысяжных павераных, яна выконвала функцыі пасрэдніка паміж паверанымі і акруговым судом. Г. Кісялёў.

2. Той, хто дапамагае наладзіць кантакт паміж кім‑, чым‑н. — Хачу прасіць вас, — гаворыць Драгун, — аб сустрэчы з Бондарам. Сам канцоў не знайду. — Месяц няма вестак. Не ведаю, што думаць. — Людзі тут асталіся? — Дарагі мой, пасрэднікаў не меў. Не хачу мець. Вондар знаёмы мне, як і ты. Навуменка. Бібліятэкар — жывы пасрэднік паміж чытачом і літаратурай. «Звязда». // У міжнародным праве — нейтральная дзяржава або міжнародная арганізацыя, якая спрыяе мірнаму вырашэнню канфлікту паміж дзвюма іншымі дзяржавамі.

3. Спец. Суддзя, арбітр на манеўрах.

•••

Міравы пасрэднік — пасада ў царскай Расіі, устаноўленая пасля сялянскай рэформы 1861 г. для ўладжвання зямельных канфліктаў паміж сялянамі і памешчыкамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. знік, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць існаваць, быць у наяўнасці. Страх знік. Туман знік. □ Млявасць знікла, галава не кружылася, ногі не падгіналіся. Якімовіч. Зніклі завірухі, К нам вясна прыйшла. Журба. // Згубіцца, падзецца невядома куды. Толькі дзіўная праява — Сніцца Пецю сон цікавы. Трэба ў школу, а тут зніклі Зноўку дзесьці чаравікі. Кляўко. // Перастаць выяўляцца, праяўляцца. У вачах зніклі іскры гарэзнасці, не чуваць вясёлага смеху. Алешка.

2. Схавацца з віду, з поля зроку; стаць нябачным. Зніклі ў хвалях жыта вузкія сцяжынкі, Каласы набраклі бурштыновым сокам. Панчанка. Двое невядомых ужо зніклі ў цемры, а Федзя ўсё стаяў і стаяў ля вугла царквы, баючыся крануцца з месца. Ваданосаў. // Непрыкметна ці хутка пакінуць якое‑н. месца. Драгун з мястэчка знік. Нават сям’ю вывез. Навуменка.

3. Перастаць з’яўляцца дзе‑н. на працягу доўгага часу. — Яму абавязкова на нейкі час трэба знікнуць ад паліцэйскага вока. Гартны. Сам Яўхім знік і некалькі дзён не паказваўся ў Антося. Чарнышэвіч.

•••

Знікнуць з вачэй — перастаць быць у полі чыйго‑н. зроку, не паказвацца каму‑н. на вочы.

Знікнуць з гарызонта — перастаць з’яўляцца сярод якіх‑н. людзей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)