печ, ‑ы, ж.

1. Цаглянае, каменнае або металічнае збудаванне, дзе разводзяць агонь, каб нагрэць памяшканне, згатаваць ежу. Абстаноўка была самая звычайная: вялікая печ з шырокім тапчаном насупроць, стол з доўгімі лавамі. Бядуля.

2. Спецыяльнае збудаванне для апрацоўкі якіх‑н. матэрыялаў награваннем. Сушыльная печ. Плавільная печ.

•••

Галандская печ — пакаёвая печ для абагрэву, звычайна кафляная.

Доменная печ — тое, што і домна.

Мартэнаўская печ — печ спецыяльнай канструкцыі для выплаўкі сталі.

Ляжаць на печы гл. ляжаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

затапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак., каго-што.

1. Ездзячы, ходзячы, прымяць падэшвамі, капытамі; патаптаць. Затаптаць снег. Затаптаць траву. // Топчучы, зацерці, зраўняць, зрабіць непрыкметным. Затаптаць след. Затаптаць лінію на пяску. // Задушыць, раздушыць, стаўшы нагамі, капытамі. — Петро! Бяры на плечы адну дзяўчынку, а я другую, а то затопчуць. Маўр.

2. Топчучы, наступіўшы, патушыць агонь на чым‑н. Затаптаць папяросу. □ Домна схапіла з прыпечку лучыну і затаптала агонь. Лобан.

3. Топчучы, уціснуць, умяць у пясок, зямлю і інш. — Выхапіў асілак Дубавік свой востры меч і адсек цмоку ўсе тры галавы. Дзве галавы ў дрыгву затаптаў, а трэцюю на меч уссадзіў. Якімовіч.

4. Разм. Забрудзіць слядамі. Затаптаць падлогу.

•••

Затаптаць у гразь каго-што — зняславіць, ачарніць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убо́р, ‑у, м.

Убранне, адзенне; строі. Часам гаспадыні бывае лепш. Тады яна злазіць з печы, адкрывае каваныя скрыні, выцягвае адтуль свае уборы. Асіпенка. [Сяргей з Таняй] спыніліся каля палаткі з дзявочымі ўборамі. Машара. Выходзіць Домна Іванаўна — маці паэта, вясковая кабета ў простым чысценькім уборы. С. Александровіч. // Адзенне, убранне, прызначанае на якія‑н. пэўныя акалічнасці. Шлюбныя уборы. □ Усе леснікі былі ўжо ў зборы, у лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі. Колас. // Тое, што і галаўны ўбор. Дождж, я верыў, дабрадзей, І чакаў яго штодзень. Дачакаўся І — на двор, З галавы здымаю ўбор. Калачынскі. // Якое‑н. упрыгожанне або дадатак да ўбрання чаго‑н. Хоць гаспадар і ўздыхнуў па ім [кані], ды зняў сядло з уборам залатым. Дубоўка. // Пра тое, што ўпрыгожвае сабою што‑н. (лісце, снег, іней і пад.). Бярозы былі ў прыгожым уборы, на ветры трапяталася зялёнае, з ружовым адценнем лісце. Гурскі. Пахіліліся галіны пад белым уборам. Лынькоў. Мне на плечы ніцыя акацыі Сыплюць свой пялёсткавы ўбор. Шымук.

•••

Галаўны ўбор — агульная назва рэчаў, якія надзяваюцца на галаву (шапкі, капелюшы і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ход, -а і -у, М хо́дзе і (на) хаду́, м.

1. -у, гл. хадзіць.

2. -у, М (на) хаду́. Рух, перамяшчэнне ў якім-н. напрамку.

Сядзець у вагоне па ходу цягніка.

Машына паскорыла х.

3. -у, М хо́дзе, перан. Развіццё, цячэнне чаго-н.

Х. заняткаў.

Х. падзей.

4. -у, М хо́дзе, мн. хо́ды, -аў. Перамяшчэнне рухомай часткі механізма ад аднаго крайняга становішча да другога, а таксама велічыня гэтага перамяшчэння.

Х. поршня.

Велічыня ходу прэса.

5. -у, М хо́дзе. Дзеянне, работа, якую выконвае машына, механізм.

Рабочы х. рухавіка.

6. -у, М (на) хаду́. Рабочая частка машыны, механізма (спец.).

Анкерны х. гадзінніка.

7. -у, М (на) хаду́. Тэхналагічны працэс; цыкл (спец.).

Домна на гарачым хаду.

8. -у, мн. хады́, -о́ў. У шахматах, картах і пад.: чарговае выступленне іграка.

Х. пешкі.

Х. козырам.

9. -у, М хо́дзе, мн. хады́, -о́ў, перан. Прыём, манеўр для дасягнення якой-н. мэты.

Дыпламатычны х.

Хітры х.

10. -а, М хо́дзе, мн. хады́, -о́ў. Месца, праз якое ўваходзяць куды-н., уваход.

Пакой з асобным ходам.

11. -а, М хо́дзе, мн. хады́, -о́ў. Месца, па якім ходзяць; шлях, пераход.

Падземны х.

12. -у, мн. хо́ды, -аў, перан. Магчымасць дасягнення чаго-н.

Трэба даваць х. маладым пісьменнікам.

Жалезны ход — ніжняя хадавая металічная частка воза або іншых якіх-н. транспартных сродкаў.

Малы ход — запаволены ход судна, а таксама каманда, якая перадаецца ў машыннае аддзяленне для змяншэння скорасці судна.

Поўны ход! — словы каманды: з гранічнай скорасцю.

На хаду — мімаходам.

Па ходу справы — у залежнасці ад абставін.

Поўным ходам — інтэнсіўна, узмоцнена (ідзе, адбываецца што-н.).

Сваім ходам

1) пехатой;

2) работай свайго матора.

|| прым. хадавы́, -а́я, -о́е (да 2, 4 і 6 знач.; спец.).

Дзве хадавыя гадзіны карабля.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ход, ‑а і ‑у, М аб (у) хо́дзе і на хаду́; мн. хады́, ‑о́ў і хо́ды, ‑аў; м.

1. ‑у, М на хаду́. Рух, перамяшчэнне ў якім‑н. напрамку. Машына дала задні ход. Цягнік збавіў ход. □ Пяхота ўвесь час замаруджвала ход конніцы. Брыль. Ціха кружыцца галава ў Міколкі, разбягаюцца валасы ад страшэннага ходу, ад імклівага ветру. Лынькоў.

2. ‑у, М у хо́дзе; перан. Развіццё, цячэнне чаго‑н. Ход падзей. Ход урока. Ход гісторыі. □ У ходзе будаўніцтва сацыялізма ў СССР без якой бы там ні было знешняй эканамічнай дапамогі ў кароткі гістарычны тэрмін была ажыццёўлена індустрыялізацыя краіны. «Звязда». Дзед зрабіў перадышку, абдумваючы далейшы ход казкі. Якімовіч.

3. ‑у, М у хо́дзе; мн. хо́ды, ‑аў. Перамяшчэнне рухомай часткі механізма ад аднаго крайняга становішча да другога. Ход прэса. // Адлегласць, на якую гэта частка перамяшчаецца. Ход поршня роўны 50 см.

4. ‑у, М на хаду́. Рабочая частка машыны, механізма. Анкерны ход гадзіннікавага механізма. // Ніжняя хадавая частка самарушнага ўстройства. Гусенічны ход. // Ніжняя хадавая частка экіпажа або іншых транспартных сродкаў. Каляска на рызінавым хаду. // Спец. Адлегласць паміж пярэдняй і задняй воссю экіпажа, павозкі і пад. Кароткі ход у экіпажа.

5. ‑у, М у хо́дзе. Спец. Дзеянне, работа, якую выконвае машына, механізм і пад. Рабочы ход рухавіка. □ Надзейныя, з высокай дакладнасцю ходу, .. [гадзіннікі] не будуць падводзіць уладальнікаў, для якіх важна кожная мінута, секунда. «Звязда».

6. ‑у, М на хаду́. Спец. Увесь тэхналагічны працэс, які адбываецца ў чым‑н.; цыкл. Домна на гарачым хаду.

7. ‑у; мн. хады́, ‑о́ў. Чарговае выступленне іграка (у шахматах, шашках і іншых настольных гульнях). Ход канём. □ Ці ведаеце вы, што найкарацейшая шахматная партыя, іграная ў турніры, мела ўсяго 4 хады — гэта партыя Лазар — Кабо з чэмпіянату Францыі. «Маладосць».

8. ‑у, М у хо́дзе; мн. хады́, ‑о́ў; перан. Прыём, манеўр для дасягнення чаго‑н. Дыпламатычны ход. □ Гэтая дзяўчынка зрабіла яшчэ адзін на дзіва хітры ход: яна паспела працерці ганак і падлогу ў калідоры растворам фармаліну. Шамякін. Юра не сумняваўся, што ўся ветлівасць нямецкага афіцэра, яго ўвага да іх — толькі тактычны ход. Бураўкін.

9. ‑у; мн. хо́ды, ‑аў. Спец. Паварот, змяненне ў сюжэце мастацкага твора. У К. Чорнага мы не знойдзем твора, у якім аўтар імкнуўся б захапіць чытача складанасцю сітуацый, займальнасцю сюжэтных ходаў. Кудраўцаў.

10. ‑а; мн. хады́, ‑о́ў. Месца або адтуліна ў сцяне будынка, памяшкання, праз якое ўваходзяць куды‑н., уваход. Парадны ход. Чорны ход. □ Неўзабаве Міхалка пачуў, як Сцепуржынскі і Скуратовіч увайшлі ў дом праз чысты ход. Чорны. У Эмы няма цяпер пакойчыка з асобным ходам, яна жыла ў нейкіх пенсіянераў, пры якіх быў яшчэ жанаты сын з бяздзетнаю жонкай. М. Стральцоў.

11. ‑а; М у хо́дзе; мн. хады́, ‑о́ў. Месца, па якому ходзяць; калідор, тунель. Падземны ход. □ Траншэі і хады зносін цягнуліся ў некалькі радоў усцяж па ўсяму фронту. Мележ. Бацька вельмі добра ведаў лес, ведаў усе хады ў ім, ведаў, дзе што расце. Сачанка.

12. ‑у; мн. хо́ды, ‑аў; перан. Магчымасць дасягнення чаго‑н. Так рад ён [чалавек], што тут апынуўся, Дзе ёсць чалавеку больш ходу. Колас.

•••

Жалезны ход — ніжняя хадавая металічная частка воза або іншых якіх‑н. транспартных сродкаў.

Малы ход — запаволены ход судна, а таксама каманда, якая перадаецца ў машыннае аддзяленне для змяншэння ходу судна.

Поўны ход! — словы каманды, якія абазначаюць: з гранічнай скорасцю.

Ведаць усе хады і выхады гл. ведаць.

Даць задні ход гл. даць.

Даць ход гл. даць.

Ісці ў ход гл. ісці.

На хаду — мімаходам, хутка.

На хаду падноскі адарваць гл. адарваць.

Не даць ходу гл. даць.

Па ходу справы — у залежнасці ад абставін.

Поўным ходам — інтэнсіўна, узмоцнена (ідзе, ішло і пад. што‑н.).

Пусціць у ход гл. пусціць.

Сваім ходам — а) пехатой; б) работай свайго матора.

Ход канём — аб рашучым сродку, што выкарыстоўваецца для дасягнення поспеху ў якой‑н. справе.

Ходу няма каму-чаму гл. няма.

Хрэсны ход — царкоўнае шэсце з крыжамі, харугвамі і абразамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)