жывёла, -ы, мн. -ы, -вёл, ж.

1. Усякая жывая істота, арганізм, якія маюць здольнасць рухацца і адчуваць і харчуюцца ў адрозненне ад раслін гатовымі арганічнымі злучэннямі.

Тыпы і віды жывёл.

Беспазваночныя жывёлы.

Дзікія жывёлы.

2. зб. Свойская сельскагаспадарчая скаціна.

Накарміць жывёлу.

3. перан. Пра чалавека, які вызначаецца грубымі, нізкімі паводзінамі, учынкамі і пад. (разм., лаянк.).

|| прым. жывёльны, -ая, -ае.

Ж. свет.

Ж. арганізм.

Жывёльныя пабуджэнні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Вале́шнік ’абгароджанае месца для жывёлы ў полі або ў лесе’ (Яшк.). Да валіць, валяцца. Параўн. рус. вальнище ’месца, дзе адпачываюць дзікія жывёлы’. Магчыма, слова збліжана з вольха або валежнік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бесталко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Някемлівы, няцямлівы, неразумны. Бесталковы гаспадар.

2. Бязладны, хаатычны; бяссэнсны. А думкі, бесталковыя, дзікія думкі заварушыліся ў ім [у Васілю] скора-скора, як снег. Колас. [Дубовік] ішоў дадому з такім адчуваннем, нібы толькі закончыў нейкую бесталковую беганіну. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́хапіцца, ‑юцца; зак.

Разм. Нечакана і хутка з’явіцца адкуль‑н. Полымя выхапілася з-пад страхі. □ За лесам выхапілася поле, потым надышоў пералесак, вузенькая ручаіна. Мележ. Дзікія качкі выхапіліся аднекуль з-за лазнякоў і спалохана шуганулі ў неба. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лясны́, лясны́й, ліснэ́й ’уласцівы лесу’, ’які жыве, расце, знаходзіцца ў лесе’, ’багаты лесам, лясісты’, ’які мае адносіны да лесаводства’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ); ’дзікі’ (пра яблыні, пчолы)’ (глыб., віл., іўеў., воран., чэрв., Сл. ПЗБ). Прасл. lěs‑ьnъ. Да lěsъ > лес (гл.). Значэнне ’дзікі’ — уплыў балтыйскага субстрату; цяпер яму адпавядаюць лат. прыметнікі ад mežs ’лес’: meža pīle ’дзікая качка’ męża zvēriдзікія звяры і інш.’ (Непакупны, Связи, 77–82). Сюды ж лясныя пчолыдзікія пчолы’ (чэрв., іўеў., воран., З нар. сл.); лясны клоп ’смярдзюха’ (Сцяшк.), польск. leśnieć ’дзічэць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гусь, ‑і; Р мн. гусей; ж.

Буйная вадаплаўная птушка сямейства качыных з доўгай шыяй, свойская або дзікая. Гусі шэрыя крык узнялі Над ракой ля прыціхлай вярбы. Панчанка. Угары доўгім ланцугом ляцяць дзікія гусі. Гамолка.

•••

Як з гусі вада гл. вада.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лысну́шкі ’яблыкі з дзічкі’ (Касп.). Да лес (гл.). Утворана ад лясны і суфікса ‑ушк‑і. Параўн. барыс. лясоўка ’дзікая яблыня’ (Сл. ПЗБ). Ацвярдзенне л‑ адбылося пад уплывам лысы (дзікія яблыкі могуць мець крапінкі-лысінкі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на першабытнай стадыі развіцця (пра людзей). Дзікія плямёны. // Не прыручаны, які жыве на волі ў адрозненне ад свойскага (пра жывёл і птушак). Дзікая каза. Дзікія гусі. □ Дзікі япрук рые зямлю ў глухіх закутках. Чорны. Час ад часу пачуеш вурчанне дзікіх галубоў, відаць, таксама стомленых спякотай. Брыль. // Не культываваны, які расце на волі ў адрозненне ад садовага, агароднага (пра расліны). Дзікая канюшына. Дзікая груша. □ Варвара прысела на лаўку ў альтанцы, апавітай дзікім вінаградам. Васілевіч. // Не крануты рукой чалавека; недаступны; нязведаны (пра абшары, прасторы). Дзікія нетры. Дзікія джунглі. Дзікія горы. □ Кіпіць, булькоча вада, старанна варочаючы скрылікі бульбы, а неўзабаве засквірчыць, запахне па-хатняму сала з цыбуляй — адзнака таго, што гэты бераг з усёй сваёй .. дзікай прыгажосцю абжыты гаспадаром, зямлі. Брыль. Бездань сініх вышынь, Дзікай Арктыкі лёд Добра нам вядомы. Колас.

2. Незаселены, неабжыты; глухі, запушчаны. [Зося] мінула гэтае ціхае цяпер, пустое.. дзікае месца. Чорны. — Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут сядзець. Маўр.

3. Нястрымны, неўтаймаваны, шалёны. Твар .. [Стафанковіча] завастрыўся, вочы глядзелі з дзікай зайздрасцю. Чорны. Дрыжачымі пальцамі зноў замацоўваў Мікола лыжы, у душы яго кіпеў нейкі дзікі гнеў. Навуменка.

4. Які пераходзіць межы нармальнага; неверагодны. Дзікі крык. □ Залямантавала бабка, але тут жа і сціхла, быццам гэты доктар сваімі рукамі зваліў з яе старых знясіленых плеч цэлую гару дзікага болю. Васілевіч. Пра, дзікія .. гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. // Жорсткі, зверскі, люты. Дзікае забойства. Дзікая расправа. □ .. [Нор] не хоча вяртацца.. у тую краіну дзікіх законаў.. Бацьку яго лінчавалі, маці памерла, шукаючы работы. Шамякін.

5. Дзіўны, незвычайны, недарэчны. Дзікая думка. □ І ніхто не разважыў, што гэта вясна Напляла дзікіх планаў, каторых не здзейсніць. Глебка.

6. перан. Які дзічыцца, пазбягае людзей; недаверлівы, нелюдзімы. Дзікі хлапчук. □ Мне ўжо і бабы казалі: «Дзікі якісь твой госць. Усё адзін, адзін». Вышынскі.

7. Не звязаны з пэўнай арганізацыяй; нелегальны. — Слухай, Пятро Макаравіч, хто ў нас пазірае за будаўніцтвам прыватных дач? .. Я маю на ўвазе дачы дзікія, што растуць у другіх месцах як грыбы. Шамякін. Пляж зваўся «дзікім», і людзей на ім ніколі не бракавала. Васілёнак.

•••

Дзікае мяса гл. мяса.

Дзікім голасам гл. голас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Леснікі́ дзікія, лясныя яблыкі’ (в.-дзв., Шатал., Працы, 6). Шляхам універбізацыі са словазлучэння лясныя яблыкі. Пасля ад формы адз. л. леснік утворана в.-дзв. леснічыха ’дзікая яблыня’ (Шатал.). Гэтак жа і зах.-укр. лесниця, лісниця ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзічы́на, ‑ы, ж., зб.

Дзікія звяры і птушкі, мяса якіх ідзе ў ежу. На балотах, на рэках, у лясах найбагацейшыя віды птушак і дзічыны. Чорны. Цэлы дзень у пошуках дзічыны я блукаў аднойчы па тайзе. А. Вольскі. // Мяса гэтых звяроў і птушак. Насмажыць дзічыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)