пастро́іцца, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.

Стаць у строй, размясціцца ў нейкім парадку. Падаў каманду лейтэнант Пастроіцца ў рады. Броўка. Ды вось дзяўчаткі пастроіліся па дзве і, трымаючыся за рукі, пайшлі. Брыль. Раніцою батальён пастроіўся на пляцы. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блізня́ты, ‑нят; адз. блізня і блізнё, ‑ніці, Т ‑нём, н.

Дзеці адной маці, якія нарадзіліся адначасова. Па вуліцы ішлі Хведаравы дзяўчаткі-блізняты. Паўлаў. / у перан. ужыв. Вясною неяк бачыў зводдаль Два азярцы ў цішы лясной. Такія роўныя абодва, Нібы блізняты між сабой. Гілевіч. Нясмелы і няўмелы — блізняты. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апра́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Тое, што і вопратка. А маладзенькія ялінкі Пад белым пухам чуць заметны; Яны так мілы, так прыветны, Бы тыя красачкі-дзяўчаткі, Надзеўшы гожыя апраткі. Колас. Стала холадна адразу ўсяму, і здавалася, што цела толькі пад адным кажухом, што на ім няма больш ніякай апраткі. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уве́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак., у чым і з дадан. сказам.

Разм. Канчаткова пераканацца ў чым‑н. [Калядка:] — Ну як, таварыш Кавалёў, што вы выхадзілі? [Кавалёў:] — Па праўдзе сказаць, нічога. Толькі ўверыўся, што балота непраходнае. Чарнышэвіч. Дзяўчаткі ідуць пазней, надта ж развясёлыя. Аж сцены звіняць ад смеху. Быццам, усё ўжо яны спазналі, уверыліся ў сваім шчасці. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адва́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Асмеліцца зрабіць, сказаць што‑н., выявіць рашучасць, адвагу. Прайсціся трэці раз Сцёпка не адважыўся: лёгка магло стацца так, што хто-небудзь з суседзяў мог бы звярнуць на яго ўвагу. Колас. Хлопчыкі і дзяўчаткі, якія можа ўпершыню ў жыцці адважыліся адмераць доўгія кіламетры ад сваёй вёскі да мястэчка, ідуць купляць падручнікі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́гарадзь, ‑і, ж.

1. Агароджа з жэрдак, дроту і пад.; плот. Дзядзька Харытон яшчэ вясной абнёс проса загараддзю з ядлоўцу. Бажко. Уперадзе загарадзь з калючага дроту. Дамашэвіч.

2. Абгароджанае, выгараджанае месца для жывёлы, птушак; загарада. Дзяўчаткі .. паспелі вынесці качанят з хлеўчука на двор і пусціць у загарадзь. Шыловіч. Па баках хлява загарадзі для кожнай паасобна каровы. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўцёкі, прысл.

Бягом, уцякаючы ад каго‑, чаго‑н. Калі Лабановіч паказаўся ў кухні, .. [вучні] кінуліся наўцёкі. Колас. Яшчэ хвіліна, і малады алень адскочыў убок, потым павярнуўся і кінуўся раптам наўцёкі. В. Вольскі. Дзяўчаткі зарагаталі і, падхапіўшы пад рукі сваю меншую сяброўку, пабеглі наўцёкі. Чорны. / у знач. вык. [Алеська:] — Не паспеў падысці да абгарэлай сасны.., а нехта як выскачыць з лесу ды як запляскае. Я — наўцёкі. Ігнаценка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пужлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які лёгка і скора пужаецца; палахлівы. Дзядзькаў дом глынуў тады яго [Язэпа], маленькага, пужлівага. Бядуля. Дзяўчаткі пужлівыя, хлопцы нязграбныя, І хмель веснавы на гарачых губах! Панчанка. // У якім выражаецца страх, спалох. [Ліда] памятала толькі.. [Паўлаў] пужлівы шэпт, баязлівы позірк і мітуслівыя рухі. Васілевіч. // Уласцівы таму, хто пужаецца, палохаецца. Хлопчык слухаў у здзіўлены, Вочы кідаў на карчы, а ў пужлівым уяўленні Ўсталі чэрці-рагачы. Колас.

•••

Не з пужлівага дзесятка гл. дзесятак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аўра́л, ‑у, м.

1. Сумесная работа на марскім судне, у якой удзельнічае ўся каманда.

2. перан. Празмерна спешная работа ўсяго калектыву, выкліканая адсутнасцю планамернасці ў працы. Па вадзе, падкасаўшыся, бегалі хлапчукі і дзяўчаткі, будавалі земляныя «плаціны». Але вада рвала іх, і тады аб’яўляўся аўрал: крычалі, папракалі адзін аднаго, камандавалі. Шамякін. Для мар і спрэчак ночы не хапала, а ў дзверы грукаў раніцай прафорг. — Выходзь, навукі геніі, аўралам ад утылю ачысцім двор! Русецкі.

[Англ. over all — наверх усе.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жах 1, ‑у, м.

1. Моцны страх да знямення. Хрысціна знямела ад жаху. Васілевіч. Дзяўчына ўпершыню ўгледзела смерць. Яе ахапіў такі жах, што яна хацела крыкнуць, але не магла. Гурскі.

2. звычайна чаго. Трагічнасць, бязвыхаднасць. — Яшчэ душа адплатаю гарыць — Ні смерці жах, ні чорны цень магілы Агонь душы не здольны пагасіць. Бачыла. // звычайна мн. (жа́хі, ‑аў). Трагічная з’ява, страшнае здарэнне. Жахі вайны. □ За тыя дні, пакуль .. [Рыгора] не выклікалі на допыт, ён наслухаўся гэтакіх жахаў, што валасы дыбка станавіліся. Сабаленка.

3. у знач. вык. Жахліва (у 2 знач.), страшна (пра тое, што непрыемна здзіўляе). — Што я ўбачыў дома — гэта жах. .. [Маці] ледзьве стаіць на нагах і нічога не бачыць. Чорны.

4. у знач. прысл. Разм. Вельмі, незвычайна. — Як хочаце, дзяўчаткі, а я — дахаты. Не абедала яшчэ, есці хачу — жах! — адказала .. [Марынка]. Хадкевіч. / Са словамі «як», «які»: жах як, жах які. Жах як далёка. // У спалучэнні са словам «колькі» азначае: вельмі многа. Жах колькі снегу.

•••

Даць жаху гл. даць.

жах 2, выкл.

1. Ужываецца як гукаперайманне для абазначэння шорхання, удару і пад. На шырокім прасторы светла-жоўтага жытняга поля чуваць шорханне. — Жых-жах, жых-жах, — гутараць сярпы з цвёрдымі сцёбламі. Бядуля.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца ў значэнні дзеяслова жа́хнуць, жа́хнуцца і жа́хаць, жа́хацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)