Па́па1 ’вярхоўны галава рымска-каталіцкай царквы і дзяржавы Ватыкан’ (ТСБМ). Рус., укр. па́па, ст.-рус. папа. З лац. pāpa ’тс’ < pāpa ’бацька’ (Міклашыч, 231; Праабражэнскі, 2, 13; Фасмер, 3, 200). Ст.-бел. папа з XV ст. (Булыка, Даўн. запазыч., 235).

Па́па2 дзіцяч. ’хлеб’ (Нас., Касп., Шат., Гарэц., Янк., Янк. 2, Янк. БП, Сцяшк. МГ, Бяс., Клім.), па́пка. Рус., укр. па́па, чэш. pápa, papa, славац. papa ’дзіцячая ежа’. Паводле Махэка₂ (432), з падвоенага дзіцячага па‑па. Слова шырока распаўсюджана ў іншых мовах: параўн. лац. pappa ’каша’, нов.-в.-ням. Pappe ’дзіцячая каша’, сяр.-в.-ням., гал., англ. pap ’каша’ (гл. Фасмер, 3, 200; там жа і інш. літ-ра).

Па́па3 ’бацька’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.; Яшкін, Назвы). З рус. па́па ’тс’, якое, верагодна, з франц. papa. Слова дзіцячай мовы, якое набліжаюць да папа2 (гл. Фасмер, 3, 200).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́яць, ла́іць ’гаўкаць’, ’сварыцца, зневажаць, крычаць на каго-небудзь абразлівымі словамі’, ’ганьбіць, бэсціць’, ’дакараць, рабіць вымову’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Гарэц., Бяльк., Касп., Шат.; горац.-маг., паўн.-усх., КЭС, Сл. паўн.-зах.), лаяцца, лайіцца ’адзін аднаго зневажаць брыдкімі словамі’ (КЭС, лаг.), ’сварыцца’ (Нас., Бяльк., Касп., Шат., Сл. паўн.-зах.), ’скардзіцца, наракаць’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. лаяти ’сварыцца, ганіць’, але ла́я, лая́ ’гайня сабак’, рус. лаять ’брахаць, гаўкаць’, ’выць (пра ваўка)’, ’квакаць’ (аб жабе), ст.-рус. лаяти ’гаўкаць’, ’сварыцца’, ’злавацца, юшыцца’. Польск. łajać ’сварыцца, праклінаць’, паўн.-каш. łajać ’гаўкаць’, славін. łai̯ac ’сварыцца’, ’гаўкаць’, ’балбатаць’, чэш. láti ’сварыцца’, (а значэнне ’гаўкаць’ запазычана паэтамі з рус. мовы), н.-луж. łajaś ’гаўкаць’, ’сварыцца’, славен. lájati, серб.-харв. ла̏јати, макед. лаам, балг. лая ’гаўкаць’, ’сварыцца, ганіць’, ’пляткаваць’, ст.-слав. лаꙗти ’гаўкаць’, ’ганіць, знеслаўляць’. Прасл. lajati генетычна суадносіцца з літ. lóti ’гаўкаць’, лат. lāt ’тс’, ст.-інд. rā́yti ’гаўкае’, асец. ræin, ст.-грэч. λαίειν, лац. latrāre ’гаўкаць’, алб. leh ’гаўкаю’, ірл. líim ’абвінавачваю’, арм. lam ’плачу’, гоц. laílōun ’яны ганьбяць’ (Фасмер, 2, 468–469; Слаўскі, 4, 432–433 з літаратурай; Шустэр–Шэўц, 10, 759–760). Махэк₂ (321) адрознівае два дзеясловы láti: ’сварыць’, якое ён суадносіць з лат. rāt ’ганіць’, і ’гаўкаць’, якое з прасл. lajati. Скок (261–262) і Жарскі (RKJWroc., 9, 185) прасл. lajati выводзяць з і.-е. la — анаматапеічнага гуку для выражэння паняцця ’гаўканне сабакі’. Сюды ж лаянка ’сварка’ (Гарэц., Касп., Бяльк., Шат., ТСБМ) — бел.-укр. ізалекса < ла́ены ’ганебны’ (Нас.). Польск. даўн. łajanka ’лаянка’ з бел. мовы (гл. Слаўскі, 4, 434).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)