выспець, даспець, саспець, паспець

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

*Зары́ць, зоры́ты ’спаліць (на сонцы збожжа)’ (кобр., Жыв. сл.), зоры́тысь ’даспяваць’, ’загараць’ (драг., Клім.). Рус. дыял. зо́рить ’пакідаць на корані для даспявання, даспяваць’. Славен. zoríti ’рабіць спелым’, серб.-харв. зо̀рити ’стаць спелым’. Ц.-слав. зорити ’даць даспець’. Таго ж кораня, што рус. зреть ’спець’ з іншай ступенню чаргавання галоснага: *zьr‑/*zor‑ з і.-е. *gʼer‑ ’спець, старэць, церці’: грэч. γέρων ’стары’, ням. Kerl уст. ’стары чалавек’, да гэтага ж кораня зерне. Старое значэнне захавалася ў зоры́тысь ’даспяваць’, адкуль ’спаліць (тое, што раскладзена на сонцы для даспявання)’. Фасмер, 2, 104–105; Траўтман, 371–372; Покарны, 1, 390–391; БЕР, 1, 656. А. Ф. Жураўлёў (пісьм. паведамл.), указваючы на абрад выстаўлення зерня для даспявання пад свет зорак, дапускае магчымасць сувязі з зорка, зорыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спець ‘рабіцца спелым, выспяваць (пра гародніну, злакі і пад.)’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спі́ти, рус. спеть, стараж.-рус. спѣти ‘спяшацца, імкнуцца, садзейнічаць’, польск. śpiać ‘спяшацца, наганяць’, в.-луж. spěć ‘удавацца’, чэш. spěti ‘спяшацца’, славац. spieť ‘тс’, серб.-харв. до́спијетидаспець, паспець’, славен. spéti ‘спяшацца, спець’, балг. спе́я ‘спець’, ст.-слав. спѣти, спѣѭ. Прасл. *spěti, *spějǫ ‘спець; спяшацца; дасягаць’ роднаснае літ. spė́ti ‘паспяваць; мець час, мець вольны час’, лат. spẽt ‘пераадольваць, магчы’, ст.-інд. sphāyāte ‘ён працвітае, сыцее’, ст.-в.-ням. sputen ‘спяшацца’, лац. spatium ‘прастора, працягласць’, да і.-е. *spe‑ ‘удавацца, добра расці’. Гл. Покарны, 983; Траўтман, 274; Фасмер, 3, 734 з іншай літ-рай; Шустар-Шэўц, 1338; Бязлай, 3, 297; Борысь, 619; ЕСУМ, 5, 375–376. Уваходзіць у гняздо прасл. *spěxъ (гл. спех), *spěšiti (гл. спяшацца), *sporъ (гл. спор1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дайсці́, дайду, дойдзеш, дойдзе; пр. дайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. дайдзі; зак., да каго-чаго.

1. Ідучы ў пэўным кірунку, дасягнуць якога‑н. месца. Вера дайшла да сваёй хаты і прысела на лавачцы перад гародчыкам. Паслядовіч. Доўгім і вузкім дваром .. [Сцяпан з сястрой] дайшлі да пуні. М. Стральцоў. // Рухаючыся, дасягнуць якога‑н. месца (пра поезд, машыну, параход і пад.). Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч. // Дасягнуць месца прызначэння (пра пісьмы, тэлеграмы і пад.). А маці, нібы адгадвала яго [сынавы] думкі, запытала: — Ліст наш ці дайшоў жа да цябе, што Макар пісаў? Галавач. // Звярнуцца да каго‑н. у вышэйшай інстанцыі (з заявай, скаргай і г. д.). — Я дайду да сакратара райкома! — крыкнуў Несцер Іпатавіч. Дубоўка.

2. Распаўсюджваючыся, дасягнуць слыху, нюху; данесціся (пра гукі, пахі і пад.). Крык не дайшоў да вушэй. □ Пах салодкі [праснакоў] дайшоў да гультайкі-дачкі. Дубоўка. // Стаць вядомым, распаўсюдзіцца (пра весткі, чуткі і пад.). Да Салаўёва неяк дайшлі чуткі, што яго збіраюцца замяняць. Шахавец. Вестка, што Язэпава золата знайшоў Базыль, дайшла і да Лукер’і. Сачанка. // Выклікаць якія‑н. пачуцці, знайсці водгук (у сэрцы, душы і пад.). [Купала:] — Ці ўдасца мне сказаць такое слова, каб дайшло яно да людскіх сэрцаў. Вітка. Выйшла маці і села побач. .. Відаць, яе паклікала сюды песня, чымсьці дайшла да сэрца. Пестрак. // Стаць зразумелым, асэнсаваным, пранікнуць у свядомасць. Да Нора не адразу дайшоў сэнс таго, што сказала гэтая прыгожая руская жанчына ў афіцэрскай форме. Шамякін. / у безас. ужыв. Мікалай стаяў і нібы не разумеў, што тут адбываецца. Нарэшце да яго дайшло. Чарнышэвіч. // Захавацца, зберагчыся да якога‑н. часу (пра паданні, помнікі пісьменнасці і пад.). Гэту ж казку-быліну людзі склалі ў свой час, а яна з той часіны і дайшла аж да нас. Машара. З глыбінь стагоддзяў дайшла да нас мара працоўнага чалавека вырвацца з няволі. «ЛіМ».

3. Змяняючыся, дасягнуць якога‑н. узроўню, распаўсюдзіцца да пэўнай мяжы (пра аб’ём, колькасць і інш.). Мароз дайшоў да дваццаці градусаў. Вада дайшла да краёў.

4. Прыйсці ў які‑н. стан, дасягнуць крайняй ступені праяўлення чаго‑н. Дайсці да знямогі. □ Толькі рускія махісты маглі дайсці да таго, каб сцвярджаць «спалучальнасць» юмаўскага агнастыцызму з матэрыялізмам Маркса і Энгельса. Ленін. Хлопец дайшоў ужо да такога стану разгубленасці, калі чалавек не здольны ні думаць, ні бачыць, ні гаварыць. Карпюк.

5. Разм. Дасягнуць разумення чаго‑н.; дадумацца, разабрацца, разведаць. Дзядзька Максім — чалавек цікаўны, пакуль да ўсіх дробязей не дойдзе — не адступіцца. Пянкрат. Мудры дзед. Век зжыў, пабадзяўся па людзях, пабачыў. Такія ў вёсцы — філосафы. Варожаць і на ўраджай і на пагоду. Дзе не розумам, то хітрасцю дойдуць... Пташнікаў.

6. Дабрацца да каго‑, чаго‑н. па парадку; настаць чыёй‑н. чарзе. Дайсці ў размове да галоўнага. □ І вось, калі першая чарка дайшла да .. [Лабановіча], ён падзякаваў гаспадару і перадаў чарку суседцы. Колас. Я адразу здагадаўся: справа дайшла да арыфметыкі. Зноў не атрымліваецца задачка. Няхай. // Дасягнуць пэўнага службовага становішча. Дайсці да чына палкоўніка.

7. Шчыльна прыстаць; стаць на сваё месца (аб тым, што падганяецца, дапускаецца, прыладжваецца). Дзверы добра дайшлі да пазоў.

8. Разм. Аслабець, выбіцца з сіл; памерці. Паранены звер дайшоў. □ — Не штука з голаду дайсці пры такой рабоце, — апраўдваючыся, пачаў Саша. Вітка.

9. Разм. Стаць гатовым (аб тым, што пячэцца, смажыцца і пад.). Пірагі дайшлі. // Даспець. Памідоры за пагодай яшчэ дойдуць.

•••

Дайсці да чыіх вушэй — стаць вядомым каму‑н.

Дайсці (да) ладу — разабрацца, дабіцца толку.

Дайсці да памяці — апрытомнець.

Дайсці да розуму — паразумнець, разабрацца ў чым‑н.

Дайсці (дабіцца) да ручкі — прыйсці ў крайне дрэнны, непрыгодны стан. — Цьфу, каб ты згарэла! — вылаяўся ён праз кашаль. — Ужо і курыць не магу. Дайшоў Антось да ручкі. Брыль.

Дайсці да смаку — адчуць задавальненне ад чаго‑н., праявіць вялікую цікавасць, любоў да чаго‑н.

Дайсці да торбы — вельмі збяднець, стаць жабраком.

Дайсці сваёй галавой (розумам) — самастойна разабрацца ў чым‑н. Не мог дайсці Мікіта сваім розумам, чаго так настойліва прасіў бацька не казаць Анісіму, што ў вёску надоечы прыехала з горада Вера. Сачанка.

Дайсці свайго — дабіцца пастаўленай мэты.

Рукі не дайшлі гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)