сці́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Кухонная анучка для выцірання стала.

2. Гумка для сцірання напісанага. Напісанае пяром прыходзілася выскрабаць ножыкам, бо сцірка не памагала. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жва́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Паўторнае перажоўванне жвачнымі жывёламі ежы, якая адрыгаецца ў поласць рота. Згубіць жвачку. // Ежа, якая паўторна перажоўваецца. Падласка ляжыць каля плота, на сонейку, спакойна глядзіць і перажоўвае жвачку. Брыль.

2. Разм. Гумка, табака і інш., якія ўжываюцца для жавання. Гум[а]вую жвачку жуе У крэсле заморскім палкоўнік. Калачынскі. // перан. Нуднае, надакучлівае паўтарэнне аднаго і таго ж. Пішам пра сучаснікаў мы сумна — Траскатня ці жвачка са слязой. Панчанка.

•••

Жаваць жвачку гл. жаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расцягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падоўжыцца, павялічыцца ад нацягвання. Гумка расцягнулася. Пальчаткі расцягнуліся. □ Кофта расцягнулася, асабліва на локцях і на грудзях. Арабей. // Пашкодзіцца ад моцнага напружання, удару, неасцярожнага руху (пра сухажылле, звязкі і пад.).

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рухаючыся, размясціцца доўгім, рэдкім з прамежкамі радам. Калона з пяці фурманак расцягнулася на цэлы кіламетр. Рамановіч. Выйшлі [партызаны] апаўдні. Расцягнуліся ланцугом між сосен. Навуменка. // Размясціцца паласой на якой‑н. (часцей значнай) адлегласці. Стары горад расцягнуўся ўздоўж Прыпяці на трынаццаць кіламетраў. В. Вольскі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прадоўжыцца да якога‑н. часу або доўгі час; зацягнуцца. Работа расцягнулася на тыдзень. □ Расцягнулася размова, каб закончыцца на згодзе. Дубоўка.

4. Легчы выцягнуўшыся. Сяргей расцягнуўся на траве воддаль вогнішча, узіраўся ў зорнае летняе неба. Машара. Сцёпка прывязаў каня да біла калёс, сам расцягнуўся на возе. Хомчанка. // Упасці ўсім целам. Міхаська ад страху кінуўся бегчы, зачапіўся за нейкі корань і расцягнуўся на зямлі. Сіняўскі. Халуста імгненна апынуўся каля дзвярэй, зачапіўся нагой за парог і расцягнуўся на зямлі. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)