загугня́віць, ‑няўлю, ‑нявіш, ‑нявіць; зак.

Пачаць гугнявіць. // Гугнява прагаварыць; прагугнявіць. — Ну, памятай, Пятрас! — загугнявіў .. [Парэчкус] і закульгаў перад міліцыянерам. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гамза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Абл. Гугнявіць. — Валодзя не лічыў, а гамзаў... Мне не хацелася яго слухаць, — насілу вымавіў Федзя і пачаў адзявацца. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гугні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Разм. Тое, што і гугнявіць. У пана Цабы нос быў доўгі, чырвоны, і настаўнік гугніў у яго неяк вельмі ж адмыслова. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вугня́віць ’гаварыць гугнява’ (Юрч.); ’хныкаць’ (Шатал.), вугня́вы прым. ’чалавек, які гаворыць у нос, гугнявы’ (Янк. Мат., Юрч., Шатал.), вугна́ты ’тс’ (Мат. Гом.). Гл. гугнявіць; в з’явілася вынікам успрымання г як пратэзы і замены яго пратэтычным в.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гугня́ць, гугня́віць (БРС, Шат., Бяльк.), гугна́ць, гугна́віць (Нас.). Параўн. яшчэ гуня́ва ’гугнява’ (Касп.). Прасл. *gǫgnati ’гаварыць у нос’, *gǫgniti (слав. матэрыял гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 81–82). Словы гукапераймальнага паходжання (рэдуплікацыя першапачатковага gn). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 470.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вужла́к ’нарасць, жаўлак’ (БРС). Няясна. Магчыма, ад гуз, гузак ’нарасць, жаўлак, шышка’ з іншай суфіксацыяй і заменай г на в у выніку ўспрымання яго як пратэзы (гл., напр., вугнявіць з гугнявіць і дыял. вузыр ’камель снапа’ з гузыр ’тс’). Параўн. каш. gužel, gužlak ’шышка, нарасць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Му́мрыць ’раздражнёна, незадаволена гаварыць пад нос’ (Сцяц.), ’паціху парыкваць (аб карове)’, ’гугнявіць’ (ТС), ’мармытаць’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), мумрыну́ты ’прамармытаць’ (Клім.), драг. мумрыта́ты ’мармытаць’ (З нар. сл.), момрыць ’невыразна гаварыць’ (шчуч., Сцяшк. Сл.), рус. валаг. му́мрить, укр. мимрати, мимрити, польск. mumrzeć, чэш. mumrati. Старое анаматапеічнае ўтварэнне, роднаснае да мумліць (гл.) (Бернекер, 2, 75; Фрэнкель, 419; Фасмер, 3, 9; Бязлай, 2, 194).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мармыта́ць, мармата́ць, марміта́ць, мормота́ць ’выдаваць невыразныя гукі’, ’гугнявіць’, ’муркаць’, ’бурчэць (аб сабаку, мядзведзі)’, ’муркаць, варкатаць (пра ката)’, ’гаварыць ціха і невыразна’, ’бубніць’, ’гаварыць незадаволена, праз зубы’, ’ціха мыкаць (аб карове)’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС, Мал.; КЭС, лаг.; полац., Нар. лекс.), шчуч. мармату́н (Сл. ПЗБ, КЭС, лаг.), мармота ’воўк (у загадцы)’ (ТС), мармуту́н ’чалавек, які невыразна гаворыць, бубніць’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’хто гаворыць сам з сабой’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр. момотати, мормотати ’мармытаць’, рус. алан., валаг., пск., цвяр. мормотать ’тс’. Гукапераймальнае, як літ. murmė́ti ’тс’, ст.-інд. murmuras ’трэскае (пра агонь)’, marmaras ’шаматлівы’, лац. murmurāre ’мармытаць, шалясцець’, ст.-грэч. μορμύρω, арм. mṙmṙam, mṙmṙim ’мармычу, бурчу, раву’, ст.-в.-ням. murmulôn ’мармытаць’ (Фасмер, 2, 656).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вуж1 (БРС, Нас., КТС, Шат., Касп., Грыг.). Рус. уж, ужа́, укр. вуж, ст.-рус. вужь, польск. wąż, węża, чэш., славац. užovka, н.-луж. huž ’змяя, чарвяк’, славен. vȏž. Прасл. *ǫžь. Роднаснымі з’яўляюцца літ. angìs, він. скл. añgì ’ядавітая змяя’, лат. ùodzs, uôdze ’гадзюка’, ст.-прус. angis ’змяя’, лац. anguis ’змяя’, ст.-в.-ням. unc ’змяя’, ірл. esc‑ung ’вугар’ (г. зн. вадзяная змяя). Звязана з вугор1 (гл.) (Траўтман, 8; Фрэнкель, 10; Фасмер, 4, 150 і наст.).

Вуж2 ’прывязка, якой прымацоўваецца біч да цапільна’ (ДАБМ, 829, 138); ’тоўстая вяроўка’ (Хрэст. дыял., 333); ’частка хамута, гуж’ (Сцяц.). Гл. вужышча. У формах вужва, ужва (ДАБМ, к. 259) ‑ва нельга вытлумачыць іначай, як з гужва (гл.); параўн. прасл. *gǫžьvь, дзе яно заканамернае. Верагоднай з’яўляецца і роднасць *gǫžь і *ǫza (Бернекер, 1, 343; Брукнер, 137; Праабражэнскі, 1, 167), асабліва калі тлумачыць г як пратэзу (Якабсон, Word, 8, 1952, 388); параўн. вугнявіць‑гугнявіць, укр. вуж‑гуж і г. д. Інакш гл. Фасмер, 1, 471.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гаварыць, казаць, гаманіць / ціха, невыразна: мармытаць, муркаць, гугнець, гугнявіць / абменьваючыся думкамі: гутарыць, размаўляць, перагаворвацца, перамаўляцца, субяседнічаць; баіць, балбатаць, балабоніць, балабаніць, прастарэкаваць, лепятаць, лапатаць, ляпаць, пляскаць, бурчаць, плявузгаць, вякаць, чаўпці, вярзці (разм.); красамоўнічаць (разм. іран.) / абменьваючыся думкамі: зюзюкаць, дудукаць, тарабарыць, балакаць, сакрэтнічаць / на незразумелай мове: гергетаць (разм.); гуторыць, талкаваць, дзейкаць (абл.); выступаць, спяваць, трашчаць, барабаніць, бубніць, трубіць, гусці, рэзаць, сыпаць, плесці, несці, гарадзіць, малоць (перан.); брахаць, гаўкаць (перан., груб.) □ весці размову, весці гутарку, мець гутарку, весці гамонку, трымаць гаворку, перакідвацца словамі, трубіць у вушы, званіць ва ўсе званы, біць у бубен, распускаць язык, часаць язык, мазоліць язык, малоць языком, трапаць языком, мянціць языком, мянташыць языком, пераліваць з пустога ў парожняе, тачыць лясы, тачыць балясы, разводзіць балясы, разводзіць балачкі, разводзіць тары-бары

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)