чарні́ць, чарню, чэрніш, чэрніць; незак.

1. што. Рабіць чорным; фарбаваць у чорны колер. Сам думаю пра Ніну: як яна будзе прыбіраць мой пакойчык, глядзецца ў люстэрка і чарніць бровы ці прычэсваць валасы... Мыслівец. // Забруджваючы дымам, куродымам, чадам і пад., рабіць чорным што‑н. Два коміны цеплавой электрастанцыі дымам чарнілі шэрае неба. Грамовіч.

2. перан.; каго-што. Няславіць, ганьбаваць, прадстаўляць у дрэнным выглядзе каго‑, што‑н. Адзін толькі кульгавы Базыль, сусед іхні, заўсёды чарніў Алёшку перад людзьмі. Якімовіч. «Які ж ты кусачы, — прыслухоўваючыся да .. фальцэту [Барабанава], не без злосці думаў Рудчанка. — Усё чэрніш. Хочаш паказаць, што ў нас усё дрэнна». Сіўцоў.

3. што. Пакрываць чэрню ​2. Чарніць сярэбраныя вырабы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Вельмі ўважліва, напружана глядзець куды‑н., на каго‑, што‑н.; углядацца. Карней Пятровіч прыстаўляе да вачэй руку і ўзіраецца ўдалеч. Даніленка. Час ад часу хлопчык адрываўся ад работы і пільна ўзіраўся ў бок вёскі: ці не ідзе хто чужы да іх. Курто. Усе бедавалі, войкалі, скрыжаваўшы рукі на грудзях, узіраліся ў дзіця. Марціновіч. Пятро Фёдаравіч задумаўся і доўга ўзіраўся на дарогу, выціраючы рукою запацелае шкло. Пташнікаў. / у перан. ужыв. У будучнасць людзі ўзіраюцца смела. Купала. // Пазіраць за кім‑н., прыглядацца да каго‑н. [Шыковіч] пачаў узірацца ў твары людзей, ён здаўна любіў гэтую гульню: адгадваць прафесію чалавека і чым ён заклапочаны ў той момант. Шамякін.

2. Разглядаць сябе ў чым‑н., глядзецца ў што‑н. Станіслаў праз сілу ўзнімаецца з крэсла, падыходзіць да шафы і, раней чым адчыніць яе, узіраецца ў люстраныя дзверы. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)