разраўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

Зрабіць роўным, згладзіўшы складкі, згібы, няроўнасці. [Штаны] моршчацца гармонікамі, і ніякай сілай іх не разраўняеш. Адцягне Пецька рукамі штаніну ўніз — роўна, толькі за другую возьмецца, а першая — пстрык! — і зноў гармонікам. Сяркоў. У Глыбаве разраўнялі палетак вакол клуба, абнеслі прыгожым парканам. Кірэйчык. // Зняць, расправіць (складкі, няроўнасці і пад.). Разраўняць зморшчкі на спадніцы. // Зрабіць раўнамерным, аднолькавым слой чаго‑н. Верка перакінула салому цераз перагародку, перагнулася, каб яе там разраўняць. Гаўрылкін. Трэба было разраўняць грунт, утрамбаваць, падвесці пад ровень. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шумлі́вы 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтварае шум (у 1 знач.). Горы падпіраюць небасхілы, І шумлівых вадаспадаў мчыцца рой. Хведаровіч. Тоненькія, далікатныя, у модных шумлівых плашчыках — абедзвюм год па семнаццаць. Ракітны. Андрэй крыху памаўчаў, задумліва пазіраючы на шумлівую збажыну. Краўчанка.

2. Які любіць шумець, многа, гучна гаварыць, крычаць; шумны ​1 (у 2 знач.). І стол тым часам накрываюць, Гасцей шумлівых запрашаюць. Колас. Шчырыя, шумлівыя, шчасліва дзеці смехам гэткім заліліся, што пачуўся на далёкіх нівах ветлы шолах маладога лісця. Вялюгін. Ганна была дзяўчына шумлівая і сварлівая. Шамякін.

3. Які суправаджаецца шумам, ажыўленнем, мітуснёй. Шумлівая гульня. □ Зазвіняць галасістым гармонікам, прагрукочуць бубнамі ды стукам капытоў шумлівыя вясковыя вяселлі. Ваданосаў. // Напоўнены шумам, мітуснёй. Шумлівая вуліца. □ Чэрвеньскі рынак быў шумлівым, бойкім месцам. Грамовіч. [Зыбін:] — Усё-ткі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Мележ.

шумлі́вы 2, ‑ая, ‑ае.

Які дае пену; пеністы. Шумлівы напітак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пла́ст ’спрасаванае граблямі бярэмя сена’, ’шчыльны слой чаго-небудзь’, ’гарызантальны слой пароды’ (ТСБМ, Др.-Падб., Сцяшк. Сл., Яруш., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк.; сміл., арш., Стан.; ЛА, 2), віл. пласто́к ’бярэмя, ахапак’ (Жыв. сл.), ’плоскі слой гліны’ (Вярэн.; Жыв. НС), ’лён, што застаецца на шчотцы пры часанні кужалю’ (міёр., Шатал.), ’пачаскі’ (воран., Сл. ПЗБ), пла́сцік ’кавалачак парэзанай бульбы’ (Вешт.), пласце́нь ’пласт мёду, сена’ (Нас.), пласт ’укладванне палатна ў час бялення — гармонікам’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’сувой палатна’ (барыс., ЛА, 4), пла́стам ’выцягнуўшыся’ (Нас.). Укр. пласт, пластівʼя ’слой’, ’галіна хвойнага дрэва’, ’складзеная капа сена’, пласцʼе́нка ’абярэмак сена’, пластє́ ’жардзіны, прызначаныя для будаўніцтва’, рус. пласт ’валок скошанай травы’, ’бярэмя сена, якое бярэцца віламі’, польск., в.-луж. płast ’соты’, чэш. plást і plástev, славац. plást ’тс’, ’сотавы мёд’, славен. plȃst, plȃstje, plȃstovje ’слой’, ’малы стог’, серб.-харв. пла̑ст ’капіца, стажок, тарпа’, ’слой’, макед. пласт, балг. пласт ’пласт’. Прасл. *plastъ з мяркуемым першасным значэннем ’шырокі і тонкі слой, пласт’ (Махэк₂, 455) ці ’мата, від пляцёнкі, падобнай да тканіны’, якое з і.-е. *plōt‑t‑u‑s: ст.-інд. práthati ’пашырае’, ’раскладаецца (пра труп)’, літ. išplė́sti, išplė̃sti ’пашырацца, распаўсюджвацца’, лат. plats ’шырокі, прасторны’, ст.-інд. pr̥thú‑ ’шырокі’, с.-в.-ням. fletze ’слой пароды’, італ. fiadone ’пласт мёду’. Буга (РФВ, 73, 336) звязвае прасл. *plastъ з літ. plãštaka, plaštakà ’далоня’, Траўтман (223) і Мацэнаўэр (LF, 12, 349) — са ст.-в.-ням. flah ’плоскі’, гл. плоскі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чарада́, ы́, ДМ ‑дзе́; мн. чаро́ды (з ліч. 2, 3, 4 чарады́), чаро́д; ж.

1. Рад аднародных прадметаў ці жывых істот, якія размяшчаюцца або рухаюцца адно за адным. У канцы бетаніраванай шашы стаяла чарада аўтобусаў. Хадкевіч. Чыгунку пераразала дарога, і па ёй, здавалася, бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя да вазоў каровы. Мікуліч. Чароды навальнічных хмар Паўзлі наўпрост ад акіяна. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Думак бясследна плыве чарада. Танк. І дзяцінства чарадой гадоў Праляцела воблакам стракатым. Аўрамчык.

2. Статак, гурт свойскай або дзікай жывёлы. Па вуліцы ў хмары рудога пылу ішла з пашы чарада кароў. Грахоўскі. Немцы прыгналі.. у мястэчка статак кароў, дзве чарады свіней і авечак. Навуменка. А то часам, утоптваючы снег, пройдзе цёмнай лютаўскай ноччу чарада галодных ваўкоў. Ігнаценка. // Група жывёл, птушак, рыб аднаго віду, якія трымаюцца разам. Людзі пачалі махаць птушкам рукамі, падняўся крык, што аж з асін зляцела чарада спалоханых галак. Карпюк. Ад чарады кнігавак зноў адлучыліся дзве, залёталі над імі, закружылі. Місько. Такія мясціны [водмелі] чароды акунёў часта наведваюць у пошуках корму. Матрунёнак. // Разм. Натоўп, гурт (людзей). У хату ўваходзіць Батура з гармонікам, за ім чарада хлапцоў і дзяўчат. Крапіва. Цэлая чарада дзяцей сустрэла.. [Хвядзька] на дарозе яшчэ далёка за Некрашамі. Лобан.

3. Чарга. На мех кабета села, Чакае чарады [у млын]. Калачынскі. Доўгія чароды жанчын стаялі ля донарскіх пунктаў. «Звязда».

4. у знач. прысл. чарадой (‑ою). Адзін за другім; бесперапынна. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары. Колас. Плывуць па Дзвіне чарадою плыты, Мінаючы ўзгоркі, лясы, балаты. А. Александровіч. Дні міналіся за днямі, Адплывалі чарадой. Броўка.

•••

Сваёй чарадой — незалежна ад каго‑, чаго‑н., як звычайна (ісці, разгортвацца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)