запа́льчывасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан запальчывага; гарачнасць, парыў. [Гунава] шкадаваў толькі, што паказаў нейкую бабскую запальчывасць: тупаў нагамі і цкаваў Сімона сваім няўдалым сабакам. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пагарачы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
1. Выказаць залішнюю раздражнёнасць, нервовасць, гарачнасць. [Міканор] тут жа сам адчуў, што перагнуў, пагарачыўся лішне, але не паказаў нікому гэтага. Мележ.
2. Праявіць паспешлівасць. Унутраны голас падказвае, што .. [партызаны] пагарачыліся, не варта было звечара кідацца сюды, У цёмны мокры лес. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
задо́р, ‑у, м.
Запал, гарачнасць, бадзёрасць. Перамог малады задор, палкі энтузіязм, усеагульны ўздым. «Маладосць». Мая, нібы знарок, была вясёлай, і ў хоры яе голас вызначаўся сілай і маладым задорам. Дуброўскі. // Задзірысты тон, задзірыстыя паводзіны. Дзядзька пайшоў на задор — выбраўся.. употай ад жонкі і суседзяў. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аза́рт, ‑у, М ‑рце, м.
Заўзятасць, гарачнасць, моцнае захапленне. Спартыўны азарт. Увайсці ў азарт. Брацца за што‑н. з азартам. □ А раніцай — усім на здзіўленне — вяртаўся [Іван] свежы, вясёлы і з азартам уключаўся ў работу. Данілевіч. [Дзяўчат] ахапіў працоўны запал, ад іх біла маладосцю, здароўем, натхненнем, азартам. Карпюк.
[Ад фр. hasard — выпадак, выпадковасць; рызыка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запа́л 1, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Прыстасаванне і сродак для запальвання выбуховага рэчыва. [Коля] узяў гранаты, хутка ўставіў запалы і папоўз. Мележ.
2. ‑у. Гарачнасць, парыў. Ці росцім сад мы на пясках пустыні, Ці ў стэп асмужаны вядзём канал — Ніколі ў сэрцах маладых не стыне Свяшчэнны той кастрычніцкі запал. Гілевіч. Баявы настрой, што панаваў у пачатку сходу, хутка апаў, загаварылі пра дробязі, і то без запалу, абы не маўчаць. Хадкевіч.
запа́л 2, ‑у, м.
Пашкоджанне раслін ад засухі, сухавею.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытушы́ць, ‑тушу, ‑тушыш, ‑тушыць; зак., што.
1. Трохі збавіць, аслабіць (святло, агонь і пад.). Прытушыць лямпу. □ [Сухоцкі] звярнуў на прасёлак і, прытушыўшы фары, паехаў у бок Ядліны. Курто. // у перан. ужыв. Зоры прытушылі свой бляск, толькі самыя буйныя сям-там яшчэ ярка гарэлі на небасхіле. Быкаў.
2. Разм. Затушыць, загасіць. Бацька трохі пакурыў, потым прытушыў недакурак, паклаў на трухлявы пянёк — эканоміў курыва. Масарэнка.
3. перан. Аслабіць, стрымаць. — Але чаму яны засталіся? — каб неяк прытушыць Шарэйкаву гарачнасць, спытаў Зазыба. Чыгрынаў. — А мне не спадабалася! — усміхнуўся ён аднымі вачамі і тут жа прытушыў ўсмешку. Місько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
страсць, ‑і, ж.
1. Нястрымнае пачуццё, моцнае захапленне. На першым плане [у творчасці К. Чорнага] чалавек, яго імкненні і страсці, радасці і няўдачы. Луфераў. Грозныя з’явы прыроды толькі ажыўляюць у яго [песняра] душы скрытыя агністыя страсці. Каваленка. // Натхненне, гарачнасць у адносінах да чаго‑н.; уздым, запал. [Жора] Любіў, калі ў вучоным доме Гарэлі страсці між людзей: «Глядзіш, што-небудзь і самому У зручны час перападзе». Бачыла. Каліноўскі з усёй страсцю рэвалюцыйнага дэмакрата абрушваецца на царскі ўрад, на ўвесь прыгонніцкі лад, знішчальна крытыкуе памешчыцкія парадкі і заклікае сялян да ўзброенага паўстання супраць самадзяржаўя. Ларчанка.
2. да чаго, з інф. і без дап. Пастаянная прыхільнасць да чаго‑н., моцная цяга да чаго‑н. Страсць да кніг. □ Ведаючы яго .. страсць — лячыць жывёлу, Мечыслаў уладзіў Сідара .. на ветэрынарныя курсы. Брыль. Ахоплены тым парывам творчай страсці, які як быццам у кулак сціскае ўсю тваю істоту, Сіўцоў не заўважыў нават, як прайшло за працай некалькі гадзін. Васілевіч. // Пра тое, што з’яўляецца прадметам пастаяннага захаплення, на што накіроўваюцца ўсе творчыя сілы. Тэатр — мая страсць. □ Пасля партрэта пейзаж — другая страсць Сергіевіча. Ліс.
3. Моцнае, нястрымнае каханне з перавагай пачуццёвай цягі. Яны ж [двое], ахопленыя вечнай страсцю, На нас ніякай не звярталі ўвагі, — Бо не маглі Ад вуснаў адарвацца, Што і вякі ніяк не разнялі... Сіпакоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)