Відацца ’сустракацца, мець сустрэчу, бачыцца’ (Нас., Касп.), рус. видаться, йонаўск. ’быць відочным, віднецца’, арл., варон. ’вітацца’, каз. ’цалавацца пры сустрэчы, растанні’, ст.-рус. видатися ’бачыць адзін аднаго, убачыцца’; ’сыходзіцца для бою, сустракацца ў бітве’, чэш. vidati se ’бачыцца, сустракацца з кім-небудзь’, славац. vidať sa ’тс’; да відзець (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Снавіда, сновы́да ‘чалавек, які мала спіць па начах’ (драг., З нар. сл.). Укр. снови́да ‘лунацік . Ад сон і відзець; гл. Фасмер, 3, 700; ЕСУМ, 5, 337. Няясна, ці адносіцца сюды рус. дыял. снофи́да, снафи́да ‘апатычны, вялы, сонны чалавек’, з-за цяжкасцей пры тлумачэнні ‑ф‑; гл. Фасмер, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Відок1 ’віднае месца, відовішча’; ’адкрытае, высокае месца’ (Бел.-польск. ізал.), ст.-бел. видокъ ’відовішча, агляд’ (з XVIII ст.) запазычана з польск. widok ’тс’ (Булыка, Запазыч., 62).

Відок2 ’чалавек, які добра бачыць’ утворана ад відзець (< видети) і суф. ‑ок (паводле тыпу ходо́к). Такім жа чынам можна тлумачыць паходжанне польск. widok (Дарашэўскі, Podstawy, 1, 287).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няві́сны ’сляпы’ (Сл. ПЗБ), рус. невисной, невишной ’тс’, польск. дыял. niewisny, niewistny ’тс’. Паводле Мяркулавай (Этимология–1977, 90), ад прасл. дыял. *vistьnъtъ, вытворнага ад *vistь ’зрок’, сюды ж невіснець ’пацямнець (пра вочы)’ (Нас.) (да ’ vide t і, гл. відзець); звязана з *vistь, *veste ’сапраўдны’ (да *vedeti, гл. ведаць), параўн. нівісь (невѣсь, невѣсть) ’невядома’ (Нас.), укр. невістний ’невядомы’, в.-, н.-луж. njewesty ’тс’, ст.-слав. нев^стъ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́ймі ў выразе: наймі відзець — бачыць сваімі вачамі (іўеў., Сл. ПЗБ). Відаць, са спалучэння на імя (ведаць), першапачаткова ’добра, дакладна (ведаць)’, пасля ў выніку дээтымалагізацыі спалучаецца і з іншымі дзеясловамі; канцавое і адлюстроўвае, відаць, змененае -е (< на́йме). Параўнанне з польск. przynajmniej ’прынамсі’ (Сл. ПЗБ) не мае падстаў, бо не стасуецца да прыведзенага кантэксту. Дакладная паралель чэш. najmę, славац. najmä ’іменна’ (ад jmerio, Махэк₂, 230), серб.-харв. найме ’а іменна’. Гл. таксама Копечны, LF, 89, 1966, 1, 82–86.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыві́д ’здань’ (ТСБМ), з далейшым семантычным развіццём — ’спалох’ (Інстр. 3), ’знешні выгляд’ (астрав., Сл. ПЗБ). Наўрад ці назоўнік з’яўляецца прэфіксальным працягам від1 (гл.); хутчэй ад прыві́дзіцца ’ўявіць’, прыві́джвацца ’здавацца’ (в.-дзв., віл., Сл. ПЗБ), прывіжа́цца ’тс’ (ТС). Прэфіксальнае ўтварэнне да і́дзіцца < ві́дзець ’бачыць’ (гл.), параўн. ст.-слав. привиденье ’мара, мроя’ (Ст.-бел. лексікон), привижеватися ’марыцца, мроіцца’ (там жа), рус. привиде́ние ’прывід’, при́виды ’здані, прывіды’, приви́деться ’памыліцца, падмануцца’, привида́ться ’здацца; прысніцца’, привиже́ние, привижде́ние ’прывід, здань’, укр. при́вид ’прывід, здань; няясныя, ледзь акрэсленыя контуры, ілюзія’, при́ви́ддя ’прывід, здань’, при́видки ’прывіды, здані’, приви́дітися, приви́джуватыся ’уявіцца, здацца, прымроіцца’; параўн. таксама серб.-харв. прѝвидити се ’здацца, уявіцца’, привид ’ілюзія, падман зроку’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віда́ць ’можна бачыць, разглядзець’; ’можна зразумець’; ’быць відавочным, вынікаць’; ’як здаецца, мабыць, напэўна’ (КТС, БРС, Гарэц., Шат., Нас.; КЭС, лаг.; Бяльк., Касп.). Укр. видати ’бачыць’, рус. видать ’тс’; ’відаць, можна бачыць’; ’відавочна’, ст.-рус. видати ’бачыць’; ’заўважаць’; ’быць прынятым кім-небудзь’; ’адчуваць, пераносіць, перажываць’; ’мець’; ’можна бачыць’, польск. widać ’(можна) бачыць, відаць’; ’відавочна’, nie widał ’не павінен’, nie widałem ’мне гэта не хочацца, я нават не думаю пра гэта’, чэш. vidati, славац. vídať ’бачыць (час ад часу, часта) каго-небудзь’; ’уяўляць сабе, мець уяўленне’; ’назіраць’; ’звяртаць увагу на што-небудзь’; ’можна бачыць’; ’мець жаданне бачыць каго-небудзь’; ’відавочна’, серб.-харв. ви́дати ’вылечваць, лячыць раны знахарствам’, ви́ђати ’бачыць, сустракаць (часта)’, макед. вида ’лячыць’. Прасл. víd‑ati ўтворана пры дапамозе ітэратыўнага суфікса ‑a‑ti ад vid‑ěti. Да відзець (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)