вяне́ц, ‑нца, м.

1. Карона, якую трымаюць над галовамі маладых у час вянчання ў царкве. [Вашыновіч:] — Я сам за шафера быў, вянец трымаў. Чорны. // Вянчанне. Малодшая ж [дачка] хітрэйшай, Відаць, была, — махнула ў Кустанай І там сышлася з камбайнерам, Па сэрцу, без вянца. Корбан.

2. Уст. Каштоўны галаўны ўбор, які надзяваўся ў знак высокага звання або асаблівых заслуг. Царскі вянец.

3. чаго, перан. Апошняя, вышэйшая ступень, верх чаго‑н. [Дзянісаў:] — Думка застаецца думкай. Вянцом яе заўсёды з’яўляецца справа. Гамолка. Чалавек — ён цар прыроды. Чалавек — вянец тварэння. Зарыцкі.

4. Радужны круг вакол сонца, месяца, зорак. Мароз на небе ставіць троны, Вянцы на месяц ускладае. Колас.

5. Тое, што і вянок (у 2 знач.). Анупрэй са сваімі сынамі перасыпаў сцены хаты, падняўшы яе на некалькі вянцоў. Бядуля. Бялеюць укопаныя ў зямлю дубовыя слупы вялікай будыніны, у якую пакладзена некалькі вянцоў. Паслядовіч.

•••

Ісці пад вянец гл. ісці.

Стаяць пад вянцом гл. стаяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Калыхацца, ківацца з боку ў бок. [Зыбін] слухаў лагодны, супакойлівы шум зялёных вершалін соснаў, што плаўна хісталіся над ім. Мележ. А .. [збожжа] рознымі колерамі гарыць, да пояса кланяецца — хістаецца ў бакі... Каваль. // Дрыжаць, мігаць (пра агонь, святло і пад.). Белае полымя дрыгацела, хісталася, падымалася і ападала, і вось-вось, здавалася, пагасне. Колас. Туман дыміўся вечаровы, Між дрэў Хістаўся маладзік. Скурко.

2. Ківацца пры хадзьбе з боку ў бок. Як макаўка ад ветру на градзе, Хістаецца дзіцё ва ўсе бакі: Памкнецца крок ступіць — і тут жа ўпадзе, Які ж для ўсіх ты, першы крок, цяжкі! Непачаловіч. Знябыўся, пахудзеў [Пятрусь], рана яго разгнаілася, без сну і яды хістаецца, а не кінуў яе [Ганны] палякам. Нікановіч. // Калыхацца, калывацца ў бакі ў час руху. Воз хістаўся і рыпеў па выбоістай дарозе. Лупсякоў. Вагон гушкаўся, уздрыгваў, хістаўся ў бакі. Васілёнак.

3. Ківацца ў выніку нетрывалага, ненадзейнага прымацавання да чаго‑н., умацавання ў што‑н. або ў выніку трухлявасці і пад. Пад акном ад падлогі чарнелі два вянцы, гнілі; сям-там высыпаў грыбок.. Гніль лезла і вышэй, падтачыла падаконнік, — ён хістаўся пад локцямі ў Аркадзя. Пташнікаў. А зубы ў хлопцаў ад сцюжы ды без вітамінаў хістаюцца, крывавяць і баляць. Грахоўскі. // перан. Траціць ранейшае значэнне, сілу, устойлівасць. Польскі трон хістаўся пад напорам знаці, А яе не турак, дык швед калашмаціў. Бажко.

4. перан. Быць у нерашучасці; вагацца. Нейкі момант.. [Васіль] хістаўся: гаварыць Януку ўсё, як ёсць, ці не гаварыць? Кулакоўскі. Так, пакуль прыедзе бацька, усё будзе ўжо зроблена, і яму не будзе магчымасці ні думаць, ні сумнявацца, ні хістацца. Краўчанка.

5. Быць няўстойлівым, непастаянным; мяняцца. Цэны хістаюцца. Тэмпература паветра хістаецца ад 13 да 18°.

6. Зал. да хістаць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)