гастро́лі, ‑яў; адз. гастроль, ‑і, ж.

Выступленні прыезджага артыста або мастацкага калектыву (тэатра, аркестра і пад.). Пасля гастроляў у Мінску львоўскі тэатр уключыў у свой рэпертуар камедыю.. «Выбачайце, калі ласка!». «Полымя».

[Ням. Gastrolle.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вандэ́я ’контррэвалюцыйныя выступленні’ (КТС). Ад вандэйскія войны — «ваенныя дзеянні, якія вялі ўрады Францыі перыяду буржуазнай рэвалюцыі канца XVIII ст. супраць контррэвалюцыйных раялісцкіх мецяжоў у паўн.-зах. правінцыях Францыі. Назва ад гал. цэнтра контррэвалюцыі — дэпартамента Вандэі» (БелСЭ, 2, 590).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

экспро́мтам, прысл.

Адразу, нечакана, без падрыхтоўкі. Прыгаворка складвалася экспромтам, таму была не вельмі складная, але Мікалая яна даводзіла ледзь не да шаленства. Чарнышэвіч. Выступленні [А. В. Луначарскага] экспромтам па любых пытаннях праходзілі лёгка, таленавіта, цікава. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выступле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выступаць — выступіць (у 2, 3 і 4 знач.).

2. Даклад, паведамленне, заява, слова ў спрэчках. Справаздачнае выступленне. □ Пасля даклада сакратара ЦК пачаліся выступленні. Шамякін.

3. Праяўленне пратэсту, незадавальнення. Узброенае выступленне супраць царызму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расчарці́ць, ‑чарчу, ‑чарціш, ‑чэрціць; зак., што.

Нанесці на што‑н. штрыхі, лініі ў патрэбных кірунках. Расчарціць дошку. Расчарціць паперу. □ Выняў з партфеля макетны ліст, каб расчарціць усё на ім і пэўна ўжо ведаць, якія фота рабіць Шаевічу, а мне якіх памераў пісаць выступленні. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рух ’перамяшчэнне’, перан. ’грамадская дзейнасць, масавыя выступленні’, ’рост, развіццё’, ’перамяшчэнне, рухавасць’, ’шум’ (Сл. ПЗБ), ’перамяшчэнне, рухавасць’ (ТС), ’перамяшчэнне’, ’трывога’ (Нас.). Борысь (Борысь, 526) тлумачыць прасл. дыял. *ruxъ ’рух’ як назву дзеяння ад вытворнага прасл. *rusti ’рыць, капаць, пераварочваць (напрыклад, зямлю)’ < *rušiti ’надаваць рух, піхаць, штурхаць, пераварочваць, звальваць’ (гл. рушыцца, рушыць). Паводле Фасмера (3, 524), наадварот — дзеяслоў рус. ру́шить выводзіцца ад рух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сцэ́на, -ы, мн. -ы, сцэн, ж.

1. Спецыяльная пляцоўка, на якой адбываюцца спектаклі, канцэрты, выступленні і інш., а таксама ўвогуле сам тэатр, тэатральная, эстрадная дзейнасць.

Падняцца на сцэну.

Майстры сцэны.

2. Асобная частка акта тэатральнай п’есы, эпізод у п’есе, рамане, аповесці, карціне.

3. Здарэнне, эпізод, які можна назіраць у жыцці.

Сцэна з жыцця студэнтаў.

4. Вострая, рэзкая размова (разм.).

С. рэўнасці.

|| памянш. сцэ́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж. (да 2 і 3 знач.).

|| прым. сцэні́чны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дыску́сія, ‑і, ж.

Свабоднае публічнае абмеркаванне якога‑н. спрэчнага пытання. Распачаць дыскусію. Уступаць у дыскусію. □ Былі спрэчкі і дыспуты, былі ваяўнічыя выступленні ў шматлікіх дыскусіях, на канферэнцыях, сходах. Звонак. // перан. Разм. Спрэчка некалькіх субяседнікаў па якіх‑н. прыватных пытаннях. Не так ужо і кепска жыць на свеце, як гэта здавалася яму ў часе нуднай дыскусіі з жонкай. Лынькоў.

[Ад лац. discussio — даследаванне, абмеркаванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турнэ́, нескл., н.

1. Падарожжа па кругавому маршруту. Студэнты розных маскоўскіх вышэйшых навучальных устаноў робяць турнэ па Савецкай краіне. «Звязда». // Разм. Паход, паездка. Пасля гэтага турнэ ляснічага па ўсіх кварталах многія леснікі былі выкліканы ў канцылярыю. Сіняўскі.

2. Паездка артыстаў, спартсменаў на гастрольныя выступленні, спаборніцтвы і пад. Вядомы імпрэсарыо італьянец Латуза запрапанаваў мне гастрольнае турнэ па Еўропе. Рамановіч.

[Фр. tournee.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Катры́нка ’катрынка’ (Шат., Нас.), кацяры́нка ’тс’ (Нас.). Запазычанне з польск. мовы. Зыходным з’яўляецца выраз польск. szarmant katrynka (таксама проста katarynka). Назва паходзіць, паводле Фасмера, 4, 410, з пачатковых слоў ням. песні Scharmante Katharine ’прыгожая Катарына’. Гэту песню, як мяркуюць, вельмі часта выконвалі на катрынках. Параўн. тлумачэнне ў Даля; Гараева, 419. Па іншай версіі (гл. Слаўскі, 2, 101–102), польск. katarynka паходзіць ад ням. назвы марыянеткі, якая называлася die schöne Katharine, потым перанеслі па музычны інструмент, на якім выконвалася адпаведная мелодыя пры выступленні лялькі. Гл. Слаўскі, 2, 101–102; Фасмер, 4, 410; Кюнэ, Poln., 63.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)