Смы́кацьвыскубваць, шчыпаць, тузаць’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Гарэц., Байк. і Некр., Ласт., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, ТС), ‘часаць’ (Уладз.). Параўн. укр. сми́кати ‘тс’, рус. дыял. смы́кать ‘тузаць, праць, церці’, польск. smykać ‘тузаць, зрываць’, чэш. smýkati ‘цягнуць, валачыць’, славац. smýkat’ ‘тс’, в.-луж. smykać ‘слізгаць’, н.-луж. śmykaś ‘соўгаць, тачыць’, серб.-харв. сму́цати ‘сцягваць, зрываць’. Прасл. *smykati, роднаснае літ. šmùkti ‘спаўзаць, спадаць’, лат. šmukt ‘уцякаць, саслізгваць’ < і.-е. *(s)meuk‑/*(s)meug‑ (Фасмер, 3, 694–695; Шустар-Шэўц, 1325–1326; SEK, 4, 325–326). Гл. таксама формы без рухомага s‑ пад мыкаць2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ску́бці, скубу́, скубе́ш, скубе́; скубём, скубяце́, скубу́ць; скубі́; незак.

1. што. Цягнучы, выцягваючы, браць патроху.

С. салому ад стога.

2. што. Разрываць пальцамі што-н. на дробныя часткі.

С. пер’е.

3. каго-што. Вырываць, адрываць, выскубваць (пра траву, пер’е, пух і пад.).

Гусі скубуць траву.

С. курыцу.

4. каго-што. Перабіраць пальцамі, тузаць.

Дзеці скубуць бацьку за паліто.

5. перан., каго-што. Патрабаваць чаго-н.; непакоіць.

Мяне скубуць з усіх бакоў.

|| аднакр. скубану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́, скубну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць, -ні́ і скубяну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́.

|| наз. скубе́нне, -я, н. (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

смы́каць, смычу, смычаш, смыча і ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Выскубваць кудзелю пры прадзенні. [Маці:] — Будзеш і прасці, маленькая, ты ж ужо добра смыкаеш. Брыль. Смыча нітку яна [маці], ўсё кудзельку прадзе. Колас. Звычайна, добра сагрэўшыся, Ганька адсоўваецца на край печы, садзіцца на сваю прасніцу і, звесіўшы, як старая жанчына, ногі, старанна смыча кудзелю — прадзе на зрэб’е. Васілевіч.

2. Скубці, шчыпаць што‑н. — А, каб ты скіс! — глянула бабка на печ. — Зноў смыкаеш тую цыбулю? Увесь вянок зараз растрасеш! Каліна.

3. Трэсці, тузаць. Смыкаць за рукаў. Смыкаць за вяровачку.

4. Перасмыкваць. Радасны настрой апанаваў хлопца, ён штурхаў Чумака, жартаваў, не звяртаючы ўвагі на тое, што той нездаволена смыкае вуснамі. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́бці, скубу, скубеш, скубе; скубём, скубяце; незак., каго-што.

1. Цягнуць рыўкамі; цягнучы, браць патроху. Скубці сена. □ Каля самага прыгумення [Курловіч] пачуў, як нехта шастае саломай, скубучы яе са стажка. Дуброўскі.

2. Расскубваць што‑н. пальцамі, разрываць на дробныя часткі. Скубці пер’е. □ Пакрысе .. [маці] скуплівала воўну, прамывала і скубла. Бядуля.

3. Вырываць, адрываць (пра траву і пад.). Поле травіцаю соннай адзелася, Вышла скацінка і дружна скубе. Купала. Бабка Кацярына сядзела ў разоры і жвава скубла маладую лебяду. Якімовіч. Буланы конь за дзень папрацаваў. Цяпер адпачываў і скуб траву. Корбан. // Вырываць, выскубваць (пер’е, пух і пад.). Скубці гусей. □ Паволі таптаўся [Астап] ля печкі, пачаў скубці курыцу. Лынькоў. // перан. Разм. Наносіць урон, шкоду. Відаць, скублі .. [немцаў] тут з усіх бакоў... Няхай.

4. Перабіраць пальцамі, патузваць. Хвалююся. Гімнасцёрку скубу, абцягваю, пілотку папраўляю. Ракітны. Пальцы .. [Люды] нервова скублі батыст насоўкі. Савіцкі. — Зямля відаць мне навылёт, Заткну за пояс вас! — І грозна стукнуў кулаком, Нервова вус скубе [бацька]. Бялевіч. // Тузаць, трэсці. — Дай мне слова! — скубе за рукаў старшыню Гарбач. Мурашка. Юзік .. засаромеўся сваіх таварышаў, якія скублі яго за полы ватовай капоты. Чорны. // Цягнуць рэзкімі рухамі. — [Бацька] ўжо не вернецца? — пытае Зміцерка. — Маўчы, дурненькі, — кажа Ганначка і балюча скубе Зміцерку за валасы. Асіпенка. / Пра вецер. Гусцее пад далёкім полем вячэрняя смуга. Вецер зласней скубе фіранку, — спяшае, каб хутчэй аціхнуць нанач. Пташнікаў.

5. Зашчэмліваючы пальцамі скуру, прычыняць боль. — Анэлька, баліць, дурная ты! — азвалася ціха Яніна. — Баліць... Я ж і хачу, каб балела... — праказвала яна, скубучы тую, дзе пападзе. Мурашка.

6. перан. Непакоіць, дакучаць; патрабаваць чаго‑н. [Старшыня:] — Цябе адзін загадчык райана скубе, а мяне ўсё раённае начальства. Асіпенка. Тут табе і яблычак свежы, і мядок пахучы, не якая-небудзь ферма, дзе цябе кожны скубе, а павагі ніякай. Ермаловіч. // Крыўдзіць. [Галя:] — [Іру] ўсе тузаюць і скубуць у класе. Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)