фармірава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; -рава́ны; незак.

1. каго-што. Выпрацоўваць у каго-н. адпаведныя рысы характару, светапогляд і пад.

Ф. характар вучняў.

2. што. Ствараць, арганізоўваць (калектыў, клас, вайсковую часць і пад.).

Ф. атрад.

Ф. урад.

3. што. Састаўляць цягнік, счэпліваючы пэўным парадкам вагоны.

Ф. таварны састаў.

|| зак. сфармірава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; -рава́ны.

|| наз. фармірава́нне, -я, н. і фарміро́ўка, -і, ДМ -о́ўцы, ж.

|| прым. фарміро́вачны, -ая, -ае (да 2 і 3 знач.).

Ф. пункт.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

абыхо́джанне, ‑я, н.

1. Выяўленне сваіх адносін, манера паводзін у дачыненні да каго‑н. Гэта быў дробны хлапчына, заўсёды вясёлы і просты ў абыходжанні. Брыль. Лабановіч пазіраў і проста цешыўся з яго [Анцыпіка] здольнасці ў справе абыходжання з жанчынамі. Колас.

2. Уменне карыстацца чым‑н. Выпрацоўваць у навучэнцаў навыкі ўмелага абыходжання з прыладамі вытворчасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

густ, ‑у, М ‑сце, м.

1. Адчуванне, разуменне прыгожага; здольнасць даваць эстэтычную ацэнку. Выхоўваць мастацкі густ. □ Сярод дзяўчат вылучалася Марыя, тонкая, стройная, з густам адзетая. Гурскі. Цесны кантакт з Міхасём Лыньковым, яго парады дапамагала Хвядосу Шынклеру выпрацоўваць літаратурны густ. Арабей.

2. Схільнасць, любоў да чаго‑н. Не зважаючы на розныя густы і характары, хлопцы шчыра сябравалі з самага малку. Якімовіч.

3. Манера, стыль. Прыбраць у хаце на свой густ.

•••

Па густу; пад густ каму (у знач. вык.) — падабацца, па душы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фармірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

1. Выпрацоўваць у каго‑н. адпаведныя рысы характару, светапогляд і пад. Фарміраваць характар. □ Час фарміруе людзей, але, хочаш ці не хочаш, людзі адказваюць за час. Карпаў. Не прафесія, якая б рамантычная яна ні была, фарміруе паэтычны талент. «Полымя».

2. Арганізоўваць, ствараць (калектыў, установу і пад.). Фарміраваць у рад. Фарміраваць кабінет. // Арганізоўваць вайсковае падраздзяленне, камплектуючы людзьмі і матэрыяльнай часткай. У кашарах узнік адпраўны пункт. Тут выдавалі зброю, фарміравалі атрады, прызначаліся камандзіры. Мікуліч. [Уладзік Каржакевіч:] — Паны конніцу фарміруюць, добра плацяць. Крапіва.

3. Састаўляць (поезд), счэпліваючы ў адпаведным парадку вагоны. Варта было паглядзець на .. [Віталя] ў тыя хвіліны, калі ён фарміраваў ці расфарміроўваў таварныя саставы, што бесперапынна прыбывалі на вузел. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́мяць 1, ‑і, ж.

1. Здольнасць запамінаць, захоўваць і аднаўляць у свядомасці ранейшыя ўражанні. Зрокавая памяць. □ — Памяць [Валя] мела такую, што мы толькі дзіву даваліся: усё.. раскажа, дзе і што бачыла. Якімовіч. Стары сядзеў моўчкі, злаваў на сваю слабую памяць, якая ўсё блытае. Самуйлёнак.

2. Запас уражанняў, мінулы вопыт, якія захоўваюцца ў свядомасці і могуць быць адноўлены. Яркімі ўспышкамі паўстаюць у маёй памяці абразкі самага ранняга дзяцінства. Бядуля. Святлана перабірала ў памяці ўсе вясковыя работы, якія яна ведала. Шахавец.

3. Успамін пра каго‑, што‑н. На трэці дзень пляменнік паехаў дахаты, пакінуўшы ў нас добрую памяць аб сваім наведванні. Пальчэўскі. // Пра тое, што напамінае аб кім‑, чым‑н. [Рынальда:] — Бачыце гэты рубец?.. Гэта памяць ад фашыстаў. Краўчанка. // Успамін аб памёршым. Жывымі справамі Паэта памяць З любоўю ўшаноўвае народ. Аўрамчык.

4. Здольнасць мысліць, разважаць, усведамляць свае ўчынкі, пачуцці; прытомнасць. Бацька не то спаў, не то быў без памяці, але ляжаў неспакойна. Чарнышэвіч. Да памяці Максімка вярнуўся толькі на другі дзень, на руках у заплаканай маці. Сіняўскі.

•••

Маторная памяць — від памяці, які праяўляецца ў здольнасці выпрацоўваць сувязі паміж раздражненнем і рухам.

Без памяці — а) забываючы аб усім, да страты прытомнасці; вельмі моцна. Сёмка Бугай паціху папоўз мяжою, выбраўся за гумнішчы і пабег без памяці, часта азіраючыся назад, на вёску. Лынькоў. Напіліся ксяндзы і заснулі без памяці. Якімовіч; б) у знач. вык. У захапленні ад каго‑, чаго‑н.

Варушыць памяць гл. варушыць.

Вечная памяць каму — пажаданне, каб заўсёды помнілі нябожчыка.

Выкінуць з памяці гл. выкінуць.

Выкрасліць з памяці гл. выкрасліць.

Вылецець (выскачыць) з памяці гл. вылецець.

Дайсці да памяці гл. дайсці.

Дацца ў памяць гл. дацца.

Кароткая (курыная, дзіравая) памяць — дрэнная, слабая памяць.

Мець у памяці гл. мець.

Набегчы на памяць гл. набегчы.

На памяці чыёй; пры памяці чыёй; за чыю памяць — у перыяд жыцця каго‑н., калі ён сам быў сведкам чаго‑н. На памяці многіх жыхароў Бунтароўкі ў гэта чортава акно правалілася не адна жывёліна. Дуброўскі. [Дзед:] — За маю памяць мядзведзя тут бачылі гадоў мо’ з дваццаць таму назад. Якімовіч.

На памяць — для таго, каб помніць, не забываць каго‑, што‑н. (дарыць, даваць і пад.).

На памяць (па памяці) — не гледзячы ў тэкст (гаварыць, чытаць і пад.).

Не ў памяць — пра тое, што не помніцца. Зіма такая мне не ў памяць. Астрэйка.

Па старой памяці — пад уплывам даўніх звычак, успамінаў аб мінулым. Праўду кажучы, гэта і не лес быў, а проста так зваўся па старой памяці. Колас.

Прыйсці на памяць гл. прыйсці.

Сысці з памяці гл. сысці.

па́мяць 2, ‑і, ж.

Здольнасць электроннай машыны захоўваць і выдаваць запісаную інфармацыю, а таксама ўстройства электроннай машыны для запісу, захоўвання і выдачы інфармацыі. Машынная памяць.

памя́ць, ‑мну́, ‑мне́ш, ‑мне́; ‑мнём, ‑мняце́; зак., каго-што.

1. Зрабіць мятым; змяць. Памяць касцюм. // Пашкодзіць ударамі, штуршкамі і пад., пагнуць. // Прыбіць, прытаптаць (пра расліны). Памята, пабіта краса і аздоба Твае збажыны. Колас.

2. Разм. Пакалечыць. Так пачаў і закончыў Мішка сваю лётн[ую] кар’еру.. — вока падбіў, лапы трохі пашкодзіў, сям-там памяў рабрыны. Лынькоў.

3. і без дап. Мяць (у 1, 2 знач.) некаторы час.

4. Тое, што і пацерці (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)