го́ркі, ‑ая, ‑ае.

1. З непрыемным едкім смакам (смакам палыну, гарчыцы); проціл. салодкі. Горкі перац. □ Горкая рэдзька, ды ядуць, кепска замужам, ды ідуць. З нар.

2. Поўны гора; цяжкі, гаротны. Горкая доля. Горкае жыццё. □ [Волька] пачала паціху галасіць над сваёй горкай жаночай доляй. Б. Стральцоў. // Выкліканы цяжкім горам. Горкія слёзы. □ Марыну бабка суцяшае, Каб горкі сум развеяць ёй. Колас. Усё часцей і часцей бацька садзіўся ля стала, паклаўшы пад бараду рукі, думаў горкую думу, цяжка ўздыхаў. С. Александровіч. // Які выклікае гора, непрыемнасці. Пачуць горкую вестку. Выслухаць горкую праўду.

3. Набыты ў выніку цяжкай працы, доўгіх выпрабаванняў. Горкі хлеб. □ [Усіх людзей] затрымаць не ўдалося, сёй-той, навучаны горкім вопытам, паспеў схавацца. Лынькоў.

4. Які жыве ў цяжкім горы; бяздольны. Горкая сірата. Горкі бядняк.

5. у знач. наз. го́ркая, ‑ай, ж. Гарэлка. На пачатак справы — чарка горкай, На прыправу — добрая гаворка. Панчанка.

•••

Горкая соль гл. соль.

Гора горкае гл. гора.

Горкае дзіця гл. дзіця.

Горкі п’яніца гл. п’яніца.

Збіць (зрэзаць) на горкі яблык гл. збіць.

Як горкая рэдзька гл. рэдзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Якому не ўласціва паблажлівасць да сябе і іншых; цвёрды, непахісны. Вася нават не чакаў, што строгі, суровы на выгляд капітан праявіць такую ўвагу да яго. Краўчанка. «Да цябе я, можа, і не была б такая суровая», — трошкі змякчылася Надзя. Кулакоўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Суровы характар. □ На важнай рабоце не спаў ён дзве ночы — зліпаюцца вочы, суровыя вочы. Вялюгін. // Поўны цвёрдасці, непахіснасці. Кожная складка сухога, старэчага твару поўнілася суровай рашучасцю. Лынькоў. На крутых узбярэжжах стаяць курганы У глыбокім, суровым маўчанні. Грахоўскі. На гэты раз Уля не разгубілася пад суровым бацькавым позіркам. Паўлаў. // Прасякнуты сур’ёзнасцю, непахіснасцю, строгасцю. І толькі задымленых танкаў маторы Суровы складалі аб воіне сказ. Кірэенка. І ён [лес], як я, суровым спевам Над краем помстаю гудзе. Астрэйка. Нават у моцную навальніцу .. [дубы] варушацца неахвотна, уздымаючы нездаволены суровы шум. Дуброўскі. // перан. Які робіць уражанне змрочнасці, хмурнасці (сваім выглядам, колерам і пад.). Закутае ў суровы камень кіпела возера, як вір. Машара. Лес, які абступаў лугавіну, пачаў злівацца ў адну суцэльную масу, стаў суровым, непрыступным. Ставер.

2. Які не дапускае ніякіх паслабленняў, паблажак; вельмі строгі. Суровая дысцыпліна. □ [Лясніцкі:] — Адразу ўсё стала ясным, зразумелым. Што рабіць, чаго чакаць... І пайшло ў нас уладкаванае жыццё па суровых законах ваеннага часу. Шамякін. Дружба народаў, якая выкавана ленінскай партыяй, вытрымала суровую праверку і яшчэ больш загартавалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Звязда». // Бязлітасны, жорсткі (пра меры пакарання, уздзеяння і пад.). [Саламея] патрабаваў прыняць да парушальніка самыя суровыя меры. Алешка. Вось і скончана ўсё: Для пачуццяў маіх Прыгавор ты выносіш суровы... Тарас. // Бязлітасны, цяжкі па сваёй непазбежнасці, справядлівасці і пад. Суровая неабходнасць. □ Ліда сумелася. Яна не чакала такіх суровых слоў. Колас. Першы раз у сваім жыцці жанчына атрымала такі суровы ўрок. Кулакоўскі.

3. Вельмі цяжкі, невыносны, поўны выпрабаванняў, цяжкасцей. У час суровы, у дні вайны Тут ракаталі грозна сосны, сваіх братоў хавалі сёстры У час суровы, у дні вайны. Кляўко. Маршыруй, пакаленне!.. Самой гісторыяй наканавана табе суровая дарога. Навуменка. Не зналі бацькоўскіх пяшчот, Суровая праца расціла І ў свет хараства і турбот Нам рана вароты адкрыла. А. Александровіч. // Які выклікае цяжкае пачуццё. Паэт здолеў намаляваць праўдзівыя і суровыя карціны жыцця прыгонных сялян — з аднаго боку, і паказаць неабмежаваную ўладу над імі князя — з другога. Шкраба.

4. Неспрыяльны для жыцця, існавання. Суровы клімат. □ О, край суровы! Дзікія лагчыны Спяць сны аб гулкай сонечнай вясне. Звонак. // Халодны, марозны. Суровая зіма. □ Зімой суровыя завеі наляталі высокія гурбы снегу. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)