вы́жыць², -жыву, -жывеш, -жыве; -жыты; зак., каго (што) (разм.).

Прымусіць пакінуць свой дом, вымусіць пайсці адкуль-н.

В. жыльца.

В. са службы.

|| незак. выжыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. выжыва́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дакрыча́цца, -чу́ся, -чы́шся, -чы́цца; -чы́мся, -чыце́ся, -ча́цца; -чы́ся; зак. (разм.).

1. каго. Моцна клічучы каго-н., вымусіць адклікнуцца.

Крычаў, крычаў, так і не дакрычаўся вас.

2. да чаго. Крыкам давесці сябе да непажаданых вынікаў.

Д. да хрыпаты.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

вы́мушаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад вымусіць.

2. у знач. прым. Выкліканы неабходнасцю; зроблены не па ўласнаму жаданню. Вымушаны смех. Вымушаная пасадка. □ [Лабановіч] любіў сваю школьную справу, і яму надакучыў вымушаны адрыў ад яе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зму́сіць, змушу, змусіш, змусіць; зак., каго-што, з інф.

Вымусіць, прымусіць. Першы сакратар змусіў Зашчамілу зараз жа выдаць у распараджэнне Кляновіча два экскаватары. Пестрак. Сцёпка змусіў сябе адвесці вочы ад сяла, каб не паддацца ахапіўшаму яго жалю. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спало́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Выклікаць у каго‑н. пачуццё страху, прымусіць баяцца чаго‑н. Відаць, яе здзівіла гэта спатканне, а можа, нават і крыху спалохала: чаго сядзіць зімою на дарозе гэты чалавек? Колас. Не спалохала Мікіту і пагроза папа пазбавіць яго прычасця. Навуменка. // перан. Вымусіць знікнуць (пачуццё, настрой і пад.). Няцяжка спалохаць чалавечую радасць. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скалану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́; -ну́ты; зак.

1. каго-што. Прымусіць здрыгануцца, страсянуцца.

С. грушу.

Вецер скалануў дзверы.

Машыну скаланула на калдобіне (безас.).

2. што. Перамяшаць часцінкі вадкасці, страсянуўшы пасудзіну.

С. квас.

3. безас., каго-што. Перакрывіць, перасмыкнуць (пра сутаргавы рух).

Ад холаду яго скаланула.

4. перан., каго-што. Ахапіць, авалодаць (пра пачуцці, думкі); моцна ўзрушыць, усхваляваць.

Жаль скалануў сэрца маці.

5. перан., каго (што). Вымусіць каго-н. аддаць што-н. (разм.).

Калі скаланём, дык аддасць.

|| незак. скалана́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

затрыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; затры́маны; зак.

1. каго-што. Перашкодзіць руху каго-, чаго-н., спыніць.

З. машыну.

На дарозе мяне затрымаў таварыш.

З. снег на палях.

2. што. Прыпыніць, адтэрмінаваць што-н.

З. высадку дэсанта.

Дажджы затрымалі сяўбу.

3. каго (што). Вымусіць застацца дзе-н. (на які-н. тэрмін).

Мяне затрымалі неадкладныя справы.

З. знаёмага.

4. што. Не зрабіць, не аддаць у час чаго-н.

З. зарплату.

5. што. Запаволіць, спыніць на пэўны час дзеянне чаго-н.

З. дыханне.

З. крокі.

6. каго (што). Схапіць, арыштаваць.

З. злачынца.

|| незак. затры́мліваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. затры́мліванне, -я, н. (да 1—5 знач.), затрыма́нне, -я, н. (да 1, 2 і 6 знач.) і затры́мка, -і, ДМ -мцы, ж. (да 1, 2, 4 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

спаро́ць, спару, спораш, спора; зак.

1. што. Адпароць, аддзяліць. [Лукавіцын] адразу скеміў, што справа дрэнь — прыціх, спароў гузікі і зняў цэшку. Крапіва. Вышыўка на рукавах зліняла, выцерлася, і Сабіна, спароўшы яе зусім, кладзе новыя чырвоныя крыжыкі. Ракітны.

2. каго-што. Скінуць, зняць што‑н. адкуль (звычайна зверху ўніз). У заслоне [загадчык гаража] трохі заблытаўся, спароў з галавы вушанку, разблытваючыся, потым наступіў на яе і ледзь не бразнуўся са сцэны. Кулакоўскі. // перан. Выжыць каго‑н. адкуль‑н., вымусіць пайсці, пакінуць што‑н. Ніхто мяне з маёй зямлі не спора, на якой я спрадвеку сядзеў. Чорны. Пальчык ужо хацеў даць .. [днявальнаму] якое-небудзь «заданне», каб спароць яго на хвіліну з гэтага месца. Дамашэвіч.

3. Разм. каго-што. Скалоць, накалоць чым‑н. вострым. Спароць шпрыцамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць больш павольным (рух, ход і пад.). Цягнік сцішыў ход. Неўзабаве спыніўся. Адамчык. Сцішыў [чалавек] крок, назад, глядзіць. Не, нікога ў полі. Прыходзька. // Затрымаць, прыцішыць каго‑, што‑н. Сава сцішыў каня на мерную рысь. Пестрак. Амелька сцішыў свой матацыкл. Якімовіч.

2. Супакоіць, рассеяць хваляванне і пад. [Костусь] сцішыў Галену. Яна пакінула плакаць. Чорны. // Прымусіць або ўгаварыць каго‑н. перастаць крычаць, шумець і пад. Дарэмна Грыбок спалохана спрабаваў сцішыць людзей — гоман, крыкі, абурэнне, злосць, смех віравалі ў хаце. Мележ. // Вымусіць спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыць каго‑н. [Зэня да Нахлябіча:] — Калі вы не пакінеце ўсяго гэтага, дык ведаеце што? Тады вас трэба будзе сцішыць. Чорны.

3. Паменшыць у сіле, аслабіць; зрабіць менш адчувальным. Сцішыць боль. □ Гэта толькі ў хаце здавалася, што мяцеліца сцішыла сваю гульню. Кандрусевіч. Хлопцы сцішылі гаворку. Гартны. // Аслабіць або прыглушыць якія‑н. пачуцці. Сцішыць гнеў. □ Апошняя акалічнасць нечакана сцішыла смутак Арцёма Іванавіча. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

1. Прывесці ў стан спакою, рассеяць хваляванне і пад.; супакоіць. Валя раз не сцярпела. Дала .. [Пецю] па твары і плакала ўвесь урок. Яе ніхто тады не мог суцішыць: у яе разбалелася галава. Пташнікаў. // Прымусіць або ўгаварыць каго‑н. перастаць крычаць, шумець і пад.; заставіць весці сябе ціха. Грамыка суцішыў моладзь і аб’явіў пачатак канцэрта. Дуброўскі. Настаўніца суцішыла дзяцей і .. пачала правяраць іх веды. Васілевіч. // Разм. Вымусіць спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыць каго‑н. Не хапіла ў паноў ні акоў, ні гранат, Каб суцішыць навек неўгамонны народ. Бажко. Нішто не магло суцішыць раз’юшанай лютасці лясных быкоў. В. Вольскі.

2. Паменшыць, змякчыць, зрабіць менш адчувальным. Суцішыць голад. □ Хочацца есці, піць і... спаць. Калі не спаць, дык прылегчы адпачыць, каб суцішыць боль у нагах, якія сталі пудовымі — не пацягнуць. С. Александровіч. // Аслабіць або прыглушыць якое‑н. пачуццё. І цяжка мне суцішыць і стрымаць Пачуцці, расчуленне, хваляванне! Дзяргай.

3. Затрымаць, прыцішыць (чый‑н. ход, рух і пад.). Каля дома Андрэя Сташэвіча .. [Халуста] суцішыў хаду. Чарнышэвіч. Лодка хоць і суцішыла ход, але плыла ў адным напрамку. Пестрак. Расшпіліў [Віця] паліто і зноў пабег. Вось і ўтаптаная сцежка, што вядзе да вакзала. На хвіліну суцішыў бег, каб супакоіцца. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)