выгіна́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. выгінаць — выгнуць і выгінацца — выгнуцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́рчыцца, -чуся, -чышся, -чыцца; зак.

1. Сціснуцца ўсім целам, скруціцца.

С. ад холаду.

2. Падагнуцца, сагнуцца.

Пальцы на нагах скурчыліся.

3. Зрабіцца няроўным; скрывіцца, выгнуцца.

Лісце ад марозу скурчылася.

|| незак. ску́рчвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

вы́гарбіцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

Выгнуцца, набыць форму, падобную на горб. Раптам з зямлі вострымі мечавіднымі праменямі выбухнуў агонь, мост нехаця і цяжка выгарбіўся і рухнуў уніз. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выгіна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да выгнуцца.

2. Згінацца то ў адзін, то ў другі бок, прымаць звілісты напрамак. К[у]рчылася, выгіналася шэра-цёмная гадзюка. Грамовіч. То цераз алешнік, то праз дубнякі, То борам, нібыта жалезная змейка, Паўзе, выгінаецца вузкакалейка. Зарыцкі.

3. Зал. да выгінаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́рчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. Сціснуцца ўсім целам, скруціцца, згорбіцца. Скурчыцца ад холаду. □ Мікола падцягнуў пад сябе ногі і скурчыўся, каб не замінаць вадзіцелю. Новікаў. Сцёпа скурчыўся, чакаючы, што бацька вось-вось яго ўдарыць. Курто.

2. Сагнуцца, падагнуцца. Пальцы рук.. [Гушкі] сціснуліся, скурчыліся. Чорны.

3. Зрабіцца няроўным, пагнутым; скруціцца, скрывіцца, выгнуцца. Альховы параснік на правым баку дарогі быў ссечаны, і лісце на галінах скурчылася і было зусім чорнае. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрыві́цца, скрыўлюся, скрывішся, скрывіцца; зак.

1. Зрабіцца крывым, няроўным; перакрывіцца, выгнуцца. [Лявон:] — Полаз у санак скрывіўся. Жычка. На вуліцы жоўты пясок, Скрывілася хата набок, Яе кулямётныя кулі Навылет, як ветрам, прадзьмулі. Астрэйка. Прыплёўся .. [сабака] з лесу галодны, хворы, з абмарожанымі пярэднімі нагамі, якія пасля скрывіліся так, што было смешна і балюча глядзець, як бяжыць гэтае сабачаня. Ваданосаў. Скрывіўшыся ў сядле,.. [коннік] кінуў каманду назад: — А ну, падцягніся! Лынькоў.

2. Разм. Зрабіць грымасу, міну, якая выказвае незадавальненне, пагарду, боль і інш. — Я нікому не казаў, — закрычаў Міхалка і ад болю ў плячы скрывіўся. Чорны. [Алесь:] — Яшчэ і мой Андрэй напэўна скрывіцца, як даведаецца, што бацька ў сорак пяць гадоў надумаўся ажаніцца. Васілевіч. Бародка зноў спыніўся каля ложка, і твар яго так скрывіўся ад болю і злосці, што Марына спалохалася. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.

1. Выгнуцца, прыняць форму дугі. Цвік сагнуўся. □ Карн быў вялізны, бо лёска напялася, як струна, а вудзільна сагнулася ў дугу. Рунец. Яловыя лапкі стомлена сагнуліся пад цяжарам снегу. С. Александровіч. І перш, чым у новы тунель уцягнуцца, Цягнік дасць гудок і сагнецца дугой, Нібы хоча ён на тунель азірнуцца, Які ўжо знікае за шызай смугой. Гаўрусёў.

2. Сагнуць спіну; нагнуцца. Цёмныя фігуры выбеглі на сноп пражэктара, сагнуліся над тым месцам, дзе хлопцы заклінілі стрэлкі. Жычка. [Хурс] сагнуўся напалам, уваходзячы ў карчомныя сенцы. Чорны. // Нахіліцца ад цяжару, мукі, болю. Сцішыўшы крок, Аксіння, здаецца, яшчэ больш сагнулася пад сваёй ношай, каб нікога не бачыць, каб да яе не загаварылі. Ракітны. // Скласціся пад вуглом у суставе. Рука сагнулася ў локці.

3. Згорбіцца ад старасці, скурчыцца ад сцюжы, хваробы, ссутуліцца і пад. Не той быў цяпер Глушак: пасушэў яшчэ, сагнуўся, як груган, ссівеў нашчэнт. Мележ. Палкана старасць даканала. Сагнуўся ён, падціснуў хвост, сапсеў. Корбан. // перан. Стаць спарахнелым, трухлявыя (пра будынкі і пад.). Хата шчытам сваім сагнулася. Баранавых.

4. перан. Пакарыцца чыёй‑н. сіле, прымірыцца з чым‑н., адмовіўшыся ад барацьбы. Ды толькі не здаўся народ Беларусі, Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся, А ворага стрэціў ударам мяча. Броўка. І ад таго, што гэтае дзіцянё не сагнулася і не сагнецца і ідзе сабе моцна па дарозе, — стала мне радасна. Чорны.

5. Стаць скарабачаным, пагнутым. У агні жалеза сагнулася. Бляшанка сагнулася. □ Размахнуўся.. [старэйшы брат], грукнуў булавою — толькі булава сагнулася. Якімовіч.

•••

Сагнуцца ў дугу — скарыцца; стаць пакорным, угодлівым. Ён не хапае з неба зорак, Умее ўслужыць, умее памаўчаць, Умее ўсміхнуцца ветліва, лагодна, Паведаміць начальству радасную навіну, Сагнецца ў дугу прад ім ахвотна, А сябру ў бядзе дасць кухталя ў спіну... Валасевіч.

Сагнуцца ў тры пагібелі — а) вельмі нізка нахіліцца; сагнуцца; б) перан. праявіць празмерную ўгодлівасць.

Сагнуцца крукам; сагнуцца ў крук — а) моцна выгнуцца, заўзята працуючы; б) перан.; стаць рабалепным, уніжаным перад кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)