лажэ́чнік, ‑а, м.

Абл. Планка з выразамі, у якія ўстаўляюцца лыжкі, нажы, відэльцы. Варанецкі стаяў і аглядаў небагаты [хатні] скарб.. За сталом дзве лавы — адна ад покуця ў адзін бок, другая — у другі. Зэдлік ля печы, на сцяне ў парозе драўляны лажэчнік. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азі́міна, ‑ы, ж.

Пасевы, усходы азімых збожжавых культур. Негарачае асенняе сонца лашчыць пажоўклыя бярозавыя гаі, шырокія вагоны зялёнай азіміны. Навуменка. Варанецкі схадзіў на поле азіміны, паглядзеў, ці добра яна ўрунела. Дуброўскі. Лёгкі подых ветру даносіць з поля ледзь чутны водар спелай азіміны і салодкі пах грэчкі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насе́ннік, ‑а, м.

1. Расліна або яе плод, пакінуты на насенне. Тытунь-насеннік. Агурок-насеннік. □ [Дзяўчына] была на дзялянцы, прарывала бурачкі, даглядала насеннікі. Сабаленка. // Дрэва, якое пакідаецца для абсемянення высечанага ўчастка лесу. Дуб-насеннік.

2. Спец. Участак, прызначаны для вырошчвання раслін на насенне. — Паважаны Аксён Верамеевіч, не ўсякая трава ідзе на насенне. Вунь у нас насеннікі, — паказаў Варанецкі за канаву. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хутара́нец, ‑нца, м.

Разм. Тое, што і хутаранін. Большасць карэнных местачкоўцаў, асабліва мужчын, яшчэ ў калектывізацыю падаліся на чыгунку — у стрэлачнікі, грузчыкі, — Заслужылі да пенсіі, а з былых хутаранцаў за доўгія гады ў заработкі мала хто пайшоў: іх як бы не пускала зямля, што ляжала адразу за хатамі і агародамі. Навуменка. Варанецкі ведаў, што не толькі Выжлік, але многія хутаранцы папасвалі жывёлу на калгасных пасевах. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гне́вацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., на каго-што і без дап.

Быць у стане гневу, выказваць гнеў; абурацца, злаваць. — Ты чаго тут! — гневаецца жанчына, пазнаўшы сына. — Ану, вылазь! Гарбук. [Бабуля] усё вохкала на возе, гневалася: — Бачыш ты яго, старац, а яшчэ дабром грэбуе. Лынькоў. // Разм. Крыўдзіцца. — Ты не гневайся на мяне, Аўгінька! — ласкава сказаў Мартын і палажыў руку на яе плячо. Колас. — А за што на мяне крыўдзіцца-гневацца? — з неўразуменнем спытаў Варанецкі. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жэст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Рух рукі, галавы, які суправаджае або замяняе чалавечую мову. Сонцаў дапаўняў свой расказ звыклымі жэстамі, бо яўна не верыў у сілу слова. Мележ. // Рух цела або яго частак наогул. Прывычным вокам Варанецкі агледзеў.. [дакументы], прывычным жэстам узяў асадку і падпісаў некалькі паперак. Скрыган. Нібыта не сваю, незвычайным жэстам, стары ўзняў галаву: — А ён што думаў? Брыль.

2. перан. Які‑н. наўмысны, загадзя разлічаны ўчынак. Знайшліся мецэнаты, якія пачалі рабіць апякун[скі]я жэсты, нават .. даходзіла да «салодкіх абяцанак наладзіць паездкі па Еўропе». У. Калеснік.

[Фр. geste.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўкру́г, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. Навокал, кругом. Мне здавалася тады, што гарэла ўсё наўкруг, гарэў увесь свет... Сачанка. Паглядзі, як прасторна наўкруг, Як прыціхлі палацы, касцёлы! Колас.

2. прысл. Не прама, а ў абход ці ў аб’езд; укругавую. Пажылыя з косамі, граблямі і харчамі ехалі на калёсах наўкруг за пятнаццаць вёрст, а моладзь ішла напрасткі цераз раку і балота. Чарнышэвіч.

3. прыназ. з Р. Вакол, кругом каго‑, чаго‑н. [Дрэвы] утваралі зялёную агаро[д]жу наўкруг усяго парку. Чарнышэвіч. Калі Варанецкі скончыў, Парамонаў устаў і захадзіў па пакоі наўкруг стала. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

благаславі́ць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; зак., каго-што.

1. Перахрысціць каго‑н. са словамі малітвы, з пажаданнем удачы, шчасця. [Янка Андрэю:] — Валяй, браце. Абедзвюма рукамі благаслаўляю цябе ў дарогу. Няхай будзе яна насыпана жоўценькім пясочкам! Колас. Добрай матчынай рукою Благаславі на трудны шлях. Глебка.

2. Ухваліўшы, накіраваць на што‑н. Калі ж, палаючы ў агні, мяне Радзіма Пазвала ў паход у грозны час, — На подзвігі яна благаславіла І матчын аддала мне свой наказ. Русак. // Ухваліць, даць згоду на што‑н. — Давайце, хлопцы, пачынайце, — благаславіў Варанецкі. Дуброўскі. Але выбіраць не прыходзілася, і Панасюк, які вярнуўся ад шаўца з добрымі весткамі, благаславіў гэты сумесны твор у друк. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёт, ‑у, М лёце і на ляту́, м.

Дзеянне паводле дзеясл. лётаць (гл. лятаць у 1 знач.) і ляцець (у 1–5 знач.). Дзеці доўга пазіралі за лётам шэршняў. Рылько. Здаецца, думак быстры лёт выразна кожнаму чуцён — такая ціш. Вялюгін. Варанецкі хапаецца за білы, ловіць лейцы, каб спыніць лёт .. коней. Дуброўскі.

•••

З лёту — з разбегу, хутка рухаючыся. З лёту Верачка абхапіла Барыса, прытулілася да яго грудзей. М. Ткачоў.

Лавіць на ляту гл. лавіць.

На ляту — у час лёту, руху ў паветры. [Талімон:] — Былі зімы, што ад марозу дух займае.., птушка на ляту падае... Кулакоўскі.

Страляць (біць) у лёт гл. страляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасла́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.

1. Аслабіць, адпусціць крыху што‑н. туга нацягнутае, закручанае. Паслабіць гайку. □ Варанецкі лёгка саскочыў з сядла, паслабіў каню папругі і пусціў яго папасвіцца. Дуброўскі. Сева расшпіліў кашулю, паслабіў гальштук і ссунуў яго набок. Карпаў.

2. перан. Знізіць, аслабіць сілу, напружанасць чаго‑н.; зменшыць размах, інтэнсіўнасць чаго‑н. Новая бяда на нейкі момант паслабіла .. ўвагу [Веры Паўлаўны] да дзяцей. Якімовіч. Віктар нічога не гаварыў, толькі часта заглядваў у праект, я адчуваў набліжэнне бурнай размовы, але ніякіх захадаў не рабіў, каб яе паслабіць. Савіцкі. Ваяўнічая, неспакойная, якой мы ведалі заўжды байку, сёння ў некаторых нашых байкапісцаў як бы паслабіла сваю адказнасць перад грамадствам. Клышка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)