ВАРАНЕ́ЦКІ Аляксандр Арсенавіч

(н. 12.5.1951, г. Маладзечна),

акцёр цырка, клоун. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыў студыю пры Мінскім дзярж. цырку (1969). Артыст Рас. дзяржцырка. Выступае ў дуэце з Ф.Гулевічам як дывановы клоун (маску прастадушнага, вясёлага хлопца стварыў на аснове бел. фальклору). Артыст яркай індывідуальнасці, пластычна выразны. У нумарах выкарыстоўвае акрабатыку і жангліраванне. Аўтар (з Гулевічам) многіх клаунад і рэпрыз. Зняўся ў тэлефільмах «Дзяніскавы апавяданні», «Навагодні атракцыён», «А таксама цырк».

т. 4, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЕ́ЦКІ Фама Сільвестравіч

(н. 23.3.1938, в. Траскоўшчына Мінскага р-на),

бел. акцёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа. З 1971 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Адначасова (з 1990) выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Напачатку выконваў ролі герояў, потым пераважна характарныя. Сярод лепшых роляў у т-ры імя Я.Коласа: Раскольнікаў («Злачынства і кара» паводле Ф.Дастаеўскага), Леанідзік («Мой бедны Марат» А.Арбузава), Віктар («Варшаўская мелодыя» Л.Зорына); у т-ры імя Я.Купалы: Салянік («Радавыя» А.Дударава), Паніч («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Жабрак («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Настаўнік («Безыменная зорка» М.Себасцьяна), Клеон («...Забыць Герастрата!» Р.Горына).

т. 4, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)