Плуг ’прылада з металічным нарогам для ворыва’ (ТСБМ; Зн., дыс.; Бес., Тарн.; Сцяшк. МГ; Бяльк.; Сл. ПЗБ), ’вузенькі шнур зямлі, які можа запяць плуг пры ворыве’ (слаўг., Яшк.); укр. плуг, рус. плуг, стараж.-рус. плугъ, польск. pług, палаб. pläug, н.-луж. pług, в.-луж. płuh, чэш. pluh, славац. pluh, славен. plȕg, серб.-харв. плу̏г, макед. плуг, балг. плуг(ът), серб.-ц.-слав. плугъ. Прасл. *plugъ. Многія (Мерынгер, JF, 16, 184; 17, 100; 18, 244; Уленбек. AfslPh, 15, 490; Ван–Вейк, IF, 23, 366; Мее, Études, 179; Фасмер, 3, 287) выводзілі лексему з герм. *plōga‑ ’плуг’, якое, аднак, у германскіх мовах з’яўляецца ізаляваным і этымалагічна няясным (запазычанне нібыта адбылося яшчэ да перамяшчэння зычных у ст.-в.-ням. мове, г. зн. да V–VI стст. н. э. ці са ст.-в.-ням. pfluog (Смулкова, Słown., 42). Цяжка давесці і кельта-рэцкае паходжанне герм. *plōga (у сувязі са згадкай у Плінія (Naturalis historia, 18, 172) пра новую прыладу працы (plaumorati < *ploum aratrum) з альпійскай вобласці, якое параўноўваюць (Вальдэ-Гофман, 2, 320, 324) са ст.-італ. ploxemum, ploxenum ’палукашак на возе’, ці з лац. plaustru, plostrum ’xypa’ (Клюге, 17, 545). Пра запазычанне герм. *plōga з прасл. plugъ гаварыў яшчэ Я. Грым (Geschichte der deut. Spr., 1850, 1, 40), але прасл. лексема, паводле яго, была ўтворана з *plyti ’плыць’; гэтаксама з *plyti і суф. *‑gŏ‑ ўтваралі лексему *plugъ Вондрак (Vergl. Gr., 1, 470), Міклашыч (252), Машынскі (JP, 36, 1956, 1) — з і.-е. *pleu̯‑/*plou̯‑ ’ліцца’, ’сунуцца, цягнуць’, Фасмер (3, 287) рашуча адхіляе запазычанне герм. *plōga са слав. У той жа час Мартынаў (Лекс. взаим., 175–178) пераканаўча даводзіць спрадвечнасць прасл. *plugъ (< plužiti ’цягнуць па зямлі’) і запазычанне слав. лексемы германцамі. Скок (2, 690) мяркуе, што герм. (гоц. *plōgs) было запазычана з балтаслав. мовы. Гл. таксама Бязлай (3, 61–62). Трубачоў (Этногенез, 212) лічыць plōg‑ цэнтральнаеўрапейскай інавацыяй, што адлюстроўвае тэхнічнае ўдасканаленне больш ранняга рала (< *ordlo) — ’рала на калёсах’ (“плывучае рала”). Сюды ж плуга́р ’араты’ (в.-дзв., рагач., Сл. ПЗБ; Нар. Гом.; Ян.), плуга́тар, плуга́тнік ’тс’ (Сл. ПЗБ; ЛА, 3), плужок ’акучнік’ (Дзмітр.; лід., Сл. ПЗБ); плугава́ць, плу́жыць ’абганяць бульбу’, плужкаваць ’тс’ (гродз., ЛА, 2; Сцяшк. МГ; Скарбы), плужь́щь ’тс’ (Шат.: сміл., Стан.), плужы́ца ’акучнік’ (беласт., Смул.).

Плуг 2, зборн. плуганнё ’галлё, бярвенні, якія плывуць па рэчцы так шчыльна, што па іх можна перайсці на другі бераг’ (віл., Нар. словатв.). Няясна. Магчыма, генетычны звязана з літ. plùkdas ’лёд, што плыве па рацэ’, plū̃koti ’трымацца на паверхні вады, плаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мані́ць ’падзываць, клікаць, падклікаць (качак, курэй, сабак)’ (Касп., Шат., Юрч., Сцяшк. Сл.), ’прыцягваць, прынаджваць’, манлі́ву ’прываблівы’ (ТС), беласт. мані́ті ’прывабліваць, спакушаць’ (Сл. ПЗБ); мана́ ’прываба, пахучая прыманю’ (ТС); мані́ць, мані́ці ’хлусіць’, мана́, мына́ ’хлусня, наўмыснае скажэнне ісціны’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Растарг., Яруш., Сцяшк., КЭС, лаг.; ЛАПП, ТС, Ян., Сл. ПЗБ, Янк. 1), мань, май ’хлусня, хлус’ (кліч., Жыв. сл.; Яруш., Мікуц., Нас., Шат.). Укр. мани́ти, рус. мани́ть ’тс’, паўн. ма́нкий ’спакушальны, прыцягальны’, валаг. манно́ ’прывабліва, прыемна’, алан., наўг., калін. ман ’хлус’, алан., смал., укр. мана ’хлусня’, польск., в.-луж. manić, н.-луж. maniś ’падманваць, ашукваць; прывабліваць, спакушаць, цешыць сябе чым-небудзь’, польск. man ’уведзены ў зман’, ’падман’, manicielstwo ’тс’, ’спакуса’, чэш. ‑maniti: ляш. podmanic ’падбухторыць да нечага’, podmana ’хітры ашуканец’, славац. obmantať ’ашукаць’, umantať ’заваражыць, зачараваць’. Да групы слав. лексем з асновай man‑ трэба яшчэ далучыць бел. мана́ ’пустата’, ’прывід, здань’ (Нас.), ’чары, насланнё’ (Ян.), ’азарт, прыцягальная сіла’ (карэліц., Марц.), ’ахвота, жаданне’ (Сцяшк. Сл.), мані́ць ’трызніць’ (Сцяшк.; іўеў., Сл. ПЗБ), мін. манаецца ’здаецца’ (КЭС) і аналагічныя да іх укр. мана́ ’прывід, здань, ілюзія’, рус. смал. ’насланне, нешта нерэальнае’, ’хмара’; ’прынада, спакуса’ (Даль); тамб. ’слодыч’, наўг. ман ’нячысцік, які жыве ў званіцы, у хаце або ў лазні’, уладз., валаг., наўг. мани́ть, безасаб. ма́нит ’здавацца, мроіцца’, манной ’шалёны’, а таксама польск. man ’ілюзія’, серб.-харв. не̏ман (з адмоўнай прыстаўкай, як, напр., нябога) ’страшыдла, прывід’, ’волат, калос’, ’нячысцік, д’ябал’, у якім (паводле Скока, 2, 366) адбылася дысіміляцыя m…m > m…n. Ван–Вейк (RÉS, 14, 73) таксама мяркуе, што паўн.-слав. maniti ўтварылася ў выніку дысіміляцыі з mamiti, прадстаўленага на зах.- і паўд.-слав. моўнай тэрыторыі, параўн. польск. mamić ’падманваць, уводзіць у зман’, ’прывабліваць’, чэш. mámiti ’выманьваць, выцягваць’, ’абдурманьваць’, славац. mámiť ’тс’, ’прывабліваць’, mam ’прывід, міраж’; славен. mámiti ’завабліваць, спакушаць’, ст.-славен. mama ’балбатун’, серб.-харв. ма́мити ’заманьваць, прывабліваць’, ’выманьваць’, ’раз’юшваць’, ма̏ма ’дурны’, ’шаленства’, ма̑ма ’прынада’, макед. мами ’хлусіць, ашукваць, махляваць, заманьваць’, балг. ма́мя ’тс’, ’прыручаць’, ’парушыць клятву’, ’вадзіць за сабой’, ’падзываць, клікаць (свойскія жывёлы і птушкі)’, ст.-слав. мамьнъ ’дурны’, ц.-слав. мамити і манити. Махэк₂ (350 і 351) мяркуе, аднак, што зыходнай формай для дзеяслова з’яўляецца прасл. manъ, якое пад уплывам сіноніма klamъ змяніла свой канчатак (‑nъ у ‑mъ) > ‑maniti. БЕР (3, 635) дае дзве прасл. формы дзеяслова: mamiti і maniti. І.‑е. асновай для першай з’яўляецца *ma‑ ’узмах рукою’ > прасл. majati, maxati, літ. móti, лат. māt ’махаць, ківаць’ з фармантам ‑mo‑ (параўн. ст.-грэч. μῑμος ’пераймальнік, імітатар, мім’, лац. mīmos ’тс’, месапск. mimeteos (Р. скл.) ’тс’ (Крае, IF, 49, 268; Бязлай, 2, 164–165). Роднаснымі да прасл. maniti будуць: ст.-інд. māyā́ ’чары, падман, ілюзія’, авест. māyā‑, лат. mãnît ’уводзіць у зман, падманваць’, mani, якому адпавядае бел. мань (Карскі, Труды, 456), ст.-в.-ням. mein ’ілжывы, падманлівы’, ст.-ісл. mein ’страта, шкода, няшчасце’, ст.-англ. mān, ст.-сакс. men ’хлусня’, ням. Mein‑eid ’клятвапарушэнне’ (Мюленбах-Эндзелін, 2, 582; Бернекер, 2; Фасмер, 2, 569).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)