эшало́н, ‑а, м.

1. Спец. Частка баявога парадку войск, калі размяшчэнне падраздзяленняў зроблена ў глыбіню ці ўступамі, а не па фронту. На світанні наша разведка данесла, што старыя нямецкія франтавыя ўмацаванні, першага і другога эшалона, пустыя. Машара.

2. Пры паходным перамяшчэнні войска — асобная частка агульнай калоны, якая рухаецца на пэўнай адлегласці ад другой. Калі ў 6 гадзін 30 мінут пачаць адвал ад левага берага першай хвалі дэсанта, то штурмавыя батальёны дывізій першага эшалона прычаляць да таго берага ў 7 гадзін 30 мінут. «Звязда».

3. Чыгуначны састаў, аўтакалона, група самалётаў для масавых перавозак спецыяльнага прызначэння. Эшалон з вугалем. □ Цяпер усе станцыі і пуці забіты ваеннымі эшалонамі, што так паспешліва гналіся на ўсход. Няхай. [Страмілін:] Мы адпраўляем першы эшалон нашых самазвалаў на Волга-Дон. Крапіва.

[Фр. échelon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкры́ць, ‑краю, ‑крыеш, ‑крые; зак., каго-што.

1. Злёгку, няшчыльна закрыць; накрыць. Маці вынесла ў тазе на балкон сала, масла і прыкрыла газетай. Даніленка. [Чалавек] раскурваў люльку, прыкрыў вялікім пальцам тытунь і дробна пацягваў з цыбука. Чорны. «Спі, малы мой», — шапнуў бацька і прыкрыў сына коўдрай. Кулакоўскі.

2. Засланіць, загарадзіць сабой або чым‑н. Цямнела, вячэрнюю зару прыкрылі хмурынкі, дзе-нідзе ў нізінах на лузе ўсплылі сівыя пасмы. Хадкевіч. [Маці] кідалася, каб падставіць сябе пад бізун, прыкрыць сына. Новікаў.

3. Абараніць ваеннымі дзеяннямі. Батарэя, дзе быў Прыбыткоўскі, аставалася на месцы прыкрыць адыход свае часці. Чорны. Пасля нядаўняга пераходу шашы, калі ім давялося прыкрыць рэшткі іх групы, .. [Сотнікаў і Рыбак] неяк паволі зблізіліся і ўсе апошнія цяжкія дні трымаліся разам. Быкаў.

4. перан. Схаваць, не выявіць, не даць распазнаць. [Аўдоля] гаварыла мацней як звычайна, хацела гэтым прыкрыць сваё хваляванне. Крапіва. — Гатоў пабажыцца, аб заклад пабіцца, — пачаў сыпаць Лабановіч словамі, узяўшы жартлівы тон, каб жартамі прыкрыць тое, што ішло ад самага сэрца. Колас. // Схаваць, пакрыць што‑н. нядобрае, заганнае. Прыкрыць сваю віну. □ Ворагі савецкіх рэспублік імкнуліся прыкрыць інтэрвенцыю гучнымі фразамі аб нацыянальнай свабодзе, аб абароне правоў маладых народаў. «Полымя».

5. перан. Разм. Спыніць, закрыць. Што ж да яго, да Андрэя, дык сувенірна-ювелірна-галантарэйную прамысловасць можна зусім прыкрыць. Мехаў. Але ўлада прыкрыла нэпманаў, і Леўка застаўся пры адным сваім інтарэсе з мянушкай каравачніка. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)