дармавы́, ‑ая, ‑ое і дармо́вы, ‑ая, ‑ае.

Атрыманы дарма, за нішто; бясплатны. Усе з цікавасцю чакаюць дармавога спектакля, які кожны дзень разыгрываецца Гараськам. Навуменка. [Рабочаму чалавеку] работу давай, каб ён ведаў, што не дармовыя грошы атрымлівае. Шыцік. Дармавому каню ў зубы не глядзяць. Прымаўка. // Які выконваецца дарма, бясплатна. Дармавая праца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дарэ́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Марны, бескарысны. Не дапускай дарэмнай траты часу. □ Паравоз рабіў дарэмныя спробы скрануць з месца гружаны эшалон. Лынькоў.

2. Беспадстаўны, беспрычынны. Дарэмная трывога. Дарэмны страх. □ І паімчаліся мы ўсцяж па рацэ, пакінулі дарэмную спрэчку. Краўчанка.

3. Дармовы, бясплатны. — Ад дарэмнага пачастунку ніхто ў лесе не адмовіцца, — зазначыў Дзямід, аглядаючы мясцовасць. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́нна ‘дарэмна, дарма, марна’ (Нас., Гарэц. 1.), ‘бясплатна’, ‘без пакарання’: гэта табе тунна ня пройдзець; ту́нны ‘марны, дарэмны’, ‘бескарысны (пра працу)’ (Нас.), ст.-бел. туне ‘дарма, марна’ (ГСБМ). Укр. ту́нний, ту́ній ‘танны, даступны’, рус. ту́но ‘дарма, дарэмна, упустую’, ту́нный ‘дармавы’, ‘марны’, рус. і стараж.-рус. туне ‘дарэмна’, польск. усх. tuni, сілез. tůńi, каш. tóni, tóńi ‘танны’, н.-, в.-луж. tuni, славац. tuni, tuný, славен. tônj ‘тс’, zastóņj ‘дарэмна’, ст.-харв. ostunj, stunj, stunje ‘задарма, бясплатна, дарма’, балг. ту́на ў выразе: ту́ня беда ‘вялікая бяда’, ‘беспадстаўнае абвінавачанне’, макед. туне беда ‘тс’, ст.-слав. туне ‘дарэмна, бясплатна’. Прасл. *tuńь ‘дарэмны’ (Борысь, 626) ці *tunь‑jь ‘танны, даступны, дарэмны, бясплатны’ (ЕСУМ, 5, 676) узыходзіць да і.-е. *teu̯n‑. З іншым вакалізмам кораня на польскай моўнай тэрыторыі (другасная назалізацыя) прасл. *tanьjь, *tonьjь > та́нны (гл.). У якасці роднасных падаюцца: лат. taúņa ‘гультай’, taūņât ‘бадзяцца, хадзіць без справы, не брацца за работу’, ст.-в.-ням. dunni, ст.-н.-ням. thunni, ст.-ісл. þunnr ‘тонкі’. Развіццё індаеўрапейскай семантыкі ішло ад ‘тонкі, доўгі, выцягнуты’ > ‘невялікай вартасці’ > ‘танны’ (Шустар-Шэўц, 1558; (гл. таксама: Этимология–1967, 74; Зб. Бернштэйну, 474–480), чаму пярэчаць Фасмер, 4, 121; Сной у Бязлай, 4, 393. Адсутнічае пераканальная этымалогія (ESJSt, 17, 998).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прэ́мія, ‑і, ж.

1. Грашовае або іншае матэрыяльнае заахвочванне як узнагарода за поспехі, заслугі і пад. Міжнародная Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі». □ Некалі да калектывізацыі Шаройка штогод атрымліваў прэміі за лепшага ў раёне каня, за лепшую свінаматку, за найвышэйшы ўраджай бульбы. Шамякін. [Фёдар Сапожнікаў] прадстаўлены да Ленінскай прэміі за распрацоўку і ўкараненне новых метадаў будаўніцтва цеплавых электрастанцый са сборнага жалезабетону. Дадзіёмаў. // Дадатковая грашовая ўзнагарода да заработнай платы за перавышэнне вытворчых норм. Прэмія за перавыкананне плана.

2. Спец. Грашовая сума, якая выдаецца некаторымі ўрадамі як заахвочванне за вываз некаторых тавараў. Экспартныя прэміі.

3. Спец. Розніца паміж біржавай і намінальнай вартасцю каштоўнай паперы.

4. Спец. Грашовая сума, якую выплачвае страхавальнік страхавой установе за рызыку, якую яна нясе.

5. У дарэвалюцыйнай Расіі — бясплатны дадатак да часопіса або газеты, а таксама бясплатная прыдача пры пакупцы некаторых тавараў.

•••

Нобелеўская прэмія — міжнародная прэмія за адкрыцці ў навуцы, за поспехі ў літаратуры і пад., якая прысуджаецца з працэнтаў на капітал, завешчаны шведскім прадпрыемцам А. Нобелем.

[Ад лац. praemium — узнагарода.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)