навуковы цэнтр нац. бібліяграфіі, статыстыкі друку, аўтаматызаванай і цэнтралізаванай апрацоўкі дакументаў, галіновай службы стандартызацыі і навук.-тэхн. інфармацыі ў галіне выдавецкай справы, паліграфічнай прам-сці і кніжнага гандлю. Засн. 15.9.1922 у Мінску пры Бел.дзярж. і універсітэцкай б-цы як Бел. кніжная палата, з 1977 самастойная ўстанова ў сістэме Дзяржкамдруку Беларусі, да 1992 наз.Дзярж. кніжная палата Беларусі. Атрымлівае і захоўвае абавязковы бясплатны кантрольны экзэмпляр усіх выданняў рэспублікі (штогод каля 50 тыс.экз. кніг, брашур, перыяд. выданняў, аўтарэфератаў, дысертацый, плакатаў, нот, афіш, картаў, атласаў, паштовак і інш.), які пасля бібліягр. апрацоўкі захоўваецца ў Архіве друку (4,3 млн. адзінак; 1999). Інфармуе аб гэтых выданнях праз дзярж.бібліягр. паказальнікі, аб’яднаныя пад агульнай назвай «Летапіс друку Беларусі» (выходзіць з 1924); у 1995 падзелены на 4 самастойныя выданні. «Кніжны летапіс» (з 1924); «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934); «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937); «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія працягваюцца» (з 1925). Рыхтуе і выдае штогоднікі: «Друк Беларусі» (з 1976), «Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі» (з 1978), «Кнігі Беларусі» (з 1984), рэтраспектыўныя паказальнікі, у т. л. «Музычная літаратура БССР» (1963—77), «Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову» (1967—97), «Летапіс часопісных артыкулаў, 1928—1933 гг.» (ч. 1—2, 1992) і інш. Ажыццяўляе работу па статыстыцы друку, распрацоўвае дзярж. і галіновыя стандарты па выдавецкай дзейнасці, паліграф. прам-сці. Выконвае функцыі нац. цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур (ISBN). Прысвойвае ідэнтыфікатары выд-вам, прыватным выдаўцам, якія маюць выдавецкія правы (ліцэнзіі). Супрацоўнічае з ЮНЕСКА, Міжнар. агенцтвам ISBN і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры ранняга барока. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл., на паўн. беразе воз. Вялікае. Засн. ў 1639 мсціслаўскім ваяводам Іосіфам Корсакам, які запісаў кляштару сваю частку Глыбокага, 27 фальваркаў і вёсак. Кляштар спалены ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Мураваны касцёл Ушэсця Маці Божай пабудаваны ў 2-й пал. 17 ст. прыёрам Тышкевічам, перабудаваны ў 1735 паводле праекта арх, І.Глаўбіца (зменены гал. фасад і інтэр’ер), першы ўзор віленскага барока на Беларусі. У 1727 у кляштар пераведзены з Вільні кананічны навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). Касцёл — 3-нефавая 4-вежавая базіліка з трансептам і прамавугольнай у плане алтарнай апсідай. Гал. фасад багата аздоблены ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, раскрапоўкамі, глыбокімі нішамі і інш.) і завершаны 2 скразнымі 4-яруснымі чацверыковымі вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Інтэр’ер аздоблены пілястрамі, антаблементам з каванай агароджай над ім, лепкай у тэхніцы стука і інш. Зберагліся разныя з пазалотай дзверы 17 ст. З ПнЗ да касцёла прылягаў трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак кляштара з унутр. дваром (збераглося ўсх. крыло). На восі касцёла размешчана трохпралётная брама ў стылі позняга барока. Пры кляштары ў 1830 былі бясплатны конвікт для вучняў (пансіён), муз. капэла (12 інструментаў), б-ка (2621 том, 1655 гравюр, збор планаў і картаў), шпіталь, аптэка, гасп. пабудовы. У 1842 канфіскаваныя ў казну ўладанні кляштара складалі больш за 760 валок зямлі, 11 фальваркаў і 67 вёсак, каля 800 дымоў, гадавы прыбытак быў 12 785 руб. серабром. У 1862 кляштар скасаваны (манахі выехалі ў Камянец-Падольскі), яго будынкі аддадзены Палаце дзярж. маёмасці. Касцёл у 1872—78 перароблены ў царкву Раства Багародзіцы, дзейнічае.