саве́т, -а, Ме́це, мн. -ы, -аў, м.

1. Адна з форм палітычнай арганізацыі грамадства, а таксама прадстаўнічы орган дзяржаўнай улады ў былым СССР.

Улада Саветаў.

Вярхоўны С.

Рэспублікі Беларусь.

Сельскі С.

Гарадскі С.

Мясцовыя Саветы.

С. нацыянальнасцей.

2. Назва некаторых органаў дзяржаўнага кіравання, якія складаюцца з выбарных або прызначаных асоб і маюць кіруючае значэнне ў жыцці дзяржавы, у дзейнасці якой-н. галіны гаспадаркі.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

3. Распарадчы або дарадчы калегіяльны орган пры якой-н. установе, арганізацыі, таварыстве і пад.

Савет Бяспекі ААН.

Вучоны с. інстытута.

Педагагічны с. школы.

Мастацкі с. тэатра.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

самапа́л, ‑а, м.

Старажытная гладкаствольная агнястрэльная зброя, якая зараджалася з дула. // Разм. Ружжо наогул. Брыду адранкам ля ракі, Збіваючы расу, І самапал на два куркі На выпадак нясу. Броўка. Іду туды, дзе стаяў [Атрох], а ён ляжыш ніцма, носам у снег. І самапал яго воддал: ложа — сабе, а ствол — сабе. Ракітны. // Самаробная дзіцячая стрэльба ў выглядзе кароткага ствала, прымацаванага да ручкі. А на справе ім даводзілася абыходзіцца звычайнымі дзіцячымі самапаламі. Васілевіч. Але тады [у дзяцінстве] мяне больш вабілі не кнігі, а самаробныя самапалы ды буслянкі на стогадовых ясакарах і ліпах у былым панскім садзе. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паласка́цца, палашчуся, палошчашся, палошчацца; незак.

1. Купацца, мыцца шумна, пырскаючыся. Дзеці ўвесь дзень палошчуцца ў рацэ. // Апускацца ў што‑н. вадкае, сыпкае, узмахваючы крыламі (пра птушак). [Куры] паласкаліся ў пяску, у градах, у крапіве, ля плота... Пестрак.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Разм. Калыхацца, удараючыся аб што‑н. з плёскатам. Палошчуцца хвалі аб каменны мол, і яхта на хвалях — як лялька. Дудар.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трапятацца на ветры. Кавалак.. брызенту, нібы на развітанне былым спадарожнікам Міхася, доўга яшчэ мігатліва паласкаўся над кузавам. Б. Стральцоў. Побач з брыгадай палошчацца на ветры палатно чырвонага сцяга. Галавач.

4. Зал. да паласкаць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

былы́, ‑ая, ‑ое.

1. Мінулы, прошлы. У народных песнях і паданнях расказваецца аб цяжкім лёсе дзяўчыны ў былыя часы. Ярош. Можа, ты пра былое жыццё сваё, браце, раскажаш? Танк. // у знач. наз. было́е, ‑ога, н. Мінулыя часы, падзеі; усё, што было раней, прошлае. Малюнкі далёкага былога набліжаліся, ажывалі, стаялі перад вачамі. Мележ. Фотаздымак.. Сваёю Рукою на ім Напісала яна [Алеся]: «На ўспамін аб былым». Куляшоў. Ды прашу, што мінула, Прайшло, не вяртай — Для былога няма павароту. Тарас. // Які быў раней, ранейшы. Шэрыя дзедавы вочы яшчэ захавалі сваю былую зоркасць. Колас. То нікла дойна, то ўзлятала ў высь начную да нябёс, і нам яна апавядала пра лёс былы і новы лёс. А. Вольскі.

2. Які страціў ранейшае становішча або прызначэнне. На месцы былой пусткі вырас дом. □ Кулага Мацвей — былы вучань Міхаіла Дзям’янавіча. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паро́ць, пару, пораш, пора; незак., каго-што.

1. Калоць, тыкаць чым‑н. вострым. — Капешка саломы на гумне стаяла, дык.. [немцы] шомпаламі яе поруць, партызан шукаюць. Сіняўскі. Каця прыкладам пачала пароць снег, выкапала нейкі каменьчык. Карпюк. // Разбураць, спорваць, зрываць. Пеця расказваў мне, як некалі пароў ён гнёзды на ліпах у былым панскім маёнтку. Мыслівец.

2. Разразаць ніткі, якімі што‑н. зашыта; распорваць, расшываць. Пароць старую адзежыну.

3. Разм. Бадаць. Каровы поруць адна адну.

4. Колючы, тыкаючы чым‑н., прымушаць вылезці адкуль‑н.; выпорваць. Да Толі з Алесем прыходзілі яшчэ Валодзя і Сцёпка, і разам яны паролі тых трусоў з малінніку тычкамі. Брыль. // Выганяць, праганяць. [Антось:] — Калі б мелі свой кавалачак зямлі, то.. — ніхто не пароў бы, з месца не гнаў бы. С. Александровіч.

•••

Глупства пароць — гаварыць, рабіць абы-што.

Пароць гарачку — рабіць што‑н. неабдумана, паспешліва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сла́басць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан слабага. Слабасць зроку. Слабасць здароўя. □ Такім чынам, неабходнасць шукаць знешняга рынку зусім не даказвае слабасці капіталізму, як любяць паказваць справу народнікі-эканамісты. Ленін.

2. Недахоп або ўпадак фізічных сіл; недамаганне. Валодзю рабілася ўсё горш і горш. Кружылася ад слабасці галава, і ён баяўся, што ўпадзе з каня. Хомчанка. Уклаў [Сташэвіч] у сцірту апошні сноп, і калі разагнуўся — пацямнела ўваччу, млявасць і слабасць прайшлі па ўсім целе і спыніліся ў грудзях каля сэрца. Чарнышэвіч.

3. Адсутнасць цвёрдай волі; маладушнасць. [Таццяна:] — Даруй, Тарас Іванавіч, за слабасць: Я ратаваць хацела нашу справу і выдала цябе. Глебка. [Надзя] раптам заплакала і, прыкрыўшы твар рукамі, хуценька выбегла ў сенцы, нібы саромеючыся людзей за гэтую нечаканую сваю слабасць. Лынькоў.

4. Недасканаласць, недахоп, слабае, месца. [Каліноўскі:] — Тое, што.. [маніфест] абвяшчае волю і роўнасць і перадае былым прыгонным сялянам зямлю зараз жа, а не праз доўгія гады, як гэта робіць цар, і без выкупу, чаго цар не робіць, у гэтым яго сіла.. Але маніфест мае і свае слабасці. Якімовіч.

5. Разм. Схільнасць, цяга да каго‑, чаго‑н. Шахматы — мая слабасць. □ Хоць патуранне было і шкодна з педагагічнага боку, і Лабановіч гэта ведаў, але падолець гэту сваю слабасць не мог ніякім чынам. Колас. Саша больш за ўсіх ведаў пра слабасць сябра, які дужа любіў паспаць. Васілёнак. Трэба сказаць, у Зоі была слабасць.. да людзей незвычайных. Арабей. // Пра таго (тое), хто (што) выклікае да сябе чыю‑н. сімпатыю, з’яўляецца прыхільнасцю каго‑н. Аднойчы я чуў, як [сусед] прызнаваўся бацьку: «Коні, — кажа, — гэта мая слабасць, мая хвароба. Калі ўбачу статнага, добрага каня, я губляю спакой...». Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)