узбудара́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

Разм. Прывесці ў стан непакою, трывогі; заставіць рухацца, дзейнічаць; устрывожыць. Стральба ўзбударажыла вёску. Узбударажыць асіны рой. □ Вестка аб тым, што да крымскага берага падыходзяць судны, узбударажыла ўвесь шпіталь. С. Александровіч. Жарты, відаць, цягнуліся б і далей, каб раптоўны бразгат шархотак на двары не ўзбударажыў усіх. Броўка. Навошта ж тады ўзбударажылі Ганну, навошта ўзбаламуцілі спакойнае жыццё яе, разверадзілі душэўную рану? Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шархо́ткі 1, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які ўтварае шорхат, шуміць, шапаціць. Вецер .. гнаў цераз чыгунку ў шэрую далеч шархоткія статкі лісцяў. Быкаў. Дым імпэтна, нібы хто цягне яго, узвіваецца над гнуткімі шархоткімі лазнякамі і знікае бясследна ў блізкай зусім цемры. Савіцкі.

шархо́ткі 2, ‑так; адз. шархотка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Абл. Бомы, шамкі. Жарты, відаць, цягнуліся б і далей, каб раптоўны бразгат шархотак на двары не ўзбударажыў усіх. — Маладыя прыехалі!.. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бразго́тка, ‑і. ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм.

1. Дзіцячая цацка, пры ўзмахванні якой утвараецца бразгат, шум. Дзікавіцкі, чакаючы абеду, сядзеў на рагу стала з ўнукам на каленях, які прытанцоўваў і стукаў бразготкай то аб стол, то па галаве дзеду. Дуброўскі.

2. толькі мн. (бразго́ткі, ‑так). Бомы, званочкі. Чуецца ржанне коней, звон бразготак і музыка. Козел. Не відаць было зухаватых «братоў», пралятаючых з форсам, з бразготкамі на падбадзёраным цуглямі і пугай кані. Крапіва.

3. Невялікі прадмет, які з’яўляецца аздобай. Пецька — піжон. Тыдзень есці не будзе, а бразготку ўпадабаную купіць. Мехаў. [Галя:] — А што гэта такое? Бразготкі нейкія? [Міход:] — Добрыя бразготкі. Гэта ж золата... Сабаленка.

4. Спецыяльная прылада для ўтварэння гукаў, падобных на трэск; трашчотка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збро́я, ‑і, ж.

1. Прылада, рэч для нападу ці абароны. Адама зачынілі ў зямлянцы разведчыкаў, цішком забраўшы адтуль усё, што магло быць зброяй. Брыль. [Юнакі] і зброю падрыхтавалі сабе: знайшлі пяць вінтовак і ўкралі ў немцаў два аўтаматы і скрыню гранат. Шамякін. / у знач. зб. Супроцьтанкавая зброя. Ядзерная зброя. / Пра чыю‑н. армію, ваенную сілу. Сіла савецкай зброі.

2. перан. Сродак, спосаб для дасягнення, здзяйснення чаго‑н. Марксізм-ленінізм — вялікая ідэйная зброя, якая мабілізуе і арганізуе мільёны людзей для руху наперад, для новых перамог. «Полымя». Мастацтва павінна служыць зброяй для замацавання і ўглыблення новага ладу жыцця. Бядуля.

•••

Агнястрэльная зброя — зброя, якая страляе пры дапамозе пораху ці іншых выбуховых рэчываў.

Халодная зброя — зброя для рукапашнага бою, якой сякуць і колюць (кап’ё, меч, шабля, штык і інш.).

Бразгат, зброяй гл. бразгаць.

Скласці зброю гл. скласці.

Узняць зброю гл. узняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)