запо́ўніцца, ‑ніцца; зак.
Стаць поўнасцю занятым, напоўненым чым‑н. У адно імгненне запоўнілася ўся вуліца старымі і малымі. Пестрак. На адзін момант Саўка дужа здзівіўся, што ён ляжыць у сене, але гэты часовы прарыў і пустата ў яго памяці борзда і востра запоўніліся ўспамінамі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́скудзь, ‑і, ж.
Разм. пагард. Пра каго‑н. агіднага, паскуднага або пра што‑н. агіднае, паскуднае. Даміра падышоў зусім блізка, адштурхнуў Канькова, працадзіўшы скрозь зубы: — Ты вось што, на маёй дарозе не стой. Думаў, чалавек ты, аж не,.. поскудзь. Асіпенка. Самагонная поскудзь борзда разлілася па .. [Саўкавых] жылах, стукнула ў галаву. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бяззбро́йны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае зброі, няўзброены. [Рыль:] — Два, тры чалавекі бяззбройныя лёгка справяцца з адным узброеным, калі толькі зробяць гэта борзда і спрытна. Колас. // перан. Пазбаўлены якіх‑н. сродкаў абароны або нападу. Рудзін уяўляў, што вось перад ім бяззбройны стаіць Андрэй, а ён кідае яму ў вочы свае словы, і Андрэй маўчыць. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ло́на, ‑а, н.
1. Уст. Грудзі ці чэрава як сімвал мацярынства, пяшчоты, ласкі.
2. перан. Паверхня ці нетры вады, зямлі. Човен борзда і роўна слізгаціць па шырокаму лону спакойнай Прыпяці. Колас. А над рэчкаю, Над крыніцаю Хутары стаяць, Ўсміхаюцца, Вачмі-зорамі, Зараніцамі, светла-чыстымі, Прамяністымі У лона сініх вод Углядаюцца. Трус.
•••
На лоне прыроды — на адкрытым паветры, сярод прыроды.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паско́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
1. Зрабіць больш хуткім. Тут вельмі борзда вечарэе, Давай, зямляк, паскорым крок! Глебка. Дывінец слухаў дырэктара, а сам думаў над тым, як бы паскорыць апрацоўку дэталей. Асіпенка.
2. Наблізіць надыход чаго‑н. Паскорыць прыезд. □ Іх [партызан] мужная гібель паскорыла прыход светлага дня, і кожны з жывых у глыбокай пашане схіляў галаву перад імі. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пацямне́лы, ‑ая, ‑ае.
Які пацямнеў, стаў цёмным. Моўчкі, нібы запамінаючы, .. [Алесь] сядзеў перад карцінай у пацямнелай ад часу раме. Караткевіч. У лесе і ў палях пачынала цямнець, шэры асенні вечар борзда апускаўся на зямлю; разам з ім і нейкі смутак лажыўся на гэтыя пацямнелыя далі. Колас. Яго крыху пацямнелыя за восень і зіму валасы рассыпаліся на два бакі і падалі на лоб. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзе́янне, ‑я, н.
1. Дзейнасць. Марксізм не догма, а кіраўніцтва да дзеяння. □ Свідравала мозг страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння. Колас. // толькі мн. (дзе́янні, ‑яў). Учынкі, паводзіны. — Ён не малы і павінен адказваць за свае дзеянні перад судом. Алешка. // толькі мн. (дзе́янні, ‑яў). Ваенныя аперацыі. Дывізія выйшла з акружэння арганізаваная, гатовая весці баявыя дзеянні. «Звязда».
2. Работа, функцыяніраванне (машыны, механізма і пад.). Прывесці механізм у дзеянне. Праверыць машыну ў дзеянні. // Прымяненне, праяўленне на практыцы (закона, правіла і пад.). Прадоўжыць дзеянне дагавору.
3. Уплыў, уздзеянне. Дзеянне клімату на арганізм. Дзеянне святла на рост расліны. Дзеянне лякарства. // Праяўленне якой‑н. энергіі, сілы. Дзеянне выбуховай хвалі. Міна запаволенага дзеяння.
4. Падзея, аб якой ідзе гутарка; дзея (у 2 знач.). Дзеянне паэмы адносіцца да мінулага стагоддзя. // Развіццё падзей у літаратурным творы. Ход дзеяння ў п’есе.
5. Асноўны від матэматычнага вылічэння. Чатыры дзеянні арыфметыкі.
•••
Каэфіцыент карыснага дзеяння гл. каэфіцыент.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́каціцца, ‑качуся, ‑кацішся, ‑каціцца; зак.
1. Коцячыся, выйсці, выпасці адкуль‑н. Мячык выкаціўся на дарогу. Яблык выкаціўся з кошыка. □ У старога паволі выкаціліся з вачэй дзве слязінкі. Чорны. // З’явіцца на небе (пра сонца, месяц, зоры). З-за лесу выкацілася сонца, іскрыстае, цёплае. Сачанка. // Выехаць адкуль‑н., куды‑н. З-за рогу борзда і крута выкаціўся з задзірлівым лапатаннем трактар. Шынклер. Брук скончыўся, і воз выкаціўся на дарогу мяккую, з пясочкам. Арочка.
2. Разм. Хутка выйсці, выбегчы адкуль‑н. Андрушка пабег да свайго сябрука Паўліка, свіснуў каля хаты. Паўлік выкаціўся мігам. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агляну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Паглядзець, павярнуўшы галаву назад; азірнуцца. Вольга Віктараўна ідзе борзда, ні разу назад не аглянулася. Лабановіч стаіць, пазірае ёй услед. Колас. // перан. Кінуць погляд на мінулае, каб даць яму новую ацэнку. Вялікі Кастрычнік даў магчымасць беларускім пісьменнікам аглянуцца з вышыні заваёў сацыялістычнай рэвалюцыі на мінулае свайго народа. Дзюбайла.
2. Паглядзець вакол сябе. Лясніцкі памаўчаў, аглянуўся навокал і панізіў голас. Шамякін.
3. Апамятацца, заўважыць, прыкмеціць. І дзядзька наш не аглянуўся, Як і яго людская хваля Нясла, бы шчэпку ў перавале. Колас.
•••
Не паспець аглянуцца, як... гл. паспець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
збо́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Сысці або з’ехаць убок, даючы каму‑н. дарогу. Алена борзда збочыла ў ячмень, каб даць конніку дарогу. Мележ. Міхась збочыў, уступаючы дарогу жанчынам. Васілёнак.
2. Звярнуць убок з дарогі, мяняючы кірунак руху; павярнуць куды‑н. Збочыць у завулак. □ Міхась збочыў з язджалай дарогі і, расхінаючы рукамі галлё маладога зарасніку, пабрыў па лесе. Сачанка. // перан. Адмовіцца ад ранейшых прынцыпаў, поглядаў, змяніць свае паводзіны. А калі ты збочыш з той дарогі, Што да мэты нас вядзе святой, — Не чакай ніякай дапамогі І падтрымкі не прасі маёй! Непачаловіч.
3. што. Разм. Павярнуць убок, скрывіць (галаву, шыю і пад.). Збочыць плячо.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)