рэлі́квія, ‑і, ж.
1. Прадмет рэлігійнага пакланення, які, паводле ўяўленняў веруючых, мае цудадзейную сілу.
2. Прадмет, які беражліва захоўваецца як памяць аб мінулым. З маленькаю латкай і локцем працёртым Вісіць у кутку на цвіку гімнасцёрка — Мая франтавая рэліквія. Панчанка.
[Ад лац. reliquiae (мн.) — астаткі, астанкі.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ашча́дна, прысл.
З ашчаднасцю, беражліва; эканомна. Я .. хацеў зірнуць праз вагоннае акно на знаёмыя месцы, а пасля выйсці на перон станцыі, з імем якой так багата звязана таго, што я ашчадна нашу ў сваёй памяці. Галавач. Не хапаючыся, не высільваючыся, ашчадна трацячы сілу, мерным спрактыкаваным рухам вадзіў.. [Васіль] касою. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даражы́ць, ‑ражу, ‑ражыш, ‑ражыць; незак., кім-чым.
Надаваць вялікае значэнне, высока цаніць каго‑, што‑н. Даражыць давер’ем. Даражыць мінулым. □ І яшчэ больш радавалася [Вольга Усцінаўна] таму, хто не мінаў дома, заязджаў, заходзіў па-ранейшаму. Даражыла дружбай з такімі людзьмі. Шамякін. // Ашчадна, беражліва адносіцца да чаго‑н. Даражыць кожнай капейкай. □ З гэтага бою нас выйшла няшмат, І кожны сяброўствам сваім даражыў. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прамазу́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прамазуціць.
2. у знач. прым. Насыпаны мазутай; запэцканы, замурзаны. Славік беражліва паклаў лісток паперы ў кішэню прамазучанага камбінезона. Даніленка. Бацька заўсёды намерваўся ўхапіць яго за нос сваёй чорнай прамазучанай рукой. Лынькоў. Увесь прамазучаны трактарыст падсадзіў мяне на свайго сталёвага каня, сеў побач са мною і ўзяўся за рычагі. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запэ́ўніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго, у чым і са злучн. «што».
Пераканаць у правільнасці чаго‑н.; паручыцца за што‑н. — Дазвольце запэўніць вас, таварышы, што наша справа калектыўнай гаспадаркі ёсць справа жыццёвая, правільная, а таму ёй належыць будучыня. Колас. — Прывязу лыжы, прывязу абавязкова, — запэўніў бацька, беражліва апускаючы сына на падлогу. Хадкевіч. Дзядзька Карней запэўніў, што асеннімі пасадкамі займацца яшчэ не позна. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
берагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; незак., каго-што.
1. Захоўваць цэлым, не расходаваць. — Можа трошкі віна і знайшлося б, — усміхнулася настаўніца, — але мы яго беражом для раненых. Маўр. // Вельмі эканомна, беражліва расходаваць. Пры другіх абставінах Платон Дулеба і сам арганізаваў бы абстрэл самалётаў, але цяпер трэба было берагчы кожны патрон. Шчарбатаў. // Ашчадна карыстацца якімі‑н. рэчамі, імкнуцца захаваць іх у найлепшым стане. — Ты кнігу беражы, сынок, Прыходзь часцей у госці! Агняцвет.
2. Клапатліва ахоўваць каго‑, што‑н., засцерагаць ад чаго‑н. [Арына] сама любіла і берагла свайго бацьку. Кавалёў. [Маці:] — Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў. Глебка. [Пітолін:] — Неяк раз на зборы перад усімі праводзіў гутарку, як трэба берагчы баявыя традыцыі. Грамовіч. // Захоўваць у памяці, помніць. Берагчы наказ бацькоў.
•••
Берагчы сваю шкуру — клапаціцца, думаць толькі пра сябе.
Берагчы як зрэнку вока — старанна, беражліва захоўваць што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экано́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які прытрымліваецца эканоміі (у 1 знач.), беражліва, ашчадна расходуе што‑н. Колішнія невядомыя жыхары Плутона, відаць, былі эканомныя і не раскідваліся сваімі рэчамі. Шыцік. // перан. Дакладна разлічаны, скупы. Рухі ў .. [Цімкі] былі ўпэўненыя, эканомныя, стрыманыя. Карпаў. // Стрыманы, умераны ў праяўленні чаго‑н. Эканомны ў словах і ўчынках.
2. Які патрабуе меншых затрат, дазваляе абыходзіцца меншай колькасцю чаго‑н.; эканамічны. Мастацкая дэталь — гэта найбольш эканомны сродак раскрыцця думак. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нава́жыцца, ‑важуся, ‑важышся, ‑важыцца; зак., з інф.
Намерыцца нешта зрабіць. Камендант наважыўся ўласнаручна адабраць сцягі і стаў праціскацца праз натоўп. Пестрак. Усе бачаць, як бусел наважыўся быў ужо сесці на гняздо, але раптам узляцеў угору і доўга лятаў. Лынькоў. // Рашыцца, адважыцца на што‑н. Карызна прыехаў з пэўным рашучым намерам: ён наважыўся, нарэшце, пагаварыць начыста з Рачкоўскім, адкрыць яму ўсе свае сумненні. Зарэцкі. Цымончык перасунуў трохі ногі, адклаў убок беражліва шапку, .. але казаць не наважыўся. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасу́дзіна, ‑ы, ж.
1. Асобны прадмет посуду, у які можна наліць, насыпаць ці пакласці што‑н. І раптам цешча перамянілася. Міску з крупнікам не сунула на стол, як заўсёды, а наадварот — паставіла яе беражліва, бы надзвычай крохкую дарагую пасудзіну. Б. Стральцоў. // Шкляны выраб, ёмістасць для хімічных рэчываў, лякарства і пад.
2. Разм. Судна, лодка, карабель. Лодка зрабіла імклівы наўкруг, вынеслася на сярэдзіну ракі. Я любаваўся, як увішна ўпраўляўся з пасудзінай рыбак. Чыгрынаў. Сілівону з цямна да цямна даводзілася вадзіць цераз раку старую сваю пасудзіну, збітую з дошак. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
го́рды, ‑ая, ‑ае.
1. Надзелены пачуццём уласнай годнасці, павагі да сябе. Чалавек наш горды і шчаслівы, Будучыня свеціцца ў вачах, Бо нясе ў сабе ён беражліва Дарагія рысы Ільіча! Звонак. // Поўны пачуцця задавальнення сваімі або чыімі‑н. поспехамі. [Моладзь] была гордая свядомасцю, што зрабіла вялікую справу. Колас. Успаміны хлопчыка палоняць, За бацьку горды хлопчык наш. А. Александровіч. // Які выражае гордасць. Горды позірк. □ Паша таксама калісьці красуняй лічылася: русыя валасы на прабор, карыя вочы, гордая пастава. Лось. // перан. Узвышаны, чысты. Гордая думка пра сыноў не выходзіла з галавы. Кавалёў. Дзесьці ў глыбіні істоты ў жанчыны заварушылася гордая радасць. Чорны.
2. Ганарысты, напышлівы, фанабэрысты. Яшчэ ўчора такія гордыя і грозныя, сёння кідаліся паны на калені перад Сёмкам-матросам. Лынькоў. Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе, а гордае — ніводнае. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)