гном, ‑а, м.
У заходнееўрапейскай міфалогіі — пачварнае чалавекападобнае карлікавае стварэнне, якое быццам бы ахоўвае падземныя скарбы. [«Жабрак»] па абліччы нагадваў нейкага ляснога гнома, і асабліва дзіўна была ў яго сівая бародка. Колас.
[Ням. Gnom.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пратэжы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каму.
Кніжн. Рабіць пратэкцыю каму‑н., апекаваць каго‑н. Бародка адказаў раздражнена і непрыязна: — А вы менш пратэжыруйце — лепш будзе для справы, — і адышоў да іншых знаёмых. Шамякін.
[Ад фр. protéger.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пату́хлы, ‑ая, ‑ае.
1. Які перастаў гарэць, свяціць. Патухлая лямпа. Патухлая зорка. □ Гугновіч увесь час хадзіў за сталом, трымаючы патухлую люльку ў руцэ. Пестрак. // Які перастаў дзейнічаць, функцыяніраваць.
2. перан. Цьмяны, без жыцця (пра вочы, погляд). Бародка сядзеў пануры, маўклівы, змораны на выгляд, з патухлымі вачамі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асало́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Вышэйшая ступень задавальнення, адчування прыемнага. Перайсці ж уброд раку летам — адна асалода. Колас. Сейбіт меў асалоду — Жыта слаўна ўрадзіла! Броўка. Бародка ўзяў са скрыначкі на стале папяросу і моўчкі закурыў, з асалодай зацягнуўся і зажмурыўся, нібы раптам прыдумаў сродак, як абараніцца ад нечаканай навалы. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асе́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Адсутнасць выстралу пры спуску курка ў выніку няспраўнасці зброі або патрона. Тадэўчык.. прыцэліўся і націснуў курок. — Асечка! Порах, мабыць, мокры... Бядуля. // перан. Разм. Няўдача, прамашка ў якой‑н. справе. Відаць, Бародка разлічваў на іншы эфект: па-мужчынску пажартуюць — і ўсё.. Але яўна атрымалася асечка, і Арцём Захаравіч ураз забыўся на кулінарыю, павярнуўся да Лемяшэвіча расчырванелы, калючы. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
1. Незак. да адысці (у 1–6 знач.).
2. Адступаць, змяняць сваё месцазнаходжанне. Каналы збяруць стаячыя балотныя завадзі, .. будзе наступаць чалавек, .. будзе адыходзіць вялікае балота. Самуйлёнак. // Адгаліноўвацца, вылучацца з чаго‑н. агульнага, асноўнага. Дзедаў стажок, вазоў на пяць, стаяў непадалёку ад сядзібы ўскрай балота, ад якога адыходзіла густая бародка нізкарослага хмызу. Колас. Чатыры .. вуліцы, нібы пучок промняў, адыходзілі ад саду. Шамякін.
•••
Што яму (ён, ім) адыходзіць — гэта яму (ёй, ім) не цяжка, гэта для яго (яе, іх) самая дробязь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрыві́цца, скрыўлюся, скрывішся, скрывіцца; зак.
1. Зрабіцца крывым, няроўным; перакрывіцца, выгнуцца. [Лявон:] — Полаз у санак скрывіўся. Жычка. На вуліцы жоўты пясок, Скрывілася хата набок, Яе кулямётныя кулі Навылет, як ветрам, прадзьмулі. Астрэйка. Прыплёўся .. [сабака] з лесу галодны, хворы, з абмарожанымі пярэднімі нагамі, якія пасля скрывіліся так, што было смешна і балюча глядзець, як бяжыць гэтае сабачаня. Ваданосаў. Скрывіўшыся ў сядле,.. [коннік] кінуў каманду назад: — А ну, падцягніся! Лынькоў.
2. Разм. Зрабіць грымасу, міну, якая выказвае незадавальненне, пагарду, боль і інш. — Я нікому не казаў, — закрычаў Міхалка і ад болю ў плячы скрывіўся. Чорны. [Алесь:] — Яшчэ і мой Андрэй напэўна скрывіцца, як даведаецца, што бацька ў сорак пяць гадоў надумаўся ажаніцца. Васілевіч. Бародка зноў спыніўся каля ложка, і твар яго так скрывіўся ад болю і злосці, што Марына спалохалася. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыда́тны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які мае патрэбныя для чаго‑н. якасці; прыгодны. Прыдатны для яды. Прыдатная для апрацоўкі зямля. □ Па яго [дзеда] выходзіла, што кожнае дрэва прыдатнае на што-небудзь адно: вось з гэта[й] сасны вокны б сухія былі. Мыслівец. Іван Маслуда сярдзіта накінуўся на Ігната: — А табе нечага пад’язджаць. Не да усякай справы прыдатны твае жарты. Лынькоў. // Які падыходзіць для каго‑, чаго‑н., адпаведны. Прыдатная кандыдатура. Прыдатны для работы час. □ Каб я зусім не заглух у вёсцы, сябры пачалі клікаць мяне ў Мінск, абяцаючы падшукаць прыдатную работу. Крапіва. Месяцы са два я не вылазіў з дому. Стукацеў на машынцы, кідаўся з кутка ў куток па пакоі, шукаючы прыдатнага слова. Сабаленка. // Здольны, здатны да чаго‑н., на што‑н. Дзед Сёмка маленькі, вяртлявы, Бародка як моху касмык, Прыдатны на смешныя справы. Вядомы дзівак-жартаўнік. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шэф, ‑а, м.
1. Разм. Кіраўнік якой‑н. установы, прадпрыемства і пад. у адносінах да сваіх падначаленых. І я адчуў, што падначаленыя Івану Ігнатавічу рахункаводы — рослая дзяўчына і хлопец з хітрымі вочкамі — не вельмі слухаюць свайго маўклівага шэфа. Хомчанка. Расказваў аб гэтым Максіму старшы сяржант астрожнай службы і шэф усіх надзорцаў у Лукішках Бародка. Машара. // Уст. У Расіі 18–19 стст. — высокая асоба, якая з’яўлялася ганаровым камандзірам вайсковай часці або афіцыйным апекуном вучэбнай установы.
2. (звычайна ў прыдатку). Старшы ў групе асоб аднароднай прафесіі, якія працуюць на адным прадпрыемстве, у адным цэху і пад. Шэф-повар. Шэф-пілот.
3. Асоба, установа ці прадпрыемства і пад., якія шэфствуюць над кім‑, чым‑н. Праз месяц з дапамогай шэфаў Васіль набыў для калгаса трохтонку. Шамякін. Шэфы з горада прывезлі падарункі — для ячэйкі шмат прывезлі кніг. Дудар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пача́цца, ‑чнецца; зак.
1. Пачаць прасцірацца. Павявае ветрык свежы. Але кончыўся прастор, Пачалася Белавежа, Векавечны цёмны бор. Вітка. Вось ужо скончыліся палеткі, пачалася сенажаць. Машына далей ехаць не магла. Марціновіч.
2. Пачаць адбывацца, здзяйсняцца. Самы рух пачаўся тады, як пачынала ўжо ўсходзіць сонца. Колас. Адна за адной пачаліся шалёныя атакі. Мележ. Пачаўся допыт. Хто? Адкуль? Чаму ўзарваў мост? Дзе штаб? Лынькоў. // Адкрыцца, пачаць працу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Так пачалося пасяджэнне прэзідыума Савета дэпутатаў. Чорны. Праўленне адразу ж пачалося бурна. Пянкрат. // Наступіць, настаць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Пачаўся сапраўдны дождж. Кроплі былі буйныя і частыя. Навуменка. Памерла яна [маці] яшчэ тою часінай, Калі толькі трэці пачаўся мне год. Прыходзька.
3. Разм. Пачаць з’яўляцца; абазначыцца. У козліка — рожкі і пад мызачкай ледзь-ледзь пачалася бародка. Брыль. [Гушка:] — Калі пачнецца свая гаспадарка, дык і ты тады парабкоўства кінеш. Чорны. [Бацька:] — А ягад у нашым Варку — хоць вазамі вазі, хутка і грыбы пачнуцца. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)